Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларускім доме ў Вільні пакажуць уратаваную калекцыю паваеннай эміграцыі зь Нямеччыны

Беларускі дом у Вільні. Архіўнае фота
Беларускі дом у Вільні. Архіўнае фота

7 верасьня ў віленскім Беларускім доме (Віленская вул. / Vilniaus g. 20) пачынаецца Тыдзень беларускай культуры.

Кіраўніца Беларускага дому Людвіка Кардзіс паведаміла Свабодзе, што правядзеньне такіх тыдняў для іхнай установы — ужо ўстойлівая і вельмі прыемная традыцыя.

«Чацьвёрты год запар будзем праводзіць Тыдзень беларускай культуры. Зразумела, што гэта вельмі важная імпрэза, цікавая ня толькі беларусам, але і літоўцам, гасьцям Вільні, якія нас наведваюць. Таму нават не было думкі не праводзіць гэты тыдзень зноў», — прызнаецца яна.

Людвіка Кардзіс, архіўнае фота
Людвіка Кардзіс, архіўнае фота

Людвіка Кардзіс адзначыла, што кожны год тыдзень беларускай культуры мае новы фармат. Сёлета каманда Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча, які стала працуе ў Беларускім доме, падрыхтавала праграму новага Тыдня на падставе калекцыі беларускага дзеяча Юрыя Попкі, экспанаты якой увесну папоўнілі калекцыю музэю.

«Цэнтральнай падзеяй будзе выстава ў нас экспанатаў музэю Юрыя Попкі, уратаванага беларусамі і прывезенага зь Нямеччыны. Адпаведна абраная і галоўная тэма Тыдня — гэта спадчына. Тое, што мы захоўваем, губляем, перадаем далей і што застаецца пасьля нас», — удакланіла спадарыня Кардзіс.

Сёлета ў сакавіку ў Вільню зь нямецкага гораду Ляймэн актывісты аб’яднаньня Razam перавезьлі калекцыю беларускага эмігранта Юрыя Попкі, які памёр у Нямеччыне ў 1990 годзе.

Гэтая выдатная калекцыя беларускай спадчыны адметная яшчэ і тым, што яе збору дапамагалі многія вядомыя беларусы. Сярод іх навуковец, прафэсар матэматыкі ўнівэрсытэту ў Мэрылендзе Барыс Кіт; захаваньнем экспанатаў апекаваўся Пётра Садоўскі, былы дэпутат Вярхоўнага Савету і першы амбасадар незалежнай Беларусі ў Нямеччыне.

Зь беларускімі актывістамі працаўнікі Музэю імя Луцкевіча дамовіліся пра сталае экспанаваньне калекцыі Юрыя Попкі ў Беларускім доме, але адразу паказаць наведнікам экспанаты не ўдалося, бо ў рэчах калекцыі знайшлі жука-скураеда (від Anthrenus verbasci. — РС). Давялося зьмясьціць частку экспанатаў у карантын, у тым ліку патрымаць іх у маразільніках. Менавіта гэтая гісторыя падказала арганізатарам сёлетняга Тыдня беларускай культуры галоўную тэму імпрэзы.

«Кожны з нас мае свой асабісты архіў. Гэта фатаздымкі дзядоў і прадзедаў, нейкія рэчы, зьвязаныя з роднымі людзьмі. Вось у мяне ёсьць хустка маёй бабулі — такая вялікая, колішняя. Гэта ўсё мы завём спадчынай. Згодная, што для большасьці беларусаў, якія выехалі з краіны і не маглі ўзяць з сабой гэтыя рэчы, тэма спадчыны вельмі балючая. Але якраз гэтая экспазыцыя дае магчымасьць беларусам у Вільні запоўніць прагал, дакрануцца да агульнай беларускай спадчыны», — мяркуе Людзвіка Кардзіс.

Кіраўніца Беларускага дому нагадала лёс Юрыя Попкі: ён мусіў зьехаць зь Беларусі, куды ня змог вярнуцца да канца жыцьця, але зьбіраў гэтую калекцыю.

«Гэта выдатны прыклад таго, што можна рабіць нават у такіх складаных умовах. Вядома, пройдзе час, людзі вернуцца дамоў, да сваіх архіваў, але на цяперашні час вымушанай эміграцыі такі досьвед — спроба дапамагчы захаваць нашу тоеснасьць», — кажа Людвіка Кардзіс.

Менавіта адкрыцьцём экспазыцыі калекцыі Юрыя Попкі пачнецца Тыдзень беларускай культуры ў Беларускім доме 7 верасьня. Будуць выстаўленыя сабраныя калекцыянэрам беларускі тэкстыль, кнігі, часопісы, паштоўкі, лісты ды іншыя рэчы. Наведнікам будзе прапанавана лекцыя пра тое, як у музэях глядзяць за экспанатамі і як паўтарыць гэты досьвед у сябе дома.

«Ратавалі гэтую калекцыю ўсе. Калі пачулі нашу просьбу аб дапамозе, дык вельмі шмат беларусаў адгукнуліся. Набралі гэтыя рэчы, трымалі іх у лядоўнях, а потым усё вярталі. Такім чынам, да гэтай выставы прычынілася вельмі шмат беларусаў-віленчукоў і мы рады будзем іх пабачыць на выставе. А мэта куратараў выставы — паказаць літаральна ўсё, што мы атрымалі зь Нямеччыны», — расказала Людвіка Кардзіс.

Тэма спадчыны стане асноўнай 9 верасьня, у трэці дзень Тыдня. У Беларускім доме адбудзецца дыскусія з удзелам вядомага літоўскага рэстаўратара, дырэктара віленскага Агенцтва аднаўленьня старога места Юозапаса Блажунаса і беларускага гісторыка, доктара навук Сьцяпана Стурэйкі.

«Гэта будзе дыскусія пра спадчыну. Што пасьля нас застанецца, а што не застанецца. Вечар для тых, хто любіць складаныя пытаньні і складаныя адказы. Вельмі цікавыя суразмоўцы, і думаю, што будзе цікавая размова», — мяркуе Людвіка Кардзіс.

Найбольш насычаная праграма Тыдня беларускай культуры чакае наведнікаў у суботу, 12 верасьня: экскурсія, майстар-кляса вышыванки, дзіцячая майстэрня, кірмаш беларускіх сувэніраў і кніг, канцэртная частка.

«Мікіта Найдзёнаў, беларускі паэт і музыка, выступіць з адмысловай праграмай. Будзе і паэзія, і музыка, і трошкі размоваў. Будзе цікава», — кажа кіраўніца Беларускага дому Людвіка Кардзіс.

Падрабязна з праграмаю Тыдня беларускай культуры можна азнаёміцца тут.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG