Латвійскі ўрад адпрэчыў прапанову пра закрыцьцё апошняга аўтамабільнага пункту пропуску зь Беларусьсю, прапанаваную МУС, перадае агенцтва LETA.
Міністар унутраных спраў Латвіі Яніс Дамбрава адзначыў, што сёньня ўлады пастараюцца цалкам вырашыць і тэхнічныя праблемы, якімі тлумачылі закрыцьцё «Патэрніекаў» з 31 ліпеня.
Разам з тым, ахову мяжы ўзмоцняць новымі тэхнічнымі сродкамі і правядуць каля яе вучэньні з удзелам іншых краінаў NATO.
Па 20-й гадзіне Памежная служба Латвіі паведаміла, што тэхнічныя збоі ўхіленыя, памежны кантроль цалкам адноўлены, а з 5 жніўня зьявіцца магчымасьць рэзэрваваць час перасячэньня мяжы.
Латвійская электронная сыстэма рэзэрваваньня чаргі lvrobeza.lv паведаміла, што кіроўцы аўтамабіляў з зарэзэрваваным часам ужо атрымліваюць запрашэньні прыбыць у пункт пропуску.
Афармленьне аўтамабіляў на «Патэрніеках» пачалося а 21-й гадзіне, паведаміў Памежны камітэт Беларусі з спасылкай на перададзеную з латвійскага боку інфармацыю.
Закрыцьцё мяжы Латвіі і Беларусі
Увечары 31 ліпеня міністар унутраных справаў краіны Яніс Домбрава сказаў, што закрыцьцё мяжы адбываецца «з тэхнічных прычынаў».
Ужо ў жніўні МЗС Беларусі назвала гэтае рашэньне «цынічным крокам» пад выбары ў Саэйму.
Тады ж латыскі міністар сказаў, што выняткаў ня робяць нават для грамадзянаў Латвіі, якія, вяртаючыся зь Беларусі, мусяць шукаць іншых шляхоў трапіць на радзіму.
Але на нэўтральнай пласе на мяжы ўсё адно сабраліся аўтамабілі. 2 жніўня ўлады Латвіі вырашылі пусьціць іх у краіну.
Дачыненьні Латвіі і Беларусі
Апошнім часам узаеміны дзьвюх дзяржаў зноў істотна пагоршыліся. 15 ліпеня ўлады Латвіі заявілі, што памежнікі краіны ўжо 111 дзён запар фіксуюць спробы нелегальнага пераходу мяжы мігрантамі, якіх Беларусь трымае на сваёй тэрыторыі і не перашкаджае ім штурмаваць мяжу з Эўразьвязам.
За тры дні да таго начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунтыс Пуятс зрабіў выснову, што Латвія стала мэтай №1 у гібрыднай вайне, якую вядзе Лукашэнка супраць Эўразьвязу.
Пасьля гэтага Генэральная пракуратура Латвіі завяла крымінальную справу супраць службовых асобаў Памежнага камітэту Беларусі.
Парлямэнт Латвіі 23 ліпеня ў канчатковым чытаньні прыняў папраўкі да закону аб падтрымцы цывільных асоб Украіны. У закон уваходзяць і новыя абмежаваньні супраць Беларусі.
Зьмяненьні прадугледжваюць забарону на імпарт зь Беларусі і Расеі шэрагу прамысловых тавараў — кніг, газэт, відэагульняў, спартовых тавараў, цацак, адзеньня і абутку. Канчатковы пералік зацьвердзіць Кабінэт міністраў.
Форум