Далей гэты законапраект маюць разглядаць палаты Кангрэсу. Яго падтрымалі абедзьве асноўныя партыі, і ён стваіць задачай, каб ЗША мелі яснае разуменьне «новых ваенных, кібэр, гібрыдных і палітычных пагрозаў», зь якімі сутыкаюцца Латвія, Літва і Эстонія, а тксама мае ўмацаваць калектыўную абарону NATO.
У інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Алексу Раўфаглу 28 красавіка Ўэсьлі Бэл абмеркаваў ролю ўсходняга флянгу NATO ў стрымліваньні амбіцый кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна, тое, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на доўгатэрміновую бясьпеку рэгіёну, наступствы супрацоўніцтва паміж Расеяй і Іранам і чаму ён лічыць, што ЗША павінны падтрымліваць сваіх саюзьнікаў.
— Як ваш законапраект аб бясьпецы Балтыйскіх дзяржаў на практыцы зьмяняе ацэнку бясьпекі для тых, хто жыве на ўсходнім краі NATO і з усё большай заклапочанасьцю назірае за лініяй фронту ва Ўкраіне?
— Калі казаць пра шырокую карціну, важна, каб мы падтрымлівалі нашых саюзьнікаў, якія падтрымліваюць нас. І важна, каб мы былі надзейнымі партнэрамі для нашых надзейных партнэраў.
Гэты законапраект патрабуе ад нашага Дзяржаўнага дэпартамэнту, сумесна зь Міністэрствам абароны, даць Кангрэсу ўсебаковую справаздачу на працягу 180 дзён. У гэтай справаздачы будуць ацэнены ваенныя, кібэр, гібрыдныя і палітычныя пагрозы, зь якімі сутыкаецца Балтыйскі рэгіён.
Справаздача мае на мэце вызначыць дзеяньні па ўмацаваньні супрацоўніцтва ЗША і Балтыйскіх дзяржаў у галіне абароны, што вельмі важна — ня толькі для нашых балтыйскіх сяброў, але і для нашай нацыянальнай бясьпекі. Гэта тыя сфэры, дзе нам трэба ўзмацніць свае намаганьні. ...
— Новае заканадаўства часта паўстае, калі мяняецца асяродзьдзе пагрозаў. Якія канкрэтныя папераджальныя знакі або тэндэнцыі ў інфармацыі выведкі зрабілі для вас прыярытэтным менавіта цяпер «Акт аб ацэнцы бясьпекі Балтыі»?
— Я думаю, што гэта больш не пра папераджальныя знакі, а пра неабходнасьць пераканацца, што мы разумеем, чаму нам удавалася пазьбегнуць пашыраных канфліктаў на працягу апошніх прыкладна 80 гадоў. NATO зьяўляецца важнай часткай гэтага. Нашы саюзьнікі і партнэры па NATO, у тым ліку тыя, што знаходзяцца ў Балтыйскім рэгіёне, маюць ключавое значэньне ня толькі для нашай нацыянальнай бясьпекі, але і для міжнароднай бясьпекі.
Я думаю, што для нас важна абапірацца на нашы альянсы, падтрымліваць нашых саюзьнікаў і дэманстраваць, наколькі важныя гэтыя адносіны, таму што нашы дзеяньні сапраўды маюць значэньне.
— Галасаваньне ў камітэце зь лікам 41 супраць 3 — гэта рэдкая дэманстрацыя двухпартыйнасьці ў сёньняшнім Вашынгтоне. Што гэты кансэнсус сыгналізуе Крамлю аб прыхільнасьці ЗША да рэгіёну?
— Калі мы паглядзім на нашых агульных праціўнікаў — Пуціна ў Расеі — і канфлікт, які мы назіраем ва Ўкраіне, важна разумець, што Ўкраіна знаходзіцца на перадавой больш шырокіх мэтаў Пуціна. ...
Калі паглядзець на мапу, Балтыйскі рэгіён — Латвія, Літва і Эстонія — зьяўляецца ключом да нашай абароны, нашага супраціву і нашых намаганьняў супрацьстаяць ягоным мэтам. Таму важна, каб мы падтрымлівалі нашых саюзьнікаў, якія падтрымліваюць нас, і каб мы працягвалі быць надзейнымі партнэрамі, якімі мы павінны быць.
Рухаючыся наперад, мы павінны паслаць выразны сыгнал — ня толькі нашым саюзьнікам, але і нашым праціўнікам — што перад абліччам агульных выклікаў вельмі важна, каб мы падтрымлівалі нашых партнэраў.
— Людзі ў гэтай частцы сьвету даўно сутыкаюцца з кібэратакамі, парушэньнямі працы GPS і дэзынфармацыяй. Як гэты законапраект дазваляе ЗША выйсьці за рамкі традыцыйнай вайсковай дапамогі і рэальна супрацьстаяць такім складаным гібрыдным пагрозам?
— Якраз такую задачу і спрабуе вырашыць гэты закон. Мы павінны прызнаць, што праблемы не абмяжоўваюцца традыцыйным полем бою.
Калі мы думаем пра кібэрпагрозы, гібрыдныя пагрозы і неваенную тактыку, такую як прапаганда і іншыя мэтады, якія выкарыстоўваюцца такімі краінамі, як Расея і нават Кітай, нам трэба інвэставаць у нашу інфраструктуру і дывэрсіфікаваць яе, каб гарантаваць, што мы будзем супрацьстаяць гэтым разнастайным выклікам.
Важна, каб мы разумелі ўнікальныя пагрозы, якія выкарыстоўваюць нашы праціўнікі, — няхай гэта будзе ў кібэрпрасторы, праз гібрыдную тактыку або праз неваенныя палітычныя намаганьні, такія як дэзынфармацыя.
Мы павінны супрацьстаяць гэтым пагрозам сур’ёзна і ясна — ясна разумеючы, з чым мы сутыкаемся, — каб быць цалкам падрыхтаванымі. Многія з выклікаў, зь якімі мы сутыкаемся, выходзяць далёка за рамкі традыцыйнага поля бою, і мы павінны быць гатовыя да ўсіх іх.
— Дарэчы, у гэтым законапраекце вы засяродзіліся ня толькі на Расеі — вы згадалі Кітай, Іран, Паўночную Карэю і Беларусь. Ці мы бачым нейкі скаардынаваны блок, ці агульныя інтарэсы гэтых субʼектаў выклікаюць нейкія супольныя пагрозы?
Бэл: Я думаю, што мы бачым пэўны ўзровень супрацоўніцтва паміж гэтымі зламыснымі субʼектамі, і нам трэба быць гатовымі супрацьстаяць гэтым выклікам — бо нашы праціўнікі дзейнічаюць менавіта так.
Пуцін вельмі выразна выказаўся пра свае мэты, і нам трэба падтрымліваць іншыя дэмакрататычныя краіны. З таго часу як я пачаў працаваць у Кангрэсе, я меў магчымасьць сустрэцца з многімі нашымі саюзьнікамі па ўсім сьвеце, і я лічу, што важна, каб мы ўсе разумелі пагрозы, зь якімі сутыкаемся, і супрацьстаялі ім разам.
— Асабліва калі гаворка ідзе пра Расею і Іран — наколькі іх супрацоўніцтва, ня толькі ва Ўсходняй Эўропе, але і на Блізкім Усходзе, зьмяняе стратэгічную карціну для NATO і для трансатлянтычнага адзінства?
— Я думаю, што гэта падкрэсьлівае неабходнасьць яшчэ больш умацоўваць такія стасункі. Іран — мы гэта ведаем — зьяўляецца зламысным гульцом і галоўным спонсарам тэрарызму ня толькі на Блізкім Усходзе, але і ва ўсім сьвеце. Мы таксама ведаем, што Расея супрацоўнічае з Іранам.
Мы ня можам падманваць сябе, разглядаючы гэтыя пагрозы асобна. Многія з нашых праціўнікаў каардынуюць свае дзеяньні і супрацоўнічаюць. Вось чаму яшчэ больш важна істотна ўзмацніць нашы партнэрскія адносіны і падтрымліваць нашых саюзьнікаў, бо ніхто ня можа зрабіць гэта ў адзіночку.
— Вяртаючыся да Украіны — калі Расею не спыніць на гэтым этапе, наколькі сурʼёзна мы павінны ставіцца да рызыкі распаўсюджваньня гэтага канфлікту далей на захад?
— Адна з ключавых высноваў, якія я зрабіў з сустрэчаў з сусьветнымі лідэрамі і працы ў Камітэце па ўзброеных сілах, заключаецца ў тым, што дэмакратыя — гэта складана. Калі мы маем саюзьнікаў зь дзейснымі дэмакратычнымі сыстэмамі, мы павінны цалкам іх абараняць.
Вось чаму для мяне было так важна ўнесьці гэты законапраект. Балтыйскія краіны — Эстонія, Латвія і Літва — зьяўляюцца нашымі саюзьнікамі, і вельмі важна, каб мы падтрымлівалі іх. Мы ведаем мэты Пуціна, і мы павінны абараняцца ад іх усімі даступнымі нам сродкамі.
— Ці ёсьць у Вашынгтоне выразнае разуменьне таго, што вынік вайны ва Украіне паўплывае на доўгатэрміновую бясьпеку ва ўсім рэгіёне?
— Так, я думаю, што пераважная большасьць заканадаўцаў у Кангрэсе з абодвух бакоў разумеюць, наколькі важна абараняць Украіну, а таксама балтыйскія краіны, і менавіта таму гэты законапраект быў прыняты такой пераважнай большасьцю галасоў. ...
— Людзі, якія жывуць паблізу межаў Расеі, і раней чулі шматабяцальныя заявы з Захаду — якім было б ваша цяперашняе пасланьне адносна прыхільнасьці Амэрыкі да гэтага рэгіёну і яе плянаў захаваць тут сваю прысутнасьць?
— Як амэрыканцы, мы разумеем, што нам належыць ключавая роля ва ўсім сьвеце, але мы таксама ўсьведамляем, што мы ня можам і не павінны дзейнічаць у адзіночку. Вельмі важна, каб мы падтрымлівалі нашых партнэраў і саюзьнікаў.
Я хачу, каб тыя, хто жыве ў гэтых рэгіёнах і па ўсім сьвеце, ведалі, што Злучаныя Штаты — іх надзейны партнэр. Мы ўсьведамляем, наколькі важныя нашы агульныя каштоўнасьці, і што мы павінны стаяць разам. Менавіта пра гэта ідзе гаворка ў гэтым законапраекце.
Форум