У Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях праходзяць двухбаковыя батальённыя тактычныя вучэньні, паведаміла Міністэрства абароны.
Мэта вучэньняў — «удасканаленьне навыкаў штабоў і камандзіраў у кіраваньні падразьдзяленьнямі падчас вядзеньня баявых дзеяньняў».
Таксама вайскоўцы адпрацуюць пераадоленьне водных перашкодаў і мінных загародаў.
«Асаблівая ўвага будзе нададзеная практычным дзеяньням у барацьбе зь бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі», — сказаў кіраўнік вучэньняў Іван Бычак.
У манэўрах удзельнічаюць 6 і 11-я мэханізаваныя брыгады з Горадні і Слоніма.
Чаму гэта важна
З пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў наяўнасьцю пагроз і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.
Што папярэднічала
3 чэрвеня ў Маскве на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў пра імаверны напад «калектыўнага Захаду» на Беларусь і Расею, — піша «Позірк».
26 чэрвеня на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і падрыхтоўцы да вайны.
Таксама Хрэнін і іншыя прадстаўнікі сілавога блёку рэгулярна заяўлялі пра актыўныя вучэньні краінаў NATO каля беларускіх межаў.
Пры гэтым 22 ліпеня падчас дакладу Аляксандру Лукашэнку Хрэнін заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «адсутнасьць прыкметаў падрыхтоўкі да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».
«Адсочваючы дзейнасьць узброеных сілаў краінаў NATO, мы ня бачым вялікай актыўнасьці. У суседніх краінах праходзіць мінімальная колькасьць вучэньняў — усяго адны, мінімальная колькасьць палётаў. Таму мы і лічым, што абстаноўка вакол Беларусі стабільная і нейкай пагрозы, напружаньня, падрыхтоўкі да раптоўнага нападу мы ня бачым», — сказаў міністар.
Менск падтрымлівае Маскву ў разьвязанай ёю ў лютым 2022 году поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. На тэрыторыі Беларусі практычна бесьперапынна праходзяць вайсковыя вучэньні.
Форум