Ва ўпраўленьні ўнутраных справаў Горадзенскага аблвыканкаму не ўдакладнілі, што маюць на ўвазе пад «асаблівымі умовамі».
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, у Горадні вучэньні пройдуць на вуліцы Чырвонаармейскай, у Лідзе — на вуліцы Лётнай, а ў Вялікай Бераставіцы — на паўночным уезьдзе ў мястэчка.
«У сувязі з гэтым у вызначаных лякацыях часова абмяжуюць рух усіх відаў транспарту. Паблізу аб’ектаў могуць быць чутныя гукі выбухаў і стрэлаў. Хвалявацца ня варта», — паведамілі ў УУС Горадзенскага аблвыканкаму.
Што папярэднічала і чаму гэта важна
Сёлета з сакавіка амаль ува ўсіх рэгіёнах Беларусі праводзяць вучэньні падразьдзелаў МУС. У некалькіх выпадках улады ўдакладнялі мэту іх правядзеньня — на выпадак тэрарыстычных актаў, патрэбы прыкрыцьця дзяржаўнай мяжы, стварэньня рэзэрваў і іх своечасовай перадысьлякацыі пры патрэбе або для спыненьня «масавых беспарадкаў».
Такія вучэньні ўжо прайшлі ў Віцебскай, Берасьцейскай і Магілёўскай вобласьцях.
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі, улады якой падтрымалі гэтую агрэсію, практычна безь перапынку праводзяць вучэньні вайсковых і іншых парамілітарных падразьдзелаў.
Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў аб пагрозах ад Украіны і іншых суседзяў Беларусі, у тым ліку тэрарыстычных. Гэта аніразу ня мела пацьверджаньня.
Форум