Яшчэ напачатку XX стагодзьдзя віленскі беларус Іван Луцкевіч пачаў зьбіраць прадметы старажытнасьці, артэфакты, кнігі і дакумэнты, датычныя беларускай культуры і гісторыі. Паступова ўтварылася калекцыя ўнікальных прадметаў. Вядома, што Максім Багдановіч напісаў свой знакаміты верш пра слуцкіх ткачых, калі пабачыў у зборы Івана Луцкевіча слуцкія паясы.
У 1918 годзе Іван Луцкевіч заўчасна памёр, а ягоную справу працягнуў родны брат — Антон Луцкевіч. У міжваенны пэрыяд Антон Луцкевіч з аднадумцамі дамогся першай рэгістрацыі Беларускага музэю як бюджэтнай установы.
«Гэта ўвогуле быў першы гістарычны музэй у Вільні тых часоў. Сюды з усіх куткоў, у тым ліку з Заходняй Беларусі, прыяжджалі экскурсіі. Плюс музэй стаў сучасным навуковым цэнтрам па вывучэньні беларускай культуры і гісторыі», — азначыў гісторык мастацтвазнаўства Сяргей Харэўскі на сьвяткаваньні ў Беларускім доме.
Пасьля прыходу Саветаў сабраную Луцкевічамі калекцыю падзялілі музэйныя ўстановы Польшчы і Літвы.
«Калі тата вадзіў мяне дзяўчынкай у нацыянальны музэй Літвы, дык паказваў экспанаты зь беларускага музэю, — прыгадала ўнучка Антона Луцкевіча Маргарыта Пярова. — Малая была, не запомніла, на што менавіта паказваў бацька, але дакладна памятаю, што такіх экспанатаў хапала».
Як музэйная ўстанова ўжо ў сучаснай Літве Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча быў зарэгістраваны ў сакавіку 2020 году. Паводле куратаркі музэю Паўліны Вітушчанкі, самакіраваньне літоўскай сталіцы вырашыла падтрымаць арганізацыі этнічных беларусаў і прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў.
Цяпер у музэі некалькі тысяч экспанатаў, якія тычацца гісторыі беларусаў ня толькі віленскага краю Літвы, але і ўсёй Беларусі. Больш за 1300 экспанатаў ужо апісаныя, яшчэ сотні чакаюць сваёй чаргі. Сярод іх ёсьць 5 надзвычай унікальных, распавяла Свабодзе Паўліна Вітушчанка.
1. Ручнік пачатку XX стагодзьдзя з манаграмай
Унікальнасьць гэтай рэчы ў тым, што яе вышыла ўзорам і ўпрыгожыла ўласнай манаграмай жыхарка Вільні Юльяна Менке, зь якой заснавальнік музэю Іван Луцкевіч быў у рамантычных стасунках. Паводле Паўліны Вітушчанкі, музэйнікі не выключаюць, што ручнік быў часткай пасагу Юльяны, якая рыхтавалася да шлюбу з Іванам. Шлюб, аднак, не адбыўся — Іван Луцкевіч заўчасна памёр, а Юльяна Менке, этнічная немка, зьехала зь Вільні. Але яе ручнік захаваўся, і ўжо ў пачатку XXI стагодзьдзя яго перадала ў музэй унучка Антона Луцкевіча Маргарыта Пярова.
Усяго музэйная калекцыя ручнікоў налічвае больш за 30 саматканых вырабаў з розных куткоў Беларусі. Сярод іх ёсьць і ручнік зь міжваеннай калекцыі музэю.
2. Сшытак навучэнца Віленскай беларускай гімназіі
У сшытку заканспэктаваныя лекцыі па «стылістыцы». 14-15 гадовыя навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі вывучалі «Энэіду» Вэргілія і «Боскую камэдыю» Дантэ.
Паўліна Вітушчанка кажа, што гэта «красамоўны паказьнік якасьці тагачаснай адукацыі беларусаў, якія жылі ў Вільні».
Сшытак належаў Янку Тулейку — будучаму беларускаму настаўніку.
«Але сам ён быў зь сіроцкага дому, адтуль яго ў сваю сям’ю ўзялі беларускія настаўнікі Язэп і Надзея Шнаркевічы. Гэта добра паказвае, як віленскія беларусы ставіліся адзін да аднаго, як клапаціліся пра нашчадкаў, — кажа Паўліна Вітушчанка. — Дарэчы, у міжваенны пэрыяд Язэп Шнаркевіч пэўны час адбыў за сваю прабеларускую дзейнасьць у лукіскай турме тут, у Вільні. У нас у архіве ёсьць ягоныя турэмныя лісты, а яшчэ ёсьць рукапісы ягоных перакладаў, зробленых у Лукішках. Гэтыя рэчы перадала ў наш архіў дачка Янкі Ганця».
Паводле куратаркі Беларускага музэю, пра жыцьцё беларусаў у міжваеннай Вільні таксама сьведчаць 8 сшыткаў іншых беларускіх гімназістаў, сотні фатаздымкаў і лістоў, дзясяткі выдадзеных тады кніг, часопісаў і газэт.
У фондзе музэю ёсьць два экзэмпляры часопіса «Шлях моладзі» за 1930 і 1933 гады, якія былі забароненыя польскай цэнзурай, але захаваліся дзякуючы тагачаснаму друкару Янку Багдановічу. Захавалася і падшыўка часопіса «Новы шлях» за 1944 год, у якім друкаваліся ўспаміны пісьменьніка і былога вязьня ГУЛАГу Францішка Аляхновіча.
3. Вытканая ў ГУЛАГу вышыванка «Поўнач»
У 1948 годзе ў лягеры пад Варкутой віленская беларуска Зоя Коўш, якую савецкія спэцслужбы арыштавалі ў акупаваным і падзеленым на зоны Бэрліне, захапілася відовішчам палярнага зьзяньня. Уражаньні ўвасобіліся ў вышыванку, якой цяпер захапляюцца наведнікі музэю.
«Магчыма, перадаць нешта падобнае на палатне патрапіў бы хіба такі мастак сьвятла, як Куінджы, але яму не прыйшло ў галаву ехаць за Палярнае кола, каб маляваць неба. Так яно мяне зачаравала, што прабавала вышыць яго, выцягваючы ніткі для гэтае мэты зь лягернага „вещдовольствия“, рызыкуючы за гэта трапіць у БУР», — напісала ва ўспамінах Зоя Коўш.
«Захапляюся яе прыгажосьцю, дзіўлюся цяжкасьцю гэтай тэхнікі, а яшчэ неверагоднай удачы аўтаркі, бо ў найцяжэйшых лягерных умовах ёй удалося ня толькі вырабіць такую дзіўную рэч, але і захаваць яе ды прывезьці дамоў», — кажа Паліна Вітушканка.
У фондзе ёсьць і іншыя дакумэнтальныя сьведчаньні сталінскіх рэпрэсій, у тымі ліку лягерныя лісты Зоі Коўш і ейнага мужа Аляксандра Кратовіча.
4. Аўдыёкасэта зь першага мітынгу «Талакі» ў Менску
«Сыс. Першы мітынг Талакі. Пляц Волі», — алоўкам пазначыў на касэце адзін з заснавальнікаў «Талакі» Сяржук Вітушка. Мітынг адбыўся ў 1988 годзе. Малады голас на аўдыёстужцы па-беларуску размаўляе з чыноўнікам пра хібы ў пабудове мэтро, даводзіць пазыцыю менчукоў, якія непакояцца за гістарычную спадчыну. У адказ па-расейску гучыць, што праектавальнікі «заўсёды клапоцяцца пра захаваньне гістарычнай забудовы». Людзі абураюцца: «Раней таксама нібыта клапаціліся, а ў выніку куды падзелася Няміга?»
Паводле Паўліны Вітушчанкі, у музэй трапляе ўсё больш матэрыялаў пра той час у гісторыі Беларусі, калі загучаў голас грамадзтва, а беларусы сталі дамагацца свабоды слова і арганізацый, палітычных і чалавечых правоў, а ўрэшце і незалежнасьці краіны. Гэта фатаздымкі, зборнікі публічных выступаў апазыцыйных палітыкаў, газэтныя артыкулы. Інтарэс музэйнікаў непазьбежна распаўсюджваецца і на экспанаты, датычныя падзеяў апошніх гадоў.
5. Турэмныя рэчы Нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага
З 2025 году музэй зьбірае асабістыя рэчы былых палітвязьняў, а таксама дакумэнты ды іншыя сьведчаньні сучасных рэпрэсій супраць беларусаў.
Пачатак калекцыі паклаў збор асабістых турэмных рэчаў праваабаронцы, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Ягоны турэмны кубак, драўляная лыжка, якую палітвязень мусіў заўсёды насіць з сабой, пазамываны за 4 гады няволі ручнік, мыла, кавалак пэмзы, маток туалетнай паперы, якую вязьні, калі трапляюць у ШЫЗА, выкарыстоўваюць як падушку.
«Гэта таксама ўнікальныя экспанаты, вельмі важныя для нас усіх, хаця, калі бярэш іх у рукі, мне асабіста становіцца не па сабе. Цяжкія думкі», — прызнаецца Паўліна Вітушчанка.
Паводле куратаркі музэю, у зборы ўжо ёсьць рэчы іншых палітвязьняў: турэмная торба Мікалая Статкевіча, жоўтая бірка Паліны Шарэнды-Панасюк. «Пакуль рэчы 9 палітвязьняў, але іх будзе больш», — кажа яна.
Ёсьць у музэі і закрыты архіў.
«Сэнс закрытага архіву ў тым, каб зьберагчы экспанаты, якія могуць быць небясьпечныя для тых, хто перадаў такія рэчы на захоўваньне. Дакумэнты, здымкі... Нават не магу называць дакладна, што гэта можа быць. Такая функцыя ёсьць у архіваў ва ўсім сьвеце, мы таксама яе выконваем. Без дазволу ўласьнікаў рэчы з закрытага архіву ня будуць перададзеныя нават дасьледчыкам», — запэўніла куратарка Беларускага музэю.
Форум