Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад агучыў эканамічныя пляны на 2027 год: рост даходаў насельніцтва запаволіцца

Дом ураду ў Менску. Архіўнае фота
Дом ураду ў Менску. Архіўнае фота

Міністэрства эканомікі прэзэнтавала праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2027 год.

Як паведаміў у тэлеграм-канале ўраду Беларусі міністар эканомікі Юры Чабатар, налета прырост рэальнай заработнай платы і даходаў прагназуецца на ўзроўні каля 3%.

«Усясьветны валавы ўнутраны прадукт запавольваецца, і пра гэта сёньня гавораць усе агенцтвы, нашы асноўныя гандлёвыя партнэры зьніжаюць свае плянкі росту. Мы на гэта таксама рэагуем. Мы арыентуемся на гэта», — заявіў Чабатар.

Паводле яго, задача ўраду — паскорыць інвэстыцыйны праграмы, каб абнавіць асартымэнт і прадаваць прадукцыю на экспарт.

Прырост экспарту плянуецца на ўзроўні 2,9%, але ў асноўным ён адбудзецца за кошт экспарту паслугаў, паведаміў міністар. Заплянавана, што аб’ём паслугаў вырасьце на 4% дзякуючы турызму і ІТ.

Рост інфляцыі ў 2027 годзе прагназуецца на ўзроўні каля 6%.

У 2027 годзе таксама плянуюць павялічыць будаўніцтва жыльля — каля 4 млн. квадратных мэтраў, зь іх амаль мільён — арэнднага. За першыя паўгоду 2026 году ўвялі ў эксплюатацыю 1,6 млн квадратных мэтраў жыльля, з іх арэнднага — 195 тысяч квадратных мэтраў.

Чаму гэта важна

Пляны ўраду Беларусі на 2027 год значна сьціплейшыя ў параўнаньні з тым, што плянавалі на 2026 год.

За першае паўгодзьдзе 2026 году, згодна Белстату, рэальныя даходы насельніцтва падняліся на 7,9%, рэальныя заробкі — на 7,5%.

Інфляцыя за паўгоду склала 2,95%, экспарт за 5 месяцаў павялічыўся на 11,7%.

27 ліпеня Белстат апублікаваў справаздачу аб выніках беларускай эканомікі за паўгоду і паведаміў пра тэндэнцыю, якая хутка стане бачнай на прылаўках крамаў: гуртовыя цэны тавараў павысіліся на 13,2%. Гэта значыць, у крамах неўзабаве зьявіцца значна даражэйшы тавар.

Што з інфляцыяй

Прагноз інфляцыі ў Беларусі ад Эўразійскага банку разьвіцьця (ЭАБР) — 5,8% за год. Прырост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) банк прагназуе на ўзроўні 1,3%, а курс беларускага рубля — 3 рублі за даляр. У ЭАБР мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі паскорыць імпарт ціску цэнаў з Расеі і дэфіцыт працоўных рэсурсаў.

Але гэты прагноз актуальны пры ўмове запаволеньня інфляцыі ў Расеі і працягу адміністрацыйнага рэгуляваньня цэн. Тымчасам у Расеі інфляцыя ўзмацнілася ў сувязі з паліўным крызісам.

Паводле прагнозаў ураду Беларусі, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.

Раней улады прызналі, што летась інфляцыя перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам, — 5 працэнтаў. Рэальная інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніцаў, склала 6,8%.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG