Намесьнік міністра гандлю і антыманапольнага рэгуляваньня Алег Дзікун прызнаў, што пасьля таго як урад «адпусьціў» цэны на шэраг тавараў, яны пачалі імкліва расьці.
У інтэрвію дзяржаўнаму выданьню «Рэспубліка», Алег Дзікун заклікаў гандаль і пасярэднікаў не падвышаць цэны на тавары, якія былі выведзеныя з-пад дзяржаўнага рэгуляваньня.
«Бо ёсьць выпадкі, калі на фоне павышэньня надбавак цана вырастае на роўным месцы. Напрыклад, павараная харчовая соль ужо больш за сем месяцаў за рамкамі пастановы Саўміна № 713 „Аб сыстэме рэгуляваньня цэнаў“. І з пачатку года яна падаражэла на 13,9 працэнта — найперш за кошт павелічэньня гандлёвых надбавак і надбавак імпарцёраў. Рэкамэндуем гандлю прымяняць надбаўкі на адчувальныя для насельніцтва тавары, якія пайшлі з рэгуляваньня, не вышэйшыя за тыя, што былі ўстаноўлены пры рэгуляваньні», — заявіў Дзікун.
У кастрычніку 2022, у сьпіс рэгуляваных уваходзілі больш за 200 пазыцый. З цягам часу сьпіс тавараў, цэны на якія рэгулююцца, зьмяншаўся.
Пасьля апошняй карэкціроўкі ў ліпені гэтага года ў сьпісе засталося 76 пазыцый — асноўныя прадукты харчаваньня і адзеньне і абутак для самых маленькіх дзяцей.
Практычна цалкам выключана нехарчовая група, а зь нехарчовых тавараў засталіся толькі тавары сацыяльнай патрэбы.
Як паведаміў тады ўрад, з цэнавага рэгуляваньня выключылі малако, кефір, сьмятану ў шкляной тары, карамэль, жавальную гумку, экзатычныя цытрусавыя плады й іншае. Зьменены памер гранічных надбавак на асобныя імпартныя і айчынныя тавары (малако, кефір, сьмятана, гарбата чорная і зялёная).
Чаму гэта важна
Паколькі са сьпісу рэгуляваных у ліпені выведзеная значная частка тавараў, асабліва прамысловых, гэта можа стаць дадатковым стымулам для інфляцыі.
Фактычна ўрад Беларусі адступае ад заяўленых раней захадаў у барацьбе з інфляцыяй. Звужэньне рэгуляваньня цэн азначае, што ўрад упэўнены ў тым, што інфляцыя не дасягне заяўленага паказьніку ў 7%.
Гэта сьведчыць таксама, што ўрад ня бачыць магчымасьці рэгуляваць цэны ва ўмовах імпарту інфляцыі з Расеі. Там праз украінскія атакі на НПЗ рэзка падаражэў бэнзін, а за ім вырасьлі і лягістычныя выдаткі.
У гэтай сытуацыі цэны на расейскія тавары, якія ўжо занялі значную частку беларускага спажывецкага рынку, будуць расьці, і абмежаваць іх — гэта значыць стварыць пэўны дэфіцыт на паліцах беларускіх крамаў.