Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі з пачатку 2026 году правялі каля двух дзясяткаў буйных вучэньняў

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З пачатку 2026 году ў Беларусі прайшлі дзясяткі буйных і дробных вайсковых вучэньняў, а таксама вучэньняў, якія праводзіць Міністэрства ўнутраных спраў, у тым ліку з прыцягненьнем унутраных войскаў.

Пра гэта сьведчыць праведзены агенцтвам «Позірк» аналіз.

Фактычна вучэньні ў краіне ідуць хвалямі, адны пераходзяць у іншыя. Калі да 2022 году манэўры насілі цыклічны, сэзонны характар, то да 2026 году яны ператварыліся ў бесьперапынны працэс. Пры гэтым баявая падрыхтоўка праходзіць з улікам досьведу вайны ўва Ўкраіне, на некаторых робіцца акцэнт на супрацьдзеяньне бесьпілётным лятучым апаратам.

У 2026 годзе на тэрыторыі Беларусі правялі каля двух дзясяткаў зафіксаваных у адкрытых крыніцах мерапрыемстваў, зьвязаных з камандна-штабнымі вучэньнямі, зборамі тэрытарыяльнай абароны і праверкай боегатоўнасьці.

Напрыклад, зафіксаваныя ня менш за чатыры буйныя этапы праверкі боегатоўнасьці. Найбольш працяглая праверка году, раптоўна абвешчаная Аляксандрам Лукашэнкам у абыход Міністэрства абароны і Генэральнага штабу «для ацэнкі рэальнага стану войскаў», праходзіла зь сярэдзіны студзеня па сакавік.

У траўні Беларусь супольна з Расеяй правяла інспэкцыю гатоўнасьці прымяненьня нестратэгічнай ядзернай зброі: адпрацоўвалася таемнае разгортваньне, вялася падрыхтоўка асабовага складу ракетных войскаў і авіяцыі, а таксама ўмоўныя тактычныя пускі зь няплянавых раёнаў.

24 жніўня ў Асіповічах пачалася раптоўная праверка 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады з улікам «досьведу ваенных канфліктаў ува Ўкраіне і Іране», гэта суправаджалася мабілізацыяй вайсковаабавязаных.

2 верасьня стала вядома пра раптоўную праверку ўнутраных войскаў МУС у Віцебску.

У 2026 годзе прайшлі ня менш за сем буйных камандна-штабных вучэньняў: з войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня (19-25 сакавіка), органаў тылавога забесьпячэньня УС (26-28 траўня), МУС у Берасьці (26 сакавіка), Віцебску (24 красавіка), Магілёве (27 траўня), Горадзенскай вобласьці (29-30 ліпеня), УУС Менскага аблвыканкаму (26 жніўня). У час вучэньняў з удзелам МУС сярод іншага адпрацоўваюцца «пратэставыя» сцэнары: сілавікі «разганяюць» мітынгі і «спыняюць» масавыя беспарадкі з улікам досьведу 2020 году. Пры гэтым у Віцебску трэнаваліся нэўтралізаваць журналістаў.

Акрамя таго, у краіне прайшлі ня менш за шэсьць хваляў збораў тэрытарыяльнай абароны: вясной і летам у Берасьцейскай і Віцебскай вобласьцях, у жніўні (з працягам у верасьні) у Менскай, Горадзенскай, у верасьні яны арганізуюцца ў Гомельскай вобласьці і Менску.

З пачатку году ў краіне рэзка ўзрасла інтэнсіўнасьць мабілізацыйных мерапрыемстваў. Па стане на другую палову лета з запасу на розныя зборы выклікалі больш за 9400 вайсковаабавязаных, адзначылі аналітыкі iSans ў ліпеньскім аглядзе вайсковай актыўнасьці.

Акрамя таго, адбылося ня менш за 26 плянавых і экстранных праверак сыстэмаў апавяшчэньня насельніцтва. Амаль усе — у дзьвюх вобласьцях, што мяжуюць з Украінай, — 22.

Чаму гэта важна

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.

Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна без перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG