«Вялікая вайна» на парадку дня
Пытаньне пра пэрспэктывы вялікай вайны ў Эўропе набывае ўсё большую актуальнасьць. Бо вайна Расеі супраць Украіны працягваецца, а рызыка яе далейшай эскаляцыі захоўваецца.
Шэраг эўрапейскіх урадаў і спэцслужбаў называюць дзеяньні Расеі супраць краінаў Эўропы элемэнтамі гібрыднай вайны. Паводле дадзеных заходніх спэцслужбаў, інтэнсіўнасьць антыэўрапейскіх крокаў РФ рэзка вырасла апошнімі гадамі. Гэта дывэрсіі, падпалы, пашкоджаньне інфраструктуры, запуск дронаў над стратэгічнымі аб’ектамі Нямеччыны, Нарвэгіі, Бэльгіі, Даніі, кібэратакі, глушэньне сыгналаў GPS над Балтыйскім рэгіёнам і Усходняй Эўропай, умяшаньне ў выбары, стварэньне штучных міграцыйных крызісаў і інш.
Якая верагоднасьць «гарачай вайны» на тэрыторыі Эўразьвязу? Цяпер згаданая праблема актыўна абмяркоўваецца на палітычным, экспэртным узроўні, у мэдыя. Напрыклад, як піша брытанская газэта The Guardian, менавіта пра гэта гаварылі вайсковыя экспэрты і чыноўнікі падчас закрытай дыскусіі ў Рыме, арганізаванай Мюнхэнскай канфэрэнцыяй па бясьпецы.
Ці непазьбежная вайна?
Гэтаму пытаньню быў прысьвечаны і беларуска-ўкраінскі вэбінар «Эўропа: у цені Вялікай вайны», арганізаваны Ukrainian Prism сумесна з Розай Турарбекавай 8 верасьня.
Удзельнікі вэбінару, які праходзіў паводле Паводле правілаў Chatham House, удзельнікі сустрэчы могуць выкарыстоўваць атрыманую на ёй інфармацыю, але ня могуць раскрываць, хто менавіта яе агучыў, не спрачаліся з тэзісам, што Расея рыхтуецца да патэнцыйнага канфлікту з эўрапейскімі краінамі.
Усе згодныя, што РФ рыхтуецца. Але ад падрыхтоўкі да вайны з Эўропай да рэальных ваенных дзеяньняў існуе пэўная дыстанцыя.
Украінскія экспэрты былі больш схільныя лічыць «вялікую вайну» ў Эўропе імавернай. Паводле іх, гэта пытаньне часу. Стаіць дылема не паміж вайной і мірам, а паміж вайной сёньня ці заўтра. Падчас дыскусіі прагучала меркаваньне, што палітычнае рашэньне аб магчымай вайне супраць Эўропы ў Расеі ўжо прынятае. І ў рамках гібрыднай вайны Расея правярае межы дазволенага. Маўляў, вось учынім яшчэ адну дывэрсію і паглядзім, як адрэагуе Захад.
Прычым, экспэрты згодныя з тым, што ў Расеі няма рэсурсаў для перамогі ў поўнамаштабнай вайне з NATO нават без удзелу ЗША. Таму з рацыянальнага гледзішча ваенны напад РФ на краіны Эўропы падобны на авантуру. Аднак некаторыя незалежныя расейскія аналітыкі зьвяртаюць увагу на тое, што ўяўленьні Ўладзіміра Пуціна пра рэальнасьць і магчымасьці Расеі могуць істотна разыходзіцца з рэальным станам рэчаў.
Адзін з удзельнікаў дыскусіі выказаў меркаваньне, што супраць эўрапейскіх войскаў Расея магла б шырэй выкарыстоўваць танкі і артылерыю, прымяненьне якіх ва Ўкраіне істотна ўскладнілі ўкраінскія дроны. А вось войскі эўрапейкіх краінаў пакуль ня маюць такога досьведу масавага выкарыстаньня дронаў, які назапасіла Ўкраіна.
Фактар Пуціна
Што тычыцца новага раўнду міратворчасьці з боку ЗША, то выглядае, што цяпер пэрспэктывы замірэньня бакоў невялікія. Праблема ў тым, што ні Масква, ні Кіеў пакуль не дэманструюць гатовасьці да такога кампрамісу, які дазволіў бы спыніць вайну.
Яшчэ год таму, як можна было меркаваць, Пуцін меў больш магчымасьцяў пайсьці насустрач амэрыканскім заклікам і спыніць баявыя дзеяньні на існай на той момант лініі фронту. Тады Крэмль мог бы «прадаць» і ўласнаму грамадзтву, і сусьветнай супольнасьці прамежкавыя вынікі вайны за сваю перамогу. Маўляў, мы захапілі і далучылі новыя тэрыторыі з расейскамоўным насельніцтвам, прабілі сухапутны калідор у Крым, і аб’яднаны Захад, NATO ня змог нас спыніць.
А вось цяпер сытуацыя моцна зьмянілася. За апошнія паўгоду праблемы Расеі істотна абвастрыліся. Тут і запаволеньне прасоўваньня на фронце, праблемы з наборам у войска, вялікі дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту.
Аднак галоўная праблема выявілася ў іншым. Вайна паўнавартасна прыйшла ў Расею, закранула лад жыцьця людзей, стала значна больш адчувальнай для звычайных расейцаў. Яе ўжо немагчыма схаваць за маскаю «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі». Украінскія дроны рэгулярна атакуюць аб’екты ў розных рэгіёнах эўрапейскай часткі Расеі, у тым ліку Маскву і Санкт-Пецярбург. Удары па НПЗ стварылі востры паліўны крызіс, зьявіўся дэфіцыт бэнзіну, чэргі на запраўках. Асаблівая драма разгортваецца вакол Крыму, ён фактычна знаходзіцца ў напаўблякадзе.
І ў такой сытуацыі Пуцін ня можа аб’явіць пра перамогу. Цяпер спыненьне вайны, заключэньне міру будзе ўспрымацца і грамадзтвам, і элітай як параза. А для Пуціна гэта — палітычны крах.
Роля Беларусі
Тут паўстае пытаньне, якое і было вынесена на згаданы экспэртны вэбінар: якую ролю можа адыграць Беларусь у магчымай эскаляцыі паміж Расеяй і эўрапейскімі дзяржавамі? Ці магчымая ўвогуле такая эскаляцыя без выкарыстаньня беларускай тэрыторыі?
Удзельнікі дыскусіі сыходзіліся на тым, што ў выпадку маштабнага канфлікту беларуская тэрыторыя мела б для Расеі важнае стратэгічнае значэньне. Навошта тады абвяшчалі пра завоз у Беларусь ядзернай зброі, ракеты «Арэшнік», якія могуць даляцець амаль да любой эўрапейскай сталіцы? І ўдарыць па «ахілесавай пяце» NATO — Сувалскім калідоры — было б значна складаней без выкарыстаньня беларускай тэрыторыі.
Нават калі Расея не рашыцца на паўнавартасную вайну, а абмяжуецца толькі правакацыямі, напрыклад, супраць краінаў Балтыі, то Беларусь усё адно спатрэбіцца Расеі хоць бы для імітацыі пагрозы Эўропе. Яна можа выкарыстоўвацца для адцягненьня ўвагі Захаду, для палітычнага, псыхалягічнага ціску на яго.
Падчас дыскусіі прагучала меркаваньне, што ў выпадку вялікай вайны магчымасьці Лукашэнкі не дазволіць Расеі выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю будуць вельмі абмежаваныя. У лютым 2022 году расейскія войскі ўжо выкарысталі тэрыторыю Беларусі для ўварваньня ва Ўкраіну. Тут ужо будзе не да сантымэнтаў ці развагаў пра сувэрэнітэт. Прычым, беларускае войска можа і не ўдзельнічаць у вайне, дастаткова будзе Расеі скарыстацца інфраструктурай краіны-хаўрусьніка.
Ці гатовая Эўропа да вайны
Польшча, Літва, Латвія і Эўразьвяз абвінавачваюць беларускія ўлады ў выкарыстаньні мігрантаў для ціску на суседнія краіны. Адбываецца пэўная пераарыентацыя гэтых мігранцкіх плыняў з Польшчы на Латвію і Літву. Прарывы мяжы набываюць новыя формы, мігранты капаюць тунэлі. Падчас вэбінару прагучала меркаваньне, што такія дзеяньні могуць стаць больш агрэсіўнымі і нават суправаджацца ўжываньнем зброі, што павялічыла б рызыку небясьпечнай эскаляцыі на мяжы.
А што ж Эўропа? Наколькі яна гатовая да вайны? Дакладны адказ на гэтае пытаньне можна атрымаць толькі тады, калі справа дойдзе да рэальнага канфлікту. Вось на той узгаданай вышэй закрытай дыскусіі ў Рыме, арганізаванай Мюнхэнскай канфэрэнцыяй па бясьпецы, як піша The Guardian, удзельнікі прыйшлі да высновы, што ў выпадку наўпроставага ваеннага сутыкненьня з Расеяй эўрапейскія краіны ня змогуць вытрымаць працяглую вайну на зьнясіленьне з прычыны псыхалягічнай і практычнай негатовасьці грамадзтва.
А ў такой сытуацыі надзвычай узрастае роля Ўкраіны як аднаго з найважнейшых складнікаў эўрапейскай сыстэмы стрымліваньня Расеі. Гэта можа яшчэ больш падштурхоўваць Эўропу да інтэграцыі Ўкраіны ў сваю сыстэму бясьпекі.
Форум