Спэктакль ідзе па-беларуску з польскімі субтытрамі. Яго стварыў тэатар «Прыехалі». Рэжысэр — Аляксандар Енджэеўскі, які раней працаваў акторам у горадзенскім тэатры лялек. Ён таксама падрыхтаваў сцэнар па кнізе «Чырвоны крыж» Сашы Філіпенкі. Са словаў Аляксандра, сюжэт цалкам супадае з кнігай, усе рэплікі ён браў адтуль жа. «Бласлаўленьне» на спэктакль даў і аўтар «Чырвонага крыжа».
«Калі я яму ўпершыню сказаў, то хачу паставіць спэктакль, ён адказаў: „Толькі не прымушайце мяне пісаць п’есу“. Я яго супакоіў: „Я зраблю гэта сам“. Філіпенка ў гэтым пляне дэмакратычны. Ён сказаў, што калі ягоная кніга выходзіць у жыцьцё, то гэта як дзіця, якое атрымала самастойнасьць, і таму яна жыве як заўгодна, і ён ужо ня мае права кантраляваць яе», — расказвае Енджэеўскі пра перамовы зь пісьменьнікам.
У «Чырвоным крыжы» граюць двое актораў — Настасься Суханосік, былая акторка горадзенскага тэатру лялек, і Васіль Дашкевіч, студэнт Беластоцкай тэатральнай акадэміі і ўнук актора Віктара Дашкевіча зь Віцебску, які ў 2020 годзе стаў першай ахвярай каранавірусу ў Беларусі. Касьцюмы, дэкарацыі і лялькі падрыхтавала мастачка Кацярына Еўдакімава.
Некаторыя рэчы для паказу — напрыклад, друкавальную машынку — купілі на кірмашы старых рэчаў. Прычым выбіралі яе па гуку, які яна здольная выдаваць. Яна стварала значную частку атмасфэры на сцэне. Як і стосы папак з надпісам «Дело», цэп, падвешаны да столі, і маска НКУС. Чырвоны абрус належаў дзеду мастачкі Кацярыны Еўдакімавай, што быў камуністам і за сталом з гэтым абрусам, зь ейных успамінаў, пісаў лісты.
Спэктакль паказвае час сталінскіх рэпрэсій і ягоны ўплыў на цяперашні час, а таксама гісторыю дачыненьняў Савецкага Саюзу і Міжнароднага Чырвонага Крыжа, які прапаноўваў СССР супрацоўніцтва падчас Другой усясьветнай вайны. Драматычную гульню спалучылі з тэатрам лялек і тэатрам ценяў.
Другі паказ пройдзе ўвечары 17 верасьня ў Беластоку. Іншых прадстаўленьняў пакуль не заплянавалі, але тэатар «Прыехалі» гатовы прыехаць таксама ў іншыя гарады і краіны. Спэктакль паставілі за два-тры месяцы пры фінансаваньні Міністэрства культуры Польшчы.
«Пэрыяд сталінскай дыктатуры, якая вяртаецца»
Аляксандар Енджэеўскі расказаў Свабодзе, што думка паставіць такі спэктакль прыйшла яму гады тры таму, калі ён зь сям’ёй зьехаў ад палітычнага перасьледу ў Беласток і тады ж прачытаў раман «Чырвоны крыж». Енджэеўскі яшчэ тады ўбачыў, як яго можна прадставіць на сцэне або зьняць па ім кіно.
«У гэтым творы тэма дыктатараў і дыктатуры вельмі падымаецца. Ты разумееш праз гэтую кнігу цыклічнасьць гісторыі, цыклічнасьць дыктатуры. Гэтая гісторыя пра мінулае знаходзіць водгаласы ў цяперашнім часе», — кажа Енджэеўскі.
Паводле яго, іхні новы спэктакль — пра чалавечы лёс жанчыны, якая нягледзячы на выпрабаваньні, засталася прыстойнай, сумленнай, шляхетнай.
«Некаторыя людзі захоўваюць гэта, нягледзячы на жыцьцёвыя перапетыі. А ёсьць людзі, якія падстройваюцца пад падзеі, пад сыстэму, становяцца шрубкай, мэханізмам, які бесьпярэчна выконвае самыя жахлівыя загады», — камэнтуе суразмоўца.
На думку рэжысэра, гэты спэктакль перагукваецца зь лёсам многіх сучасных беларусаў, якіх арыштоўвалі, разлучалі зь дзецьмі, якія вымушаныя былі зьехаць з Беларусі. Да таго ж гісторыя сям’і Аляксандра блізкая лёсу галоўнай гераіні. Спэктакль рэжысэр прысьвяціў свайму дзеду, які жыў у Горадні і якога ў 1939 годзе расстралялі салдаты Чырвонай арміі. Ягоную бабку з дзецьмі выслалі ў Казахстан, дзе і нарадзіўся бацька Аляксандра. Пасьля сьмерці Сталіна сям’і дазволілі вярнуцца дадому.
«Яны вось так жылі. У іх усё было цудоўна. Яны нікога не чапалі. Але чамусьці хтосьці вырашыў, што іх трэба выгнаць у Казахстан. Бо чалавечыя лёсы вырашаюцца росчыркам пяра, адным ударам друкаркі», — разважае суразмоўца.
Аляксандар успамінае, што ў ягоным дзяцінстве пра гэтую высылку або замоўчвалі, або гаварылі шэптам. Ён жа, як быў дзіцём, не разумеў, чаму езьдзіць на лета да цёткі ў Казахстан, хаця ўся сям’я жыве ў Горадні.
Рэжысэр мяркуе, што іхні спэктакль варта глядзець цяпер, бо людзям варта прыпамінаць пра тое, што было калісьці.
«Мы ў эпоху вялізнай плыні інфармацыі часам забываемся пра глябальныя рэчы. У гэтым выпадку гэта пэрыяд сталінскай дыктатуры, якая вяртаецца. І гэта жахліва. Калі паглядзець на Расею, куды вяртаюцца помнікі Сталіну. Калі паглядзець на Беларусь, дзе зьяўляюцца адэпты Савецкага Саюзу, якія зь пенай у рота кажуць, якая смачная была каўбаса, якія носяць кветкі да помніка Леніна. Гэта вяртаецца», — падзяліўся назіраньнямі суразмоўца.
Пасьля паказу акторы, рэжысэр і гледачы абмеркавалі спэктакль. Аказалася, што падчас працы над ім адмовіліся ад сьпеваў Васіля Дашкевіча, а таксама ад дэкарацый палаючага складу Wildberries у Маскве. Настасься Суханосік прызналася, што адным з самых складаных для яе момантаў у спэктаклі была сцэна гвалту. Васіль Дашкевіч усё ж паспрабаваў засьпяваць хаця б падчас абмеркаваньня. На праглядзе прысутнічалі і беларусы, і палякі. Аляксандар Енджэеўскі таксама падзяліўся думкамі пра тое, што яны ня хочуць быць імігранцкім тэатрам і што адзін з наступных сваіх спэктакляў яны хочуць зрабіць на польскай мове.
Форум