Як паведамілі выданьні LSM i LETA, яе мэта — абмежаваць нелегальную міграцыю зь беларускага боку.
«Ідзе пяты год з пачатку ваенных дзеяньняў, і Расея выкарыстоўвае мяжу Латвіі як элемэнт гібрыднай вайны, празь Беларусь атакуючы нашу інфраструктуру», — заявіў прэм’ер-міністар Латвіі Андрыс Кулбэргс.
Міністар абароны Райвіс Мэлніс адзначыў, што разьмяшчэньне на мяжы толькі вайскоўцаў недастаткова для яе абароны. Ведамства дапаможа памежнікам і паліцыянтам, якія ўдзельнічаюць у ахове мяжы, тэхнічнымі сродкамі для маніторынгу сытуацыі — бесьпілётнікамі, верталётамі і самалётамі.
Міністэрства замежных спраў краіны правядзе кансультацыі зь Літвой, Эстоніяй і Польшчай у пытаньнях абмежаваньня незаконнага перасячэньня мяжы і патокаў міграцыі.
Апэрацыя будзе доўжыцца сама меней да канца жніўня.
«Мы ўпэўненыя, што калі ўсё пойдзе паводле пляну, мы нанясем дастаткова моцныя ўдары па сыстэме [арганізацыі нелегальнага трафіку людзей у Латвію], каб яна перастала быць цікавай», — сказаў прэм’ер Андрыс Кулбэргс.
Кіраўнік латвійскага ўраду таксама дадаў, што і грамадзяне Латвіі ўдзельнічаюць у «гэтым нелегальным бізнэсе». «Магчыма, варта перагледзець узровень адказнасьці, паколькі гэта пагроза дзяржаўнай бясьпецы. Пакараньне павінны быць дастаткова суровым, каб не ўзьнікала жаданьня ўдзельнічаць у гэтым незаконным бізнэсе», — адзначыў ён.
Апроч таго, улады Латвіі ўсё яшчэ разглядаюць магчымасьць закрыцьця памежнага пункту пропуску «Патэрніекі», нягледзячы на тое, што паток міграцыі назіраецца не непасрэдна на ім, а на ўчастках мяжы паза гэтым пунктам пропуску. Закрыцьцё пункту, як адзначылі ва ўрадзе, можа адбыцца ў выпадку абвастрэньня незаконнай міграцыі з боку Беларусі.
Што папярэднічала і чаму гэта важна
З пачатку году на латвійска-беларускай мяжы ўжо затрымалі 9,5 тысяч незаконных мігрантаў. 11 жніўня латвійскія памежнікі паведамілі аб выяўленьні 15 чалавек, якія незаконна перасеклі дзяржаўную мяжу — у Латвію яны трапілі зь Беларусі праз тунэль, выкапаны пад мяжой непадалёк ад закрытага памежнага пункту Сілэнэ.
31 ліпеня ўлады «з тэхнічных прычын» закрылі адзіны дзейны на мяжы зь Беларусьсю пункт пропуску «Патэрніекі». Пасьля абмеркаваньня на ўзроўні ўраду аб яго магчымы закрыцьці, пункт пропуску 4 жніўня ўсё ж аднавіў сваю працу.
Урад Латвіі прадоўжыў да канца году рэжым узмоцненай аховы мяжы зь Беларусьсю.
Форум