Аргкамітэт прэміі імя Ежы Гедройця абвясьціў доўгі сьпіс твораў, намінаваных у 2026 годзе на адну з найважнейшых літаратурных узнагародаў у беларускай культурнай прасторы. Прэмія адзначае кнігі, што вызначаюцца мастацкай якасьцю і інтэлектуальнай глыбінёй, а таксама акрэсьлівае актуальныя тэндэнцыі разьвіцьця літаратурнага поля.
У сёлетнім сьпісе прэміі імя Ежы Гедройця апынуліся творы розных жанраў і формаў. Адпаведна статуту прэміі журы абрала дванаццаць кніг, выдадзеных у розных краінах і выдавецкіх асяродках.
Інфармацыя пра некаторыя зь іх зашыфраваная дзеля бясьпекі: сапраўдныя імёны аўтараў і назвы твораў ведаюць толькі сябры журы. Гэта вынікае з рэальных умоваў, у якіх ствараецца і распаўсюджваецца сёньня беларуская літаратура, піша Беларускі ПЭН.
Доўгі сьпіс намінантаў
- «Цесьля жыцьця» — Сяргей Дубаўцэвіч (зашыфраваны ўдзел)
- «Пляц» — Зьміцер Залозны (зашыфраваны ўдзел)
- «Проста зь любові. Рэпартэрскія партрэты памяці» — Ганна Кандрацюк (Цэнтар беларускай культуры ў Беластоку, 2025)
- «Халодныя землі» — Аляксандар Карнаўх (Gutenberg Publisher, 2025)
- «Лірнік» — Аляксандар Касьцюковіч (зашыфраваны ўдзел)
- «Эўфарыя» — Марыя Пархімчык (Пфляўмбаўм, 2025)
- «Цягнік да Познаня» — Аляксей Правалоцкі (Gutenberg Publisher, 2025)
- «Радзіна» — Збых Слупоўскі (Галіяфы, Maraton, 2025)
- «Боў і мерць у Хротне» — Дзяніс Трусаў (Kamunikat.org, 2025)
- «Раз два тры чатыры два» — Пётра Ўманскі (RozUM Media, 2025)
- «Пэнтаквантар» (кнігі 1 і 2) — Арцём Шуканаў (Gutenberg Publisher, 2025)
- «Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе» (кнігі 1 і 2) — Макс Шчур (SayBeat, 2025)
У склад публічнага журы ўваходзяць:
- Сяргей Календа — пісьменьнік, культуроляг.
- Сяргей Дубавец — беларускі журналіст і літаратар.
- Яанна Бэрнатовіч — перакладніца, рэдактарка і літаратуразнаўца.
- Сяргей Кавалёў — беларускі драматург, крытык, паэт, літаратуразнаўца.
- Ганна Янкута — пісьменьніца, перакладніца і літаратуразнаўца.
Наступным этапам будзе адбор шасьці твораў у кароткі сьпіс прэміі, а пасьля зь яго будуць абраныя кнігі на першае, другое і трэцяе месцы.
Фінальная цырымонія ўзнагароджаньня адбудзецца 7 лістапада ў Гданьску.
Што трэба ведаць аб прэміі імя Гедройця
Прэмія імя Ежы Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца штогод з 2012 году за найлепшую ў папярэднім годзе кнігу прозы на беларускай мове.
Арганізатарамі конкурсу прэміі выступаюць аб’яднаньне «Беларускі ПЭН» і асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў» пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча і Польскага інстытуту ў Менску.
Мэты прэміі: вызначэньне найлепшых празаічных кніг на беларускай мове; ушанаваньне памяці Ежы Гедройця — публіцыста, палітыка, пасьлядоўнага прыхільніка добрасуседзкіх адносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю, Літвой, Украінай; падтрымка актуальных беларускіх пісьменьнікаў, спрыяньне выхаду іхнай творчасьці на міжнародны ўзровень; спрыяньне паглыбленьню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры, папулярызацыя сучаснай беларускай літаратуры ў Беларусі і Польшчы.
У 2025 годзе прэмію атрымаў Сяргей Дубавец за кнігу «Занзібар. Сталеньне маладой душы».