Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«СССР як калыска і магіла». Да саракавінаў Сьвятланы Курс апублікавалі ейнае нявыдадзенае эсэ

Да саракавінаў з дня сьмерці беларускай пісьменьніцы Сьвятланы Курс апублікавалі ейнае раней не выдаванае эсэ «СССР як калыска і магіла», піша Reform.news.

Пра публікацыю паведаміла перакладчыца і дасьледчыца Ціна Вюншман , яна ж напісала прадмову да тэксту.

Сьвятлана Курс напісла эсэ ўвосень 2021 году для літаратурнага праекту прадстаўніцтва Фонду Конрада Адэнаўэра, прысьвечанага стагодзьдзю ўтварэньня СССР і 30-годзьдзю ягонага распаду. Да ўдзелу ў праекце былі запрошаныя аўтары з усіх былых савецкіх рэспублік.

У сваім эсэ Сьвятлана Курс спалучае гістарычны аналіз з уласнымі і сямейнымі ўспамінамі, паказваючы, як падзеі ХХ стагодзьдзя сфармавалі жыцьцё людзей у Беларусі і як яны працягваюць уплываць на сучаснасьць.

Даводзячы аповед да падзей 2020 і 2021 гадоў, пісьменьніца ператварае сваю надмагільную прамову па савецкай імпэрыі ў магутнае сьведчаньне пра імпэрскую спадчыну, страх, супольную памяць і чалавечую годнасьць.

У студзені 2022 году Ціна Вюншман, якая на той момант ужо працавала над нямецкім перакладам вядомага раману Сьвятланы Курс «Па што ідзеш, воўча?», пераклала і гэтае эсэ.

Аднак пасьля пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году шмат якія тэксты пра савецкую спадчыну запатрабавалі пераацэнкі і новага кантэксту. Публікацыя была адкладзеная, і пры жыцьці аўтаркі эсэ так і не пабачыла сьвет.

29 жніўня ў праваслаўнай капліцы сьвятога Лявонція Карповіча ў Вільні прайшло малітоўнае ўшанаваньне і вечарына памяці пісьменьніцы.

  • Сьвятлана Курс памерла 19 ліпеня ў Варшаве. Ёй было 54 гады. Больш за год Сьвятлана лекавалася ад анкалёгіі. Яна даведалася пра сваё захворваньне летась увесну, калі рак ужо быў у апошняй стадыі. Лекары тады давалі беларусцы яшчэ менш часу.
  • Самая вядомая кніга Евы Вежнавец (так Сьвятлана падпісвала свае творы), якую пераклалі ўжо на некалькі моваў, «Па што ідзеш, воўча?», выйшла ў 2020 годзе. Аўтарка пісала гэты твор дзесяць гадоў. Столькі ж часу заняла і кніга апавяданьняў «Шлях дробнай сволачы». Накіды да апошняй сваёй кнігі Сьвятлана зьнішчыла перад сьмерцю.
  • Сьвятлана Курс нарадзілася ў вёсцы Загальле на Любаншчыне ў 1972 годзе. Скончыла філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Пісала, супрацоўнічала з «Нашай нівай», «Эўрарадыё», Радыё Свабода, Arche і іншымі выданьнямі. Шмат гадоў жыла ў Польшчы. Працавала з пажылымі людзьмі як сацыяльны работнік. Апошнімі гадамі працавала ў Катынскім музэі ў Польшчы з архівам ахвяраў рэпрэсіяў.
  • У апошні год паміж лекаваньнямі яна ўдзельнічала ў кніжных фэстывалях і публічных сустрэчах, давала інтэрвію. У нейкі момант пісала ў сацыяльных сетках пра паляпшэньне свайго стану. Але сёлета зноў трапіла ў шпіталь. У яе засталіся муж, сын, маці і брат.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG