У жніўні першыя чытачы змогуць атрымаць новую кнігу пісьменьніка Ўладзімера Казлова «Паўднёвы Захад», можна замаўляць папярэдне.
Малады чалавек толькі скончыў унівэрсытэт і працуе журналістам у Менску, на дварэ другая палова 90-х, пераломны час для Беларусі — гэта аснова сюжэту. У кнізе — пошукі сябе, разважаньні аб тым, ці варта заставацца, ці зьяжджаць, і адчуваньне таго часу, калі прастора свабоды ў Беларусі пачала сьціскацца.
Уладзімер Казлоў — аўтар твораў «Гопнікі», «Школа», «Варшава», «Пропс», рэжысэр кінастужак «Лета 1989», «Скура», «Як мы захочам». Пісьменьнік нарадзіўся ў Магілёве, жыў у Менску, у 2000-я перабраўся ў Маскву, а пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну выехаў за межы Расеі і Беларусі. Напярэдадні друку новай кнігі мы распыталі яго пра беларускія 90-я, паварот краіны «не туды» і літаратуру ў эміграцыі.
Пра менскія 90-я
На думку Ўладзімера Казлова, у сярэдзіне 90-х у Беларусі яшчэ заставалася прастора для свабоды, але кола «магчымага» пачынала сьціскацца. Пра гэта, уласна, і напісана ў рамане.
«Ужо была дыктатура, але яна яшчэ не кантралявала ўсе сфэры жыцьця. Напрыклад, у тэлевізіі мог выступаць гурт Neuro Dubel, было магчыма публікаваць у газэце „Имя“ карыкатуры на Лукашэнку. Гэта быў цікавы час, але ён ня надта адлюстраваны ў мастацкай літаратуры, таму мне цікава было расказаць пра гэты час», — прыгадвае пісьменьнік.
Раман «Паўднёвы Захад» аўтабіяграфічны, Уладзімер у сярэдзіне 90-х сам працаваў у ангельскамоўнай газэце, якая часта мяняла назвы: была Minsk Economic News, пасьля Minsk News і пасьля Belarus Тoday.
«У рамане газэта называецца Minsk Times, гэта вельмі аўтабіяграфічны раман, але гэта ня нон-фікшан, гэта аўтафікшан: мікс фікшану і аўтабіяграфіі. Там зьяўляюцца людзі, якія існавалі ў рэальным жыцьці і якія не існавалі. Там згадваюцца вядомыя пэрсанажы: музыкі, на канцэрты якіх ходзіць герой, журналісты, зь якімі працуе герой», — кажа Казлоў.
Іншыя творы пісьменьніка — «Гопнікі», «Пляцкарт» таксама закранаюць постсавецкі пэрыяд. Паводле аўтара, у тыя часы людзі былі сфакусаваныя на сваім прыватным жыцьці, бо тады адкрываліся новыя магчымасьці, а палітыкай цікавіліся ў меншай ступені.
«Зьявіліся магчымасьці вандраваць, зарабляць грошы. Людзі не факусаваліся на нейкіх палітычных пытаньнях. Выбары 1994 году і прыход Лукашэнкі да ўлады — для маладых людзей гэта было ня надта цікава, яны не разумелі, што гэта можа быць вельмі надоўга. Шмат хто казаў у другой палове 90-х, што нешта зьменіцца, калі сыдзе Лукашэнка. Людзі думалі, што ён прабудзе ва ўладзе некалькі гадоў і будзе нешта іншае. Але атрымалася, што 30 гадоў нічога не мяняецца», — разважае суразмоўца.
Уладзімер Казлоў зважае, што рэпрэсіі перш пачаліся ў Беларусі, і ўжо пасьля ў Расеі іх пачалі таксама выкарыстоўваць як палітычны інструмэнт.
«Вядома, Расея шмат чаго ўзяла ў аўтарытарнай Беларусі, бо аўтарытарны рэжым у Беларусі ўстанавіўся ў сярэдзіне 90-х. У Расеі ў палітыцы ў нулявыя ўжо былі непрыемныя рэчы, ужо прыйшоў да ўлады Пуцін, але гэта была яшчэ даволі свабодная краіна ў параўнаньні зь Беларусьсю. Гэты досьвед, які можна было здабыць у Беларусі, Расея прымала. Яны бачылі, што магчыма зьмяніць Канстытуцыю і застацца ва ўладзе, што пратэсты на вуліцы можна жорстка душыць, тады людзі больш ня будуць выходзіць. Сьпярша я бачыў, як гайкі закручваліся ў Беларусі, а пасьля, калі пераехаў у Расею, бачыў гэта і там», — прыгадвае пісьменьнік.
Пра цэнзуру і сучасную Беларусь
Да 2020-га году Беларусь сваёй палітычнай мадэльлю нагадвала часы позьняга СССР, мяркуе пісьменьнік, але цяпер параўнаньні з позьнім савецкім часам будуць не на карысьць сучаснай Беларусі.
«Адбываецца мікс: з аднаго боку, палітычная сыстэма Беларусі вельмі савецкая, але эканамічна яна больш капіталістычная. У мяне была гіпотэза, што сучасная Беларусь — гэта рэфармаваны СССР, які спрабавалі зрабіць камуністы на чале з Гарбачовым, якія верылі, што гэтая сыстэма яшчэ можа існаваць. Аднак пасьля рэпрэсіяў 2020-га гэта было ўжо іншае, бо такога не было ў позьнім СССР. Улады Беларусі стварылі нейкі прэцэдэнт, які робіць параўнаньні з савецкім часам недакладнымі», — гаворыць суразмоўца.
Калі ў СССР агулам была беларуская літаратура, то, няхай сабе яна была падцэнзурная, улады імкнуліся яе падтрымліваць, працягвае Казлоў. А цяпер у сучаснай Беларусі няма сваіх Купалы і Коласа, дадае пісьменьнік.
«Пісьменьнікі ў СССР і літаратура наагул успрымалася як нешта вельмі важнае ў пляне прапаганды. Таму адносіны да пісьменьнікаў шмат гадоў захоўваліся на ўзроўні, калі нават літаратура пачала страчваць уплыў. Была інэрцыя. Нават у 80-я гады былі пісьменьнікі і паэты, якіх не чапалі, якія маглі вандраваць і рэпрэзэнтаваць СССР у іншых краінах. А сучасныя ўлады Беларусі гэтага не разумеюць, для іх прапагандысты — гэта тыя, хто працуе на тэлевізіі, ці блогеры. Яны не ўспрымаюць пісьменьнікаў як рэсурс, які можа ім быць карысны», — заўважае Казлоў.
Што да камісіі, якая прызнае «экстрэмісцкімі» культурныя прадукты ў Беларусі, то Уладзімер Казлоў лічыць яе «канвэерам», дзе людзі не заглыбляюцца ў прадукт, на які навешваюць нейкі статус.
«Яны маюць дапамогу ў выглядзе ШІ, гэта адбываецца фармальна. ШІ проста рэагуе на нейкія словы ў кнізе, у фільме. Гэта наагул глупства, ніхто ня ведае, што такое „экстрэмізм“. Таму ўсё, што не падабаецца ўладам ці здаецца сумнеўным, прызнаецца „экстрэмізмам“. Гэтае слова ўжо страціла сэнс. Улады ня думаюць, што мы жывем у эпоху тэхналёгіяў, што кожнага жыхара Беларусі немагчыма прымусіць дэманстраваць, што ў яго на кампутары ці смартфоне. Няма ж праблемы спампаваць гэтыя тэксты. Не ўяўляю, што сілавікі будуць прыходзіць дадому да рандомных людзей і глядзець, што ў іх ёсьць на кампутары», — мяркуе пісьменьнік.
І ўнутры Беларусі проста зараз могуць нараджацца цікавыя творы, але пакуль гэта праца ў андэрграўндзе, зьвяртае ўвагу суразмоўца.
«У савецкія часы таксама ў андэрграўндзе ствараліся цікавыя рэчы, але тады не было такой магутнай хвалі эміграцыі, калі зьехалі вельмі шмат пісьменьнікаў, мастакоў, іншых творчых людзей. Таму тут цікавы і працэс, які адбываецца па-за межамі Беларусі, і працэс унутры самой краіны. І тое, і тое хай працягваецца, і тое, і тое цікавае. Аднак калі шырокае кола чытачоў і слухачоў зможа пабачыць тое, што проста цяпер ствараецца ўнутры краіны, мы ня ведаем», — адзначае пісьменьнік.
Пра літаратуру ў эміграцыі
У эміграцыі стала выходзіць больш кніг беларускіх аўтараў, мяркуе Ўладзімер Казлоў.
«Калі рэжым дазваляў нейкія праявы свабоды да 2020-х, гэта ўсё адно была не такая свабода і не такія магчымасьці, якія цяпер маюць выдаўцы і аўтары. Існуюць, вядома, праблемы, бо яны могуць прадаваць свае кнігі толькі за межамі Беларусі. Выдаўцы цяпер выдаюць шмат кніг, і гэта добра. Літаратура існуе абсалютна розная», — разважае пісьменьнік.
Пры гэтым зацікаўленьні беларусаў унутры краіны і за яе межамі могуць быць рознымі, адзначае суразмоўца.
«Людзі ў Беларусі знаходзяцца ў расейскай культурнай парадыгме, яны чытаюць кнігі, якія адтуль прыходзяць, глядзяць расейскія фільмы і сэрыялы. Кнігі беларускіх выдавецтваў адправіць у Беларусь вельмі цяжка, нейкую кнігу могуць прызнаць „экстрэмісцкай“. Людзі, якія выехалі зь Беларусі, усё ж больш арыентуюцца на глябальную, інтэрнацыянальную культуру. І тая беларуская літаратура, якая выходзіць за мяжой, сваім падыходам, сваёй стылістыкай заходняя, інтэрнацыянальная», — гаворыць пісьменьнік.
Цяпер для кнігі варта мець добры маркетынг, але тут трэба шукаць балянс, мяркуе пісьменьнік.
«Калі з маркетынгу наагул зьнікае кніга і зьмест, то гэта таксама нядобра. Для мяне кніга ўсё ж нешта большае, чым камэрцыйны прадукт, калі ўся ўвага скіраваная на прамоўшан уласнага брэнду, то дзе там месца для літаратуры? Кнігі павінны прадавацца. Калі нешта залежыць ад мяне — я буду нешта рабіць, каб кнігі прадаваліся лепш. Але я ня буду сядзець і думаць, што калі я напішу вось такую кнігу, яна будзе больш цікавая, больш папулярная, лепш будзе прадавацца. Не, гэта табу. Свабода тут для мяне важная. Памылковы падыход для мяне, калі пра кнігу думаюць выключна катэгорыямі накладу ці прыбытку», — зазначае Казлоў.
Пра беларускае кіно ў Беларусі і эміграцыі
Уладзімер Казлоў некалькі гадоў займаўся праектам Belarusian Filmmakers’ Network — гэта ініцыятыва, якая дапамагае аўтарам кіно. Паводле яго, цяпер шмат беларусаў маюць цікавыя ідэі ў гэтым пляне, бо маюць мастацкую свабоду. У Беларусі ж пад крылом дзяржавы цікавы праект зрабіць немагчыма, заўважае рэжысэр.
«Калі ты працуеш у дзяржаўнай структуры — з гэтымі абмежаваньнямі такое немагчыма. Ну глядзіце, амаль за 30 гадоў нічога цікавага гэтая дзяржаўная індустрыя не зрабіла, усе цікавыя праекты, напрыклад, Андрэя Кудзіненкі, былі зробленыя па-за гэтай сыстэмай. Вядома, яны будуць рабіць усю гэтую прапаганду, але цікава гэта не атрымаецца», — кажа Казлоў.
Суразмоўца адзначае, што і тэма 2020 году яшчэ ня вычарпана, але і факусавацца толькі на гэтай тэме ня варта.
«Магчыма, праект пра 2020 год лягчэй атрымае фінансаваньне і падтрымку, але гэта тонкая мяжа паміж каньюнктурай і шчырасьцю. Фільммэйкеры і фільммэйкеркі павінны глядзець шырэй і шукаць таксама іншыя тэмы, не факусавацца толькі на гэтых падзеях», — мяркуе суразмоўца.
Цяпер у кіно ўжо можна выкарыстоўваць штучны інтэлект, але цалкам актораў ён пакуль ня можа замяніць, зважае Казлоў.
«У нас была лябараторыя кіно штучнага інтэлекту, мы тэставалі нейкія інструмэнты ШІ для кіно. Зараз гэта не працуе ў той ступені, каб можна было зрабіць поўны мэтар без актораў і толькі з ШІ, але ў будучыні гэта магчыма. Наагул тое, што для кіно трэба шмат грошай — гэта міт. Напрыклад, фільм Юрыя Сямашкі „Лебядзіная песьня Фёдара Озерава“, які трапіў на „Бэрлінале“, меў бюджэт у некалькі тысяч даляраў. Усё магчыма, калі маеш ідэі», — прыводзіць прыклад суразмоўца.
Форум