Падчас сумеснай прэсавай канфэрэнцыі Каі Калас, вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па зьнешніх сувязях і бясьпецы, і прэм’ер-міністра Літвы Міндаўгаса Сінкявічуса гаворка ішла пра рэжым Лукашэнкі і гібрыдныя пагрозы з боку Расеі і Беларусі.
«Літва зьяўляецца адной з краін-чальцоў ЭЗ, якія найбольш актыўна атакуюць. Парушэньні паветранай прасторы, дэзынфармацыйныя кампаніі і сабатаж зьяўляюцца пастаяннымі праблемамі бясьпекі Літвы. Вы маеце нашую поўную падтрымку. Ваш досьвед павінен дапамагчы сфармаваць калектыўны адказ Эўропы», — заявіла Кая Калас, камэнтуючы найперш мігранцкі крызіс на літоўска-беларускай мяжы.
Яна паведаміла, што ў Вільні абмяркоўвала сярод іншага сытуацыю на мяжы Літвы зь Беларусьсю.
«Лукашэнка зрабіў Беларусь плятформай расейскай вайны. Яго рэжым таксама пагражае сваім эўрапейскім суседзям і выкарыстоўвае супраць іх як зброю нелегальную міграцыю. Складанасьць кантрабандных тунэляў сьведчыць аб арганізаванай падтрымцы. Ёсьць важкія прыкметы таго, што Менск дапамагае ў гэтым», — заявіла Калас.
Эўразьвяз, паводле Каі Калас, цяпер працуе над новым самым аб’ёмным санацыйным пакетам у сувязі з вайной Расеі ва Ўкраіне.
«Мы таксама працуем над самымі доўгімі на сёньняшні дзень санкцыйнымі сьпісамі. Большая падтрымка Ўкраіны і большы ціск на Маскву — гэта самы хуткі спосаб спыніць гэтую вайну», — заявіла яна.
Мігранцкі крызіс і тунэлі
Апошнім часам вырасла колькасьць тунэляў, празь якія зь беларускага боку нерэгулярныя мігранты спарбуюць праравцца ў Літву, Польшчу і Латвію.
Прэс-сакратарка Дзяржаўнай памежнай службы Літвы Ліна Лаўрынайціце паведаміла Радыё Свабода, што «ў шэрагу выпадкаў, калі [літоўскія памежнікі] інфармавалі беларускія ўлады пра будаўніцтва тунэляў і паведамлялі іхнае месцазнаходжаньне, беларускі бок адмаўляў, што там адбываецца нейкая такая дзейнасьць».
Першы тунэль, якім карысталіся мігранты для пранікненьня зь Беларусі ў Польшчу, выявілі ў верасьні 2025 году. Пазьней у тым жа годзе польскія памежнікі знайшлі яшчэ некалькі тунэляў, праз адзін зь якіх у краіну трапілі каля 180 мігрантаў.
З пачатку 2026 году ў Літве зафіксавалі 12 спробаў пракопваньня тунэляў на яе тэрыторыю. Літоўскія СМІ паведамлялі, што 27 ліпеня на поўдні краіны памежнік быў паранены, калі група мігрантаў, што выйшла з тунэлю, паспрабавала «зацягнуць яго на тэрыторыю Беларусі».
Намесьнік міністра ўнутраных справаў Польшчы Чэслаў Мрочак у інтэрвію ў сьнежні 2025 году заявіў, што Менск прывёз «спэцыялістаў» з Блізкага Ўсходу, якія маюць досьвед будаўніцтва падземных тунэляў, каб пракопваць хады на тэрыторыю ягонай краіны.
Падтрымка расейскай агрэсіі афіцыйным Менскам
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.
Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна без перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.
Форум