Як паведаміў «Позірк», маторны алей, авіябілеты і жывыя зрэзаныя кветкі сталі лідэрамі па падаражэньні ў жніўні 2026 году сярод паслуг і несэзонных тавараў. Рост цэнаў на іх склаў 13,41%, 6,41% і 4,98% адпаведна.
Пра гэта сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз зьвестак Белстату.
Як зьмяніліся цэны за жнівень
У цэлым за мінулы месяц спажывецкія цэны зьнізіліся на 0,08%, паводле зьвестак Белстата, якія даступныя Позірку.
Найбольш прыкметна зьнізіліся цэны на соль (-4,48%), абед у сталовай (-4,22%), кансэрваваныя таматы (-2,18%), кексы, рулеты, бісквіты (-1,93%) і чорная гарбата.
Сярод сэзонных прадуктаў у жніўні найбольш патаньнелі морква (-36,78%), бульба (-36,72%), буракі (-31,97%), белакачанная капуста (-28,80%) і памідоры (-22,66%).
У топ-5 па падаражэньні сярод несэзонных тавараў: кефір (+4,05%), ражанка (+4,02%), філе рыбы (+3,31%), жавальная гумка (+2,78%).
Як зьмяніліся цэны з пачатку 2026 году
За восем месяцаў 2026 года спажывецкія цэны ў Беларусі вырасьлі на 3,12%. Сярод несэзонных харчовых тавараў апераджальнымі тэмпамі расьлі цэны на марожаную рыбу (траска, скумбрыя) — на 14,44%, соду — на 10,46%, воцат — на 10,28%, беларускія цыгарэты з фільтрам — на 10,09). Сярод сэзонных харчовых тавараў лідэрамі па падаражэньні сталі цыбуля (35,51%), буракі (25,57%), морква (21,32%), авакада (19,27%) і бульба (14,88%).
Цэны на нехарчовыя тавары вырасьлі ў сярэднім за 8 месяцаў на 2,79%. У топ-5: запалкі (+27,81%), флэш-назапашвальнікі USB, карты памяці (+26,25%), пэрсанальныя кампутары, ноўтбукі (+16,55%), жаночыя зімовыя боты (+15,54%) і мужчынскія боты, чаравікі на футры (+14,23%).
Паслугі з пачатку года падаражэлі на 7,64%. Больш за ўсё падаражэлі білеты на прыгарадныя электрацягнікі эканом-клясы (электрычкі) — на 26,79% і прыгарадныя аўтобусы — на 25,88%.
У першай пяцёрцы таксама тарыфы на абыходжаньне з цьвёрдымі камунальнымі адходамі (+25,14%), білеты на міжнародныя цягнікі (+25,04%) і перасылка простых лістоў да 20 г (+20,95%).
Патаньнелі з пачатку году толькі білеты ў цырк (-7,48%) і рытуальныя паслугі (-0,53%).
Чаму гэта важна
Падвышэньне цэнаў на базавыя прадукты і паслугі, ад якіх нельга адмовіцца, б’е па гаманцы найбяднейшых групаў насельніцтва — пэнсіянэраў, а таксама малазабясьпечаных сем’яў зь дзецьмі. Для іх інфляцыя адчуваецца значна вышэйшай за афіцыйную лічбу.
Прагноз інфляцыі ў Беларусі ад Эўразійскага банку разьвіцьця (ЭАБР) — 5,8% за год. Прырост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) банк прагназуе на ўзроўні 1,3%, а курс беларускага рубля — 3 рублі за даляр.
Але гэты прагноз актуальны пры ўмове запаволеньня інфляцыі ў Расеі і працягу адміністрацыйнага рэгуляваньня цэн. Тымчасам у Расеі інфляцыя ўзмацнілася ў сувязі з паліўным крызісам.
У ЭАБР мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі паскорыць перанос ціску цэнаў з Расеі і дэфіцыт працоўных рэсурсаў.
Паводле прагнозаў ураду Беларусі, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.
Раней улады прызналі, што летась інфляцыя перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам, — 5 працэнтаў. Рэальная інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%.
Форум