Як паведаміў Белстат, у жніўні 2026 году ў параўнаньні зь ліпенем у Беларусі назіралася дэфляцыя — цэны за месяц зьменшыліся на 0,1 працэнтнага пункта.
Як вынікае са зьветсак Белстату, зьніжэньне цэн адбылося за кошт гародніны «баршчавога набору», які ў мінулыя месяцы істотна даражэў.
- Так, за месяц бульба патаньнела з 2,19 да 1,36 рубля за кіляграм,
- капуста — з 1,65 да 1,17 рубля за кіляграм,
- буракі — з 2,3 да 1,5 рубля за кіляграм,
- морква — з 2,78 да 1,63 рубля за кіляграм,
- цыбуля — з 2,52 да 2,27 рубля за кіляграм.
Агулам прадукты харчаваньня патаньнелі на 0,8 працэнта.
Прамысловыя тавары і паслугі працягваюць даражэць — на 0,5 і 0,3 працэнтнага пункта на працягу жніўня.
Агульная інфляцыя ў Беларусі з пачатку 2026 году склала 3,1%.
У жніўні Белстат фіксаваў, што з пачатку году бульба падаражэла на 81,6%, цыбуля — на 44,3%, буракі — на 84,6%, а морква — на 91,9%.
Чаму гэта важна
Падвышэньне цэнаў на базавыя прадукты і паслугі, ад якіх нельга адмовіцца, б’е па гаманцы найбяднейшых групаў насельніцтва — пэнсіянэраў, а таксама малазабясьпечаных сем’яў зь дзецьмі. Для іх інфляцыя адчуваецца значна вышэйшай за афіцыйную лічбу.
Прагноз інфляцыі ў Беларусі ад Эўразійскага банку разьвіцьця (ЭАБР) — 5,8% за год. Прырост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) банк прагназуе на ўзроўні 1,3%, а курс беларускага рубля — 3 рублі за даляр.
Але гэты прагноз актуальны пры ўмове запаволеньня інфляцыі ў Расеі і працягу адміністрацыйнага рэгуляваньня цэн. Тымчасам у Расеі інфляцыя ўзмацнілася ў сувязі з паліўным крызісам.
У ЭАБР мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі паскорыць перанос ціску цэнаў з Расеі і дэфіцыт працоўных рэсурсаў.
Паводле прагнозаў ураду Беларусі, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.
Раней улады прызналі, што летась інфляцыя перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам, — 5 працэнтаў. Рэальная інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%.