Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі істотна падаражэў «баршчавы набор», нягледзячы на новы ўраджай гародніны

Буракі ў краме. Архіўнае фота
Буракі ў краме. Архіўнае фота

Інфляцыя ў Беларусі застаецца ў межах прагнозу ўраду, але некаторыя базавыя прадукты працягваюць імкліва даражэць.

У прыватнасьці, гародніна з так званага «баршчавога набору», нягледзячы на зьяўленьне на прылаўках прадукцыі новага ўраджаю, даражэе высокімі тэмпамі.

Так, паведамляе Белстат, за адзін толькі ліпень бульба падаражэла на 10%, цыбуля рэпчатая на 16,7%, буракі на 58%, а морква на 20%.

Усяго ж з пачатку году бульба падаражэла на 81,6%, цыбуля — на 44,3%, буракі — на 84,6%, а морква — на 91,9%. Агулам жа, згодна з Белстатам, цэны на харчаваньне ў студзені–ліпені падняліся толькі на 1,5%. Некаторыя прадукты патаньнелі — яйкі, рыс, яблыкі, цытрусавыя і бананы.

Падобная сытуацыя з паслугамі. Агулам за 7 месяцаў яны падаражэлі на 7,3%. Але ня ўсе паслугі даражэлі аднолькава. Паслугі ЖКГ падаражэлі на 11%, пасажырскага транспарту — на 12%, дашкольных установаў — на 14,8%. Амаль не даражэлі вышэйшая і сярэдняя спэцыяльная адукацыя, сувязь.

Інфляцыя ў Беларусі за 7 месяцаў 2026 году склала 3,2%.

Чаму гэта важна

Падвышэньне цэнаў на базавыя прадукты і паслугі, ад якіх нельга адмовіцца, б’е па гаманцы найбяднейшых групаў насельніцтва — пэнсіянэраў, а таксама малазабясьпечаных сем’яў зь дзецьмі. Для іх інфляцыя адчуваецца значна вышэйшай за афіцыйную лічбу.

Прагноз інфляцыі ў Беларусі ад Эўразійскага банку разьвіцьця (ЭАБР) — 5,8% за год. Прырост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) банк прагназуе на ўзроўні 1,3%, а курс беларускага рубля — 3 рублі за даляр.

Але гэты прагноз актуальны пры ўмове запаволеньня інфляцыі ў Расеі і працягу адміністрацыйнага рэгуляваньня цэн. Тымчасам у Расеі інфляцыя ўзмацнілася ў сувязі з паліўным крызісам.

У ЭАБР мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі паскорыць перанос ціску цэнаў з Расеі і дэфіцыт працоўных рэсурсаў.

Паводле прагнозаў ураду Беларусі, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.

Раней улады прызналі, што летась інфляцыя перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам, — 5 працэнтаў. Рэальная інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%.


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG