Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад казак для дарослых да «Сьмерці прапагандыста». Расказваем пра дзесяць беларускіх кніжных навінак

Слухаць
12 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

"Успаміны Францішка Міцкевіча", аўтабіяграфія брата Адама Міцкевіча, па-беларуску выходзіць упершыню
"Успаміны Францішка Міцкевіча", аўтабіяграфія брата Адама Міцкевіча, па-беларуску выходзіць упершыню

Сабралі дзесяць сьвежых кніг на беларускай мове для дарослых і дзяцей, якія ўжо выйшлі або выйдуць неўзабаве.

Лета — час вакацыяў. Але беларускія выдавецтвы працягваюць працу, каб беларусы маглі купляць і чытаць новыя кнігі на роднай мове. Сабралі для вас дзесяць навінак, якія можна будзе пагартаць да надыходу восені.

«Дом, у якім…» Марыям Петрасян

Раман для падлеткаў. Гэта пераклад кнігі армянскай аўтаркі Марыям Петрасян. Раней выйшлі пераклады на ангельскую, італьянскую, гішпанскую, францускую, польскую, украінскую, латыскую, вугорскую, чэскую, баўгарскую і македонскую.

«Гэта раман пра дзіцячы дом для дзяцей з асаблівасьцямі, праблемамі са здароўем, у якім яны ствараюць уласную рэчаіснасьць, каб знайсьці спосаб існаваць у гэтым няпростым сьвеце. Многія падлеткі, якія чыталі гэты раман адразу пасьля выхаду, кажуць, што ён патрэбны ім і цяпер, ён моцна паўплываў на фармаваньне іх як асобаў», — расказвае пра кнігу кіраўніца выдавецтва Gutenberg Валянціна Андрэева.

Валянціна Андрэева
Валянціна Андрэева

Кніга важная для падлеткаў, тлумачыць выдавец. Пасьля яго выхаду зьявілася вялікая субкультура, шмат тэматычных фан-клюбаў і супольнасьцяў.

«Вось ён — Дом. Ува ўсёй красе. Сядзіш і глядзіш у сьцяну або ў столь. Слухаючы музыку ці ня слухаючы. Паміраеш ад нуды і бесьперапынку курыш, каб хоць нечым сябе заняць. А ў гэты час вакол блукаюць зарослыя луской важакі, Дом ставіць ці ня ставіць на цябе сваю метку, адзіны нармальны з выгляду выхавальнік аказваецца вар’ятам, у паветры лунаюць вірусы невядомых навуцы хваробаў, і ўсё гэта ў выніку можа наагул аказацца выдумкамі Шакала, які любіць запалохваць усіх страшнымі гісторыямі», — гаворыцца ў апісаньні раману.

«Я заплятаю косы». Зэйнаб Боладэл

Падлеткавы раман. Адна з трох кніг сучасных ірляндзкіх аўтараў, якія выдавецтва Gutenberg пераклала на беларускую мову. Праект зроблены пры падтрымцы Інстытуту беларускай кнігі і амбасады Ірляндыі ў Вільні.

«Гэта падлеткавы раман пра юную дзяўчыну, якая заканчвае школу. У яе жыцьці зьяўляецца каханьне, дарослыя таямніцы», — расказвае Валянціна Андрэева.

Кнігу перакладала Марына Дзергачова, выпускніца перакладніцкай майстэрні Андрэя Хадановіча.

«Нарэшце наступіла лета, якога Абідэмі чакала так доўга: апошняе перад ад’ездам у каледж! Яна гатовая разьвітацца з школай, вывучыць некалькі новых прычосак і весела пабавіць час зь сяброўкай… і, можа, пэўным хлопцам. Аднак пасьля знаёмства з загадкавай жанчынай зь Нігерыі Абі пачынае бачыць тое, чаго раней не заўважала. Вось-вось ейнае жыцьцё раптоўна зьменіцца, і ёй давядзецца прыняць некалькі няпростых рашэньняў і вызначыцца наноў, кім жа яна хоча быць», — гаворыцца ў апісаньні кнігі.

«Табіта Плімтак і Край сьвету». Эрыка Макган

Фэнтэзійны раман для дзяцей 9–12 гадоў. Гэта другая кніга ў сэрыі твораў сучасных ірляндзкіх аўтараў, якія выдавецтва Gutenberg пераклала на беларускую мову.

«Табіта Плімтак жыве на самым краі сьвету. Капрызьлівыя сваякі выпраўляюць яе штодзень уніз па скале па ежу і іншыя патрэбныя рэчы. Але дзяўчынка гэтым не пераймаецца: у пячорах-кішэньках уніз па схіле жывуць сымпатычныя людзі. А наймілейшы зь іх — спадар Дрыготка, што пасяліўся ніжэй за лінію ценю. Калі ў ваколіцах пачынаюць шырыцца чуткі пра пачвараў, што ўсьпінаюцца на сьцяну з глыбіні, менавіта пра спадара Дрыготку Табіта турбуецца наймацней. Бо там, унізе, хаваецца нешта па-сапраўднаму галоднае», — гаворыцца ў апісаньні кнігі.

Пераклаў раман Андрэй Скурко.

«Мы пазнаёміліся з галоўным рэдактарам выдавецтва на кірмашы ў Франкфурце, завязалі добры кантакт. Было вельмі важна пачуць ад ірляндцаў, што яны разумеюць нашую сытуацыю, што яны за нас заўзеюць. Яны нас усемагчыма падтрымлівалі і адгукаліся на нашыя патрэбы. Мы часта глядзім на перакладныя кніжкі як на магутных сланоў, і мы тут маленькія мурашы. А тут мы працавалі цалкам на партнэрскіх умовах. Мы змаглі плысьці на адной хвалі зь сьветам, зь іншымі выдаўцамі, у якіх няма такіх абмежаваньняў, як у нас», — расказвае аб супрацы з ірляндцамі Валянціна Андрэева.

«Ліс&сын Хвастары». Пэдзі Донэлі

Кніжка-карцінка для малых дзяцей. Гэта трэцяя кніга з сэрыі твораў сучасных ірляндзкіх аўтараў, якія выдавецтва Gutenberg пераклала на беларускую мову. Яна выйдзе неўзабаве.

«Кніжка-карцінка пра сям’ю лісаў, якія знакамітыя тым, што шыюць хвасты для ўсіх зьвяроў, усіх памераў, згодна з усімі патрабаваньнямі. Аднойчы лісаў сын кажа, што хвасты маглі б быць ня толькі такія правільныя, а яшчэ разнастайныя, прыгожыя, яркія, з розных матэрыялаў. Такая прыгожая гісторыя пра самавыяўленьне, пра творчасьць, зь вельмі кляснымі карцінкамі», — расказвае Валянціна Андрэева.

Гэтую кнігу чакаюць, пакуль яна прыплыве з Кітаю. Некаторыя найдаражэйшыя кніжкі выдавецтва Gutenberg друкуе у Кітаі, каб ашчадзіць, тлумачыць кіраўніца выдавецтва.

«Самы зручны спосаб дастаўкі грузу з Кітаю — цягніком, праз Расею і Беларусь. Дагэтуль усё было добра. Апошнім разам, калі мы замаўлялі дастаўку нашага грузу, высьветлілася, што ў Расеі ў санкцыйныя сьпісы на гандлёвае эмбарга ўнесены тавар з таварным кодам для кніжак 49019900. Гэта ўсясьветны код для кніжак. Пад гэтым кодам у сьпіс эмбарга ўнесеныя гелікоптэры. Гэта нонсэнс. Гелікоптэры ніколі ня мусяць кадавацца такім кодам. Якім спосабам яны туды трапілі — гэта нейкае трызьненьне», — расказвае Андрэева.

Яна мяркуе, што кніжкі маглі пераблытаць з гелікоптэрамі праз памылку, бо пад забарону трапляюць таксама інструкцыі для эксплюатацыі гелікоптэраў, то бок кніжкі. У выніку кракаўскае выдавецтва вязе кніжкі з Кітаю морам, не праз Расею. Час такой дастаўкі — каля двух месяцаў.

«Успаміны Францішка Міцкевіча»

Мэмуары. Перавыданьне гістарычнага тэксту, які папярэднім разам выйшаў у 1923 годзе. Разам з польскамоўным арыгіналам выпусьцілі і пераклад на беларускую мову.

«Францішак Міцкевіч — гэта старэйшы брат Адама Міцкевіча, які пражыў 31 год у міграцыі. Пахаваны пад Познаньню, у вёсцы Ражнове. Ён пісаў успаміны пра юнацтва, дзяцінства, калі яны яшчэ жылі ў Наваградку. Высьветлілася, што 150 гадоў прайшло, а амаль нічога не зьмянілася ні ў сусьветнай палітыцы, ні ў адчуваньнях мігрантаў», — расказвае заснавальнік выдавецтва Rozum Media Павал Лягчылаў.

Павал Лягчылаў
Павал Лягчылаў

«Твой анёл». Марыя Навасельска

Казкі для дзяцей беларускай аўтаркі Марыі Навасельскай. Кніга выйдзе неўзабаве.

«Гэта цудоўныя дзіцячыя казкі, напісаныя сучаснай мовай, яны апісваюць сучасны досьвед, а не паўтараюць народныя мудрасьці. Напрыклад, там ёсьць казка пра тое, як анёл ратуе горад ад падзеньня мэтэарытаў, але ты разумееш, што гэта вельмі падобна да цяперашніх дронавых і ракетных атак. Але людзі не разумеюць, навошта прылятаюць камяні з космасу, навошта яны руйнуюць горад. Там ёсьць пазытыўныя казкі пра тое, што трэба сьмела ісьці наперад, верыць у сябе», — расказвае Павал Лягчылаў.

«Чортава дачка». Сяргей Здаранкоў

Казкі для дарослых. «Гэта назва п’есы, якую сёлета паставілі ў Вільні. У кнізе будзе гэтая п’еса і яшчэ некалькі казак для дарослых. „Чортава дачка“ напісаная паводле матываў беларускага фальклёру, там ёсьць чэрці, вадзянкі. Ёсьць пра сьвята Купальле, пра містыку, пра каханьне. У іншых казках дзейныя асобы — гэта часта нейкія рэчы, які нібыта думаюць, дзейнічаюць. Караценькія казачкі, у якіх трэба трошкі паразважаць і знайсьці мараль», — тлумачыць Павал Лягчылаў.

Кніга выйдзе ўвосень.

«Сьмерць прапагандыста». Вольга Валошкіна

Псыхалягічныя апавяданьні. «Гэта будуць тры невялікія філязафічныя, псыхалягічныя апавяданьні, сучасныя, у беларускім кантэксьце. Там будзе зборны вобраз Пеця М., як пішуць у зводках. Шмат што пазнавальна. Змрочная атмасфэра сучаснага Менску вельмі дакладна перададзеная. Гэта сучасная мастацкая літаратура, напісаная на падставе рэчаіснасьці», — расказвае заснавальнік Rozum Media Павал Лягчылаў.

Кніга выйдзе ўвосень.

«Камяні мусілі паляцець». Анэта Прымака-Онішк

Гістарычны рэпартаж. Гэтая кніга апавядае пра пасьляваенны пэрыяд на поўначы Беласточчыны. Пункт выйсьця — сямейная гісторыя аўтаркі.

«Усё пачынаецца з таго, што яе дзед загінуў ад рук польскага ўзброенага падпольля. У той час і пазьней тлумачылася, што польскае незалежніцкае падпольле змагалася з камунізмам, уплывам камунізму сярод беларусаў Беласточчыны. Найважнейшае, што Анэта Прымака дайшла да дакумэнтаў у горадзенскім архіве. Пасьля вайны ад рук польскага незалежніцкага падпольля загінулі толькі праваслаўныя беларусы. Кніга цікавая тым, як гэтую памяць пра трагічныя падзеі пасьляваеннага часу ў польска-беларускіх адносінах стараліся сьцерці», — расказвае пра кнігу дырэктар выдавецтва Kamunikat.org Яраслаў Іванюк.

Яраслаў Іванюк
Яраслаў Іванюк

«Зямля пад шэрымі крыламі».

«Зямля пад шэрымі крыламі». Рэспубліка Беларусь: суіснаваньне і канфлікт аўтарытарнай улады і грамадзянскай супольнасьці (лістапад 1996 — жнівень 2020 гг.)». Віктар Шадурскі

Навукова-палітычная манаграфія. Гэтая кніга — працяг ранейшай публікацыі Віктара Шадурскага «Нараджэньне беларускага Левіяфана. Беларусь ад парлямэнцкай рэспублікі да аўтарытарнага рэжыму (1990–1996)». Віктар Шадурскі — дэкан і прафэсар факультэту міжнародных адносінаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 2021 годзе выступіў супраць жорсткасьці ўладаў у Беларусі. Працуе ў Польшчы.

«Прафэсар Шадурскі падае аналіз ключавых аспэктаў найноўшай гісторыі Рэспублікі Беларусь. Ён паказвае, якім чынам рэжым змагаецца з грамадзянскай супольнасьцю, якім чынам удалося рэжыму Лукашэнкі справіцца з пратэстамі ў 2020 годзе, а пазьней яшчэ больш жорстка расправіцца з удзельнікамі пратэстаў», — расказвае Яраслаў Іванюк.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG