У доўгі сьпіс літаратурнай прэміі для творцаў з краін Цэнтральнай Эўропы Angelus уключылі кнігу Ўладзімера Арлова «Танцы над горадам. Тры аповесьці» ў перакладзе Богдана Задуры на польскую мову і кнігу Сьвятланы Курс (Ева Вежнавец) «Па што ідзеш, воўча?» у перакладзе Малгажаты Бухалік на польскую.
Як адзначаецца на сайце прэміі, у доўгі сьпіс увайшлі творы 14 пісьменьнікаў з Польшчы, Украіны, Босьніі й Герцагавіны, Харватыі, Баўгарыі, Вугоршчыны й Чэхіі.
Кароткі сьпіс прэміі, у якім застанецца толькі сем кніг, абвесьцяць у пачатку верасьня.
Аўтар кнігі-пераможцы атрымае 150 тысяч злотых (прыблізна 40 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС). Па 5 тысяч злотых (амаль 1,5 тысячы даляраў. — РС) таксама атрымаюць усе аўтары, якія трапяць у фінал. Асобна з 2010 году прэмію Angelus прысуджаюць за пераклад на польскую — перакладнік кнігі-пераможцы атрымае 40 тысяч злотых (крыху больш за 10 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС).
Літаратурная прэмія Цэнтральнай Эўропы Angelus прысуджаецца за найлепшую кнігу, апублікаваную на польскай мове за папярэдні год. Выдаўцы могуць намінаваць на яе атрыманьне жывых аўтараў з 21 краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Прэмію ўвасабляе статуэтка анёла.
Адзіным беларускім аўтарам, які атрымліваў літаратурную прэмію Angelus (Angelus), пакуль што была Сьвятлана Алексіевіч. У 2011 годзе яе адзначылі за дакумэнтальна-мастацкі раман «У вайны не жаночы твар».
Яшчэ адна беларуская пісьменьніца Наталка Бабіна з сваёй кнігай «Рыбін горад» уваходзіла ў кароткі сьпіс (таксама ў 2011 годзе). А Саша Філіпенка ў 2020 годзе за кнігу «Вяртаньне ў Астрог» атрымаў спэцыяльны прыз «Выбар чытачоў», які ўручаецца ў выніку онлайн-галасаваньня.
Чаму гэта важна
У Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і масавых акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў пачаліся жорсткія рэпрэсіі. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020-га, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026-га складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца сама меней 869 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.
Незалежныя назіральнікі задакумэнтавалі больш за 6000 парушэньняў культурных і чалавечых правоў, якія закранулі дзеячоў культуры — пісьменьнікаў, музыкаў, выдаўцоў, актораў і мастакоў. Дзясяткі дзеячоў беларускай культуры былі асуджаныя за мінулыя пяць гадоў на турэмнае зьняволеньне або хатні арышт.
Форум