Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калекцыя тэкстылю і кніг зь нямецкага Ляймэну прыбыла ў віленскі Беларускі музэй разам з жуком-скураедам

Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча і Цэнтар беларускай супольнасьці й культуры ў Вільні. Архіўнае фота
Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча і Цэнтар беларускай супольнасьці й культуры ў Вільні. Архіўнае фота

Рэдкія рэчы, адзеньне і пэрыёдыку, якімі нядаўна папоўніліся фонды віленскага Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча, музэйнікі змогуць далучыць да экспазыцыі не раней як празь некалькі месяцаў.

Прычыны затрымкі патлумачыла Свабодзе супрацоўніца музэю Паўліна Вітушчанка.

«У рэчах знайшлі шкодніка — скураеда, які асабліва небясьпечны для адзеньня з воўны, але і кнігі ён таксама можа пашкодзіць. Давядзецца рабіць адмысловыя захады абароны», — сказала Паўліна.

Паводле супрацоўніцы беларускага музэю, днямі яна пачала разьбіраць рэчы калекцыі і знайшла ў іх лярвы жука-скураеда (па-лацінску Anthrenus verbasci. — РС). Паўліна Вітушчанка кажа, што ў асаблівай небясьпецы тканыя рэчы, якія цяпер давядзецца адправіць на два тыдні ў маразілку, але гэта ж тычыцца і кніг, якім скураед пагражае зьнішчэньнем аправаў.

Такі бытавы спосаб змаганьня з скураедам, як праньне, для тэкстыльных рэчаў з калекцыі не пасуе, бо можна пашкодзіць фарбы ўзораў, можа завесьціся плесьня, што для музэйных экспанатаў таксама вельмі дрэнна.

Жук-скураед у новых экспанатах Віленскага белоарускага музэя
Жук-скураед у новых экспанатах Віленскага белоарускага музэя

У пачатку красавіка ў музэй зь Нямеччыны прывезьлі дзясяткі скрынак артэфактаў з асабістай калекцыі і архіву беларускага дзеяча Юрыя Попкі, які жыў у нямецкім горадзе Ляймэне і трымаў прыватны беларускі музэй.

Калекцыя эмігранта зь Беларусі пасьля ягонай сьмерці ў 1990 годзе паводле ягонага тастамэнту дасталася гарадзкім уладам і захоўвалася на складзе.

Урэшце калекцыяй заняўся нямецкі грамадзянін беларускага паходжаньня Алесь Маісеенка, які і прывёз яе ў віленскі музэй у мінулым месяцы.

Супрацоўнікі беларускага музэя вельмі ўдзячныя Алесю Маісеенку і за дастаўку калекцыі, і за яе ўратаваньне.

«Ляймэнскія гарадскія улады дэ-факта разбурылі музэй Попкі ў 2015–2017 гадах (дакладны год мы ня ведаем). Экспазыцыю проста ў беспарадку кінулі ў кардонныя скрыні, якія захоўваліся ў вільготных памяшканьнях. І мы вельмі-вельмі ўдзячныя Алесю Маісеенку, бо ён гадамі дабіваўся зьмены сытуацыі з гэтай калекцыяй — і нарэшце дабіўся. І таксама ўдзячныя актывістам арганізацыі RAZAM Deutschland, якія дапамаглі прывезьці рэчы да нас. Бо іначай тыя жукі грызьлі б далей беларускія строі гадамі», — кажа Паўліна Вітушчанка.

Паводле Паўліны Вітушчанкі, музэй ужо шукае магчымасьць арандаваць плошчы ў маразілцы, куды будуць зьмешчаныя рэчы з тэкстылю і кнігі. Гэта будзе каштаваць пэўных грошай, таму шукаюць і грашовых сродкаў. Добра яшчэ, што частка калекцыі Юрыя Попкі не запатрабуе такіх намаганьняў, мяркуе супрацоўніца музэя.

«Там ёсьць іншыя рэчы, напрыклад карэспандэнцыя, плякаты, саламяныя кашы́, якіх ня трэба марозіць. Іх дастаткова проста карантынаваць у вельмі шчыльна закрытых скрынках. Такі карантын патрэбны таму, што хоць там і няма нічога ядомага для нашага жука, але гэта ня значыць, што ён там ня ходзіць, і калі не карантынаваць, то выберацца і знойдзе нешта смачнае з нашай асноўнай калекцыі, чаго мы намагаемся не дапусьціць. У выніку жук, калі ён і там ёсьць, памрэ з голаду. Карантын гэтых рэчаў зойме ня менш за 2 месяцы», — расказала Паўліна Вітушчанка.

Пасьля карантынных захадаў і вопісу рэчаў з калекцыі Юрыя Попкі супрацоўнікі віленскага Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча абяцаюць падрыхтаваць выставу найцікавейшых экспанатаў калекцыі.


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG