Як расказаў Свабодзе кіраўнік кніжнага выдавецтва Kamunikat Яраслаў Іванюк, у краме Kamunikat.shop можна набыць кнігі ня толькі іхнага выдавецтва, але і іншых: Gutenberg, «Янушкевіч», «Логвінаў», Skaryna Press, «Полацкія лябірынты», «Чабор», Цэнтра беларускай культуры, Музэю Малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах, а таксама грамадзка-культурны тыднёвік беларусаў у Польшчы «Ніва».
«Кожны знойдзе тут нешта для сябе, бо ёсьць мастацкая паэзія, проза, нон-фікшн, гістарычныя працы, дзіцячая літаратура. Беларуская кніга жыве, пакуль ты чытаеш», — расказвае Яраслаў Іванюк.
Крама будзе адчыненая з панядзелка па пятніцу з 15-й да 18-й гадзіны па адрасе Варшаўская вуліца, 1А. Гэта ўжо другая кнігарня Kamunikat.shop. Першая зь вясны працуе ў Варшаве ў Цэнтры беларускай салідарнасьці.
Пасьля адкрыцьця кнігарні прайшла сустрэча з пісьменьніцай беларускага паходжаньня зь Беласточчыны Анэтай Прымакай-Онішк і перакладчыцай Натальляй Русецкай з нагоды выхаду кнігі «Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша» у перакладзе на беларускую мову.
Гэта дакумэнтальны рэпартаж пра гісторыю праваслаўных беларусаў у Польшчы ў пэрыяд пасьля Другой усясьветнай вайны. Яна расказвае пра гвалт з боку польскага антыкамуністычнага падпольля (атрадаў Рамуальда Райса «Бурага» і іншых) у дачыненьні да мірных праваслаўных беларусаў, якіх часам беспадстаўна залічвалі да камуністаў.
«Гэтая кніга, таксама як і „Бежанства“, — гэта гісторыя тваёй сям’і, але ня толькі, бо праз яе ты паказваеш гісторыю беларусаў Беласточчыны. Гэта тое, што ў нас крышку забытае», — адзначыў у пачатку Яраслаў Іванюк, зьвяртаючыся да пісьменьніцы.
«Людзі жывуць у сытуацыі нерасказанай, балючай гісторыі»
Анэта Прымака-Онішк расказала, што ёй было ў пэўным сэнсе прасьцей працаваць над гэтай кнігай, чым над тэмай бежанства 1915 году, бо яшчэ шмат людзей памятала той пасьляваенны пэрыяд.
«Але гэта была балючая памяць. Найбольшы канфлікт памяці паміж польскай і беларускай пэрспэктывай. Тут пасьля вайны суседзі выступілі супраць суседзяў. Мацнейшыя суседзі, то бок большасьць — супраць нашых людзей (беларусаў. — РС). Пасьля гэтага прыйшла стабілізацыя. Усё супакоілася. І людзі па сёньняшні дзень жывуць у сытуацыі нерасказанай вельмі балючай гісторыі», — заўважыла аўтарка.
Яна зьвярнула ўвагу, што калі беларусы на Беласточчыне жылі побач з палякамі, то яны ведалі, што можна публічна гаварыць, а чаго ня можна.
«Каму можна сказаць, што майго дзеда забілі банды, а каму лепей гэтага не гаварыць», — адзначыла яна.
Іванюк заўважыў, што беларусам такая сытуацыя зразумелая на прыкладзе сталінскіх рэпрэсій 1920-1930-х гадоў, калі пра расстрэл кагосьці з родных многія таксама не казалі публічна.
Прымака-Онішк вырашыла адкрыць гэтую скрыню Пандоры, хаця некаторыя гісторыкі казалі ёй, што ня варта гэтага варушыць, лепей забыццца. Пры гэтым пісьменьніца бачыла, што тых, ад каго беларуская меншасьць цярпела, хто забіваў беларусаў на Падляшшы, ушаноўваюць у публічнай прасторы ў Польшчы — маршамі або помнікамі. Адначасна распаўсюджвалася меркаваньне, што калі ў пасьляваенны час антыкамуністычнае падпольле і забівала кагосьці, то гэта былі здраднікі і калябаранты. Урэшце Анэта Прымака вырашыла расказаць сваю гісторыю.
Яраслаў Іванюк прыгадаў на сустрэчы гісторыю зь ягонага роднага мястэчка Бельска на Беласточчыне пра ўплыў рэйдаў, якія праводзілі ў тым ліку атрады «Бурага», падчас якіх таксама забівалі беларусаў.
«Непадалёк ад маёй роднай хаты жыў праваслаўны чалавек, які ніколі па-свойму (на падляскай гаворцы. — РС) не адазваўся і заўсёды ялінку ўпрыгожваў на 24 сьнежня. Мой бацька запытаў: «Слухай, Коля, што ты сабе думаеш? Па-нашаму не гаворыш і на каталіцкія Каляды ялінку ўпрыгожваеш». А ён сказаў па-польску: «Слухай, Коля, калі праз нашу вёску прайшоў „Буры“, то ён нічога не зрабіў. Але ад гэтага часу ніхто ў нас ужо па-свойму не казаў. І ўсе ставілі ёлку на каталіцкія Каляды», — расказаў Іванюк.
Ён таксама зьвярнуў увагу, што да Прымакі-Онішк ніхто з аўтараў на Беласточчыне публічна не ўздымаў гэтую тэму і не ўжываў у друку лексіку, якой карысталіся ў народзе. Не згадваў, што прадстаўнікоў гэтых антыкамуністычных атрадаў людзі, у тым ліку, называлі «бандамі», а мясцовыя палякі называлі беларусаў «кацапамі».
«Пытаньне памежжа заўсёды хвалявала мяне»
Перакладчыца кнігі Натальля Русецкая расказала, што яе часткова выхоўвалі на беларуска-польскім памежжы, калі яна прыяжджала да бабулі ў Горадню. Яны ўлетку хадзілі ў суседнюю вёску да мясцовых гаспадынь па малако.
«І гэта называлася „схадзіць да палякаў“. І сапраўды цётка гаварыла па-польску. Пытаньне памежжа мяне заўсёды хвалявала з таго самага моманту, як цётка мяне ўпершыню забрала ў закрытую яшчэ ў Савецкім Саюзе памежную зону — яна працавала экскурсаводам — у вёску, каторая была на самай мяжы. Хаткі, лясок. Там — ужо Польшча. Я бачу: нічога не мяняецца. Я чакала, што за мяжой адразу будзе нешта ўсё ня наша, усё чужое, так, як расказвала савецкая прапаганда, а тут проста рыска ў полі», — успамінае свой досьвед жыцьця на памежжы Натальля Русецкая.
Другі момант, які паўплываў на ейную зацікаўленасьць памежжам — выпадак у польскай вёсцы ў 1995 годзе. Тады Натальля пачула, як вяскоўцы на лавачцы гавораць «па-нашаму».
«Мы там пад Горадняй хадзілі ў вёску і ламалі языкі, гаварылі па-польску. А тут яны ў Польшчы і па-нашаму гавораць. Гэта было вельмі моцнае зьдзіўленьне. Потым я шмат чытала пра розныя памежжы, дзе так, як торт, не адрэжаш. Яно заходзіць адно на адно», — успамінае выступоўца.
«Мой дзед з боку мамы меў сем грамадзянстваў за сваё жыцьцё», — дадаў пра адметнасьць жыцьця на памежжы Яраслаў Іванюк.
На закіды, што, маўляў, яна ня можа аб’ектыўна напісаць пра гэтую гісторыю Анэта Прымака адказвае, што калі палякі могуць пісаць свой погляд на гэты пэрыяд, то чаму беларусы ня могуць пісаць пра свае перажываньні тых часоў. Пытаньні пра аб’ектыўнасьць яна лічыць маніпулятыўным.
Аўтарка дадае, што яна слухала розныя галасы па гэтай тэме, чытала тое, што раней было напісана пра ўзаемаадносіны палякаў з беларусамі на Беласточчыне ў пасьляваенны пэрыяд, у тым ліку дакумэнты ў архівах. Яна імкнулася глядзець на зьяву шырока і сумленна гэта апісваць. Пісьменьніца падзялілася, што ейнае дасьледаваньне ў выніку аказалася цікавым ня толькі для беларусаў, але і для палякаў.
«Мне было важна напісаць у кнізе, што я беларуска. І расказаць гэтую гісторыю справядліва, але сваім голасам з нашай беларускай пэрспэктывы», — адзначыла Анэта Прымака-Онішк.
«Мяне захапіла тое, наколькі Анэта па-майстэрску спалучыла асабістую шчырасьць з сумленным журналісцкім дасьледаваньнем і працай у архівах. Мы атрымалі гісторыю, якая ўражвае, якая прымушае задумацца», — падсумавала перакладчыца кнігі Натальля Русецкая.
Форум