На фоне ўсё большай колькасьці тунэляў, якія пракопваюць з Беларусі ў краіны Эўразьвязу, памежныя службы заяўляюць, што Менск адкідае апэратыўныя выведныя зьвесткі пра будаўніцтва гэтых тунэляў.
Калі 10 жніўня групу з 15 мігрантаў у «запэцканым у пясок адзеньні» заўважылі ў лесе на паўднёвым усходзе Латвіі, памежнікі спачатку не змаглі вызначыць, адкуль зьявілася гэтая група.
Пасьля апытаньня мігрантаў памежны нарад знайшоў выхад з тунэлю, замаскаваны хмызьняком, усяго за 10 мэтраў ад памежнай агароджы паміж Латвіяй і Беларусьсю.
Гэта быў першы мігранцкі тунэль, выяўлены ў Латвіі, але ўжо ня першы тунэль, пракапаны ў апошнія месяцы на тэрыторыю Эўразьвязу. Паводле памежных службаў, Беларусь не перашкаджае будаўніцтву тунэляў нават тады, калі атрымлівае апэратыўныя выведныя зьвесткі пра іх пракладку.
Прэс-сакратарка Дзяржаўнай памежнай службы Літвы Ліна Лаўрынайціце паведаміла Радыё Свабода, што «ў шэрагу выпадкаў, калі [літоўскія памежнікі] інфармавалі беларускія ўлады пра будаўніцтва тунэляў і паведамлялі іхнае месцазнаходжаньне, беларускі бок адмаўляў, што там адбываецца нейкая такая дзейнасьць».
Паводле яе, беларускі бок сьцьвярджаў, што праверыў пазначанае месца і нічога не знайшоў, «нягледзячы на тое, што [літоўскія памежнікі] мелі пераканаўчыя доказы будаўніцтва тунэлю».
Лаўрынайціце дадала, што літоўскія ўлады ня маюць доказаў непасрэднага ўдзелу Беларусі ў будаўніцтве гэтых тунэляў.
Пасьля таго, як у канцы 2021 году дасягнула піку хваля пераважна выхадцаў зь Блізкага Ўсходу, якія спрабавалі трапіць зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу, Польшча, Латвія і Літва, узьвялі памежныя агароджы, што спачатку дазволіла зьменшыць маштаб крызісу.
Першы тунэль, якім карысталіся мігранты для пранікненьня зь Беларусі ў Польшчу, выявілі ў верасьні 2025 году. Пазьней у тым жа годзе польскія памежнікі знайшлі яшчэ некалькі тунэляў, праз адзін зь якіх у краіну трапілі каля 180 мігрантаў.
З пачатку 2026 году ў Літве зафіксавалі 12 спробаў пракопваньня тунэляў на яе тэрыторыю. Літоўскія СМІ паведамлялі, што 27 ліпеня на поўдні краіны памежнік быў паранены, калі група мігрантаў, што выйшла з тунэлю, паспрабавала «зацягнуць яго на тэрыторыю Беларусі».
Апублікаваныя літоўскай памежнай службай здымкі паказваюць недабудаваныя тунэлі, якія пачынаюцца на тэрыторыі Беларусі і ўмацаваныя драўлянымі мацаваньнямі, падобнымі да шахтавых.
Намесьнік міністра ўнутраных справаў Польшчы Чэслаў Мрочак у інтэрвію ў сьнежні 2025 году заявіў, што Менск прывёз «спэцыялістаў» з Блізкага Ўсходу, якія маюць досьвед будаўніцтва падземных тунэляў, каб пракопваць хады на тэрыторыю ягонай краіны.
Польскія памежныя службы адмовіліся камэнтаваць гэтае сьцьверджаньне ў адказ на запыт Радыё Свабода.
Прэс-сакратарка Дзяржаўнай памежнай службы Латвіі Яланта Бабіска паведаміла Радыё Свабода, што існуюць «абгрунтаваныя падставы падазраваць, што пракопваньню тунэляў на тэрыторыю Эўразьвязу аказваюць падтрымку зь беларускай тэрыторыі».
«Доступ да тэрыторыі зь беларускага боку ў межах некалькіх соцень мэтраў ад мяжы абмежаваны, і знаходзіцца там дазволена толькі памежнікам, якія выконваюць службовыя абавязкі», — сказала яна.
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ўсклаў адказнасьць за шырэйшую праблему масавай міграцыі на Брусэль, адначасова даючы зразумець, што адказам на санкцыі Эўразьвязу стане адмова спыняць мігрантаў, якія імкнуцца трапіць у краіны ЭЗ.
«Рабяты, мы ня будзем вас абараняць. Мы ня будзем, як раней, іх [мігрантаў] лавіць на мяжы», — заявіў ён на канфэрэнцыі ў кастрычніку 2024 году.
Паводле Ліны Лаўрынайціце, літоўскія памежнікі супрацоўнічаюць з польскімі калегамі, каб выяўляць тунэлі, і плянуюць закупіць дадатковае тэхнічнае абсталяваньне, здольнае выяўляць падземную актыўнасьць.
«Зь меркаваньняў апэратыўнай бясьпекі мы ня можам паведаміць падрабязнасьці пра канкрэтныя тэхналёгіі, якія выкарыстоўваюцца», – дадала яна.