Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты Менскай вобласьці два дні вучыліся разганяць пратэсты

Падчас вучэньняў, фота МУС
Падчас вучэньняў, фота МУС

У сталіцы 25 і 26 жніўня праходзілі вучэньні УУС Менскай вобласьці. За імі назірала кіраўніцтва міністэрства.

Тэрыторыя вайсковай часткі ва Ўруччы паводле задумы вучэньняў ператварылася ў густанаселены раён, ахоплены беспарадкамі.

«Агрэсіўна настроены натоўп» кідаў у міліцыянтаў камяні і «кактэйлі Молатава». «Радыкалы, якіх каардынавалі праз Telegram», заблякавалі дарогу на завод, «каб паралізаваць ягоную працу», і падпалілі аўтамабіль, гаворыцца ў паведамленьнях МУС.

Сілавікі «заходзілі з тылу, манэўравалі на матацыклах паміж машынамі, выцягвалі завадатараў і перадавалі іх групам затрыманьня».

Вызваліць закладнікаў з спартовага комплексу дапамог службовы сабака, які «нэўтралізаваў аднаго з узброеных злачынцаў», што дазволіла бясьпечна ўвайсьці ў будынак асноўнай групе байцоў.

Аўтобус і шматпавярховы будынак штурмавалі з выкарыстаньнем БПЛА.

«Пасьля 2020 году заканадаўства перагледжанае, і сёньня ў нас дастаткова рычагоў і магчымасьцяў, — заявіў міністар Кубракоў. — Калі для выкананьня задачы патрабуецца дзейнічаць нестандартна — значыць, так і рабіце. Я вас заўсёды падтрымаю», — дадаў ён.

Сілавікі сярод іншага адпрацавалі прыцягненьне спэцтэхнікі МНС. Міністар унутраных спраў Іван Кубракоў заявіў, што супольныя дзеяньні сілавікоў і ратавальнікаў трэба давесьці да аўтаматызму.

«Асаблівасьць прысталічнага рэгіёну ў тым, што вобласьць вялікая, тут засяроджаная вялікая колькасьць буйных прадпрыемстваў і арганізацыяў, якія могуць стаць аб’ектамі ўзьдзеяньня дэструктыўных сілаў», — заявіў Кубракоў.

У сваёй прамове ён згадаў рэзананснае абрабаваньне ювэлірнай крамы ў Менску. Паводле Кубракова, пры затрыманьні байцы антытэрарыстычнага падразьдзелу «Алмаз» дзейнічалі ў нестандартнай абстаноўцы.

«Прамаруджаньне магло каштаваць жыцьця: у злачынцы быў нож, а перад ім у аўтобусе сядзела дзіця», — сказаў Кубракоў

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Сёлета па ўсёй краіне праводзяць вучэньні падразьдзелаў МУС. У некалькіх выпадках улады ўдакладнялі мэту іх правядзеньня — на выпадак тэрарыстычных актаў, патрэбы прыкрыцьця дзяржаўнай мяжы, стварэньня рэзэрваў і іх своечасовай перадысьлякацыі пры патрэбе або для спыненьня «масавых беспарадкаў».

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі, улады якой падтрымалі гэтую агрэсію, практычна безь перапынку праводзяць вучэньні вайсковых і іншых парамілітарных падразьдзелаў.

Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў аб пагрозах ад Украіны і іншых суседзяў Беларусі, у тым ліку тэрарыстычных. Гэта аніразу ня мела пацьверджаньня.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG