Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саэйма Латвіі падтрымала забарону на імпарт друкаванай прадукцыі і спажывецкіх тавараў зь Беларусі і Расеі

Латыскія дэпутаты разам зь Сьвятланай Ціханоўскай, архіўнае фота
Латыскія дэпутаты разам зь Сьвятланай Ціханоўскай, архіўнае фота

Парлямэнт Латвіі 23 ліпеня ў канчатковым чытаньні прыняў папраўкі да закону аб падтрымцы цывільных асоб Украіны. У закон уваходзяць і новыя абмежаваньні супраць Беларусі.

Пра станоўчае галасаваньне за праект паведамляе прэс-служба Саэймы.

Зьмяненьні прадугледжваюць забарону на імпарт зь Беларусі і Расеі шэрагу прамысловых тавараў — кніг, газэт, відэагульняў, спартовых тавараў, цацак, адзеньня і абутку. Канчатковы пералік зацьвердзіць Кабінэт міністраў.

Кіраўнік камісіі Саэймы ў абароне, унутраных справах і процідзеі хабарніцтву Раймандс Бэргманіс назваў рашэньне дэпутатаў працягам палітыкі «мэтанакіраванага разрыву эканамічных сувязяў з Расеяй і Беларусьсю» пры захаваньні «непахіснай падтрымкі Ўкраіны ў яе змаганьні за свабоду і незалежнасьць».

Адзначаецца, што забаронена імпартаваць згаданыя тавары з іншых краін, калі прадукцыя вырабленая ў Беларусі або Расеі.

«Новае рэгуляваньне ахоплівае асобныя групы тавараў, якія могуць выкарыстоўвацца для распаўсюду прапаганды і дэзынфармацыі, — адзначыла прэс-служба Саэймы.

Згодна з новым законам, Кабінэт міністраў да 1 сакавіка і надалей штогод будзе ацэньваць уплыў забароны на імпарт на бясьпеку латвійскага грамадзтва і грамадзкія інтарэсы. Дэпутатам будуць даваць справаздачу.

Забарона на імпарт, якая ўводзіцца законам, будзе дзейнічаць да 1 ліпеня 2027 году.

Цяпер дакумэнт мае падпісаць прэзыдэнт Латвіі. Закон набудзе моц на наступны дзень пасьля афіцыйнага апублікаваньня.

Санкцыі Латвіі супраць Беларусі

Афіцыйная Рыга мае шэраг абмеаваньняў у дачыненьні эканомікі і палітыкі Беларусі. Частка зь іх прынятая ў межах палітыкі Эўрапейскага зьвязу, а частка — непасрэдна самой Латвіяй.

У прыватнасьці, супраць беларусаў латышы ўвялі асобныя абмежаваньні ў спорце. Раней праз гэта Латвія зь Літвою адмовіліся прымаць зборную Беларусі ў міні-футболе, праз што УЭФА давялося пераносіць частку турніру ў Славенію.

Таксама вядома, што Латвія стварыла ўласны сьпіс фізычных і юрыдычных асобаў, якія спрыяюць расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Асобную занепакоенасьць афіцыйнай Рыгі выклікае міграцыйны ціск з боку Беларусі. Улады Латвіі неаднаразова заяўлялі, што рэжым Лукашэнкі спрабуе з дапамогаю мігрантаў з азіяцкіх і афрыканскіх краінаў ціснуць на Эўразьвяз і ўлады Латвіі ў прыватнасьці.

Генэральная пракуратура Латвіі 15 ліпеня завяла крымінальную справу супраць службовых асобаў Памежнага камітэту Беларусі.

«Расьсьледаваньнем крымінальнай справы будзе займацца Дэпартамэнт аховы дзяржаўнай бясьпекі Генэральнай пракуратуры», — гаворыцца ў заяве пракуратуры Латвіі.

Справу завялі на падставе заявы Дзяржаўнай памежнай службы Латвіі, пададзенай 13 ліпеня.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG