«Гэта будзе залежыць ад мабілізацыі ў РФ, а ці будзе мабілізацыя — мы пабачым толькі пасьля выбараў. Зьявяцца індыкатары і выведныя прыкметы мабілізацыйных захадаў, схавана мабілізацыю ў цяперашні час правесьці немагчыма. Але праціўнік, так ці інакш, гатовы да яе, бо дзейны ўказ Пуціна яшчэ ад 2022 году», — сказаў Вадзім Скібіцкі ў інтэрвію выданьню «РБК-Україна».
Паводле яго, да выбараў вайсковае і палітычнае кіраўніцтва Расеі будзе спрабаваць паказаць нейкія посьпехі на тых участках фронту, дзе яны нешта могуць зрабіць. «А ўжо пасьля — магчыма, будзе мабілізацыя», — дадаў ён.
Выбары ў Дзяржаўную думу Расеі пройдуць з 18 па 20 верасьня.
На пытаньне, ці магчымы наступ на Кіеўшчыну і Чарнігаўшчыну сёлета, прадстаўнік украінскай выведкі адказаў:
«У расейцаў ёсьць досьвед правядзеньня такой мабілізацыі і мы яго разумеем. Яны пачалі частковую мабілізацыю ў другой палавіне кастрычніка 2022 году. Баявыя падразьдзелы, якія маглі рэальна ўступіць у бой, былі на фронце ў студзені 2023 году, нейкая частка была яшчэ ў сьнежні».
Такім чынам, мяркуе Скібіцкі, калі мабілізацыю правядуць сёлета, то ўжо бліжэй да лютага расейцы змогуць падрыхтаваць ударную групоўку.
«А гэта не выключае, што расейскае камандаваньне можа ажыцьцявіць такую апэрацыю ў лютым, ведаючы любоў Пуціна да сымбалічных дат», — сказаў Скібіцкі.
Пакуль жа, паводле яго, няма ніякіх індыкатараў, якія б сьведчылі аб гатоўнасьці да такой апэрацыі.
Вадзім Скібіцкі дадаў, што, паводле інфармацыі выведкі, цяпер страты ў расейскіх войсках перавышаюць лік набору на кантракты за месяц. Цяпер, паводле яго, супраць Украіны ваюе 670 тысяч расейцаў і яшчэ 65 тысяч знаходзяцца ў апэратыўным рэзэрве.
Што папярэднічала і чаму гэта важна
Аляксандар Лукашэнка і вайсковае кіраўніцтва Беларусі падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволілі скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Увесь час ад моманту пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая. За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.
У жніўні зьявілася інфармацыя аб стварэньні ў нацыянальнай даменнай зоне Беларусі адмысловага сайту для пошуку ахвочых служыць у расейскай арміі і ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны. Але адразу пасьля таго, як пра гэта напісалі незалежныя СМІ, яго закрылі.
Ужо доўгі час абвесткі аб «працы» для грамадзян Беларусі, якія жадаюць ваяваць ва Ўкраіне на баку Расеі, можна было знайсьці ў тым ліку на беларускіх рэсурсах пошуку вакансіяў. Асабліва на тых, якія працуюць як агрэгатары абвестак з староньніх сайтаў, у тым ліку расейскіх.
Форум