Як паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал УУС Берасьцейскага аблвыканкаму, «4 чэрвеня ў Баранавічах пройдуць тактыка-страявыя заняткі па баявым зладжваньні сіл і сродкаў пры спыненьні масавых беспарадкаў».
Міліцыя паведамляе, што на адной з вуліц будзе перакрыты рух, «магчымы рух спэцыяльнай тэхнікі з уключанымі пробліскавымі маячкамі сіняга і чырвонага колеру і спэцыяльнай гукавой сыгналізацыі».
«Адзін з этапаў вучэньняў адбудзецца на тэрыторыі Лядовага палацу. Паблізу аб’екта могуць быць чутныя гукі выбухаў і стрэлаў. Хвалявацца ня варта», — паведамляе міліцыя.
Такія вучэньні сілавікоў апошнім часам праходзяць па ўсёй Беларусі, міліцыя вучыцца спыняць пратэсты, выкарытоўваючы пры гэтым зброю.
Чым выкліканыя такія вучэньні
Хоць міліцыя і папярэджвае, што жыхарам «хвалявацца ня варта», вучэньні такога кшталту выклікаюць у людзей успаміны пра траўматычны досьвед разгону пратэстаў 2020 года, калі шмат ні ў чым не вінаватых людзей прайшло праз катаваньні ў міліцэйскіх пастарунках.
«Калі хтосьці паспрабуе нанесьці калечаньні грамадзянам рэспублікі, супрацоўнікам аддзелаў унутраных спраў, усім, хто ўдзельнічае ў спыненьні масавых беспарадкаў, трэба ўжываць усе сродкі, у тым ліку агнястрэльную зброю. Мы да гэтага павінны быць гатовыя», — заявіў падчас такіх жа вучэньняў у Магілёве 27 траўня 2026 году міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў.
Ён настойвае, што «паўтарэньня падзеяў 2020 году ў краіне ня будзе».
«Таму і праводзім такія трэніроўкі, правяраем гатоўнасьць тэхнікі, сілаў і сродкаў, асабовага складу да дзеяньняў у асаблівых умовах».
Падобныя вучэньні раней прайшлі таксама ў Менску, на Берасьцейшчыне і Віцебшчыне.
Унутраныя войскі былі актыўна залучаныя ў здушэньне масавых пратэстаў у 2020 годзе, іх таксама прыцягвалі да разгону вулічных акцыяў у ранейшыя гады.
У сакавіку Аляксандар Лукашэнка ў чарговы раз узгадаў 2020 год і папярэдзіў, што цяпер улады пільныя.
«Калі хтосьці паспрабуе паўтарыць 2020 год, а там мы ўсе з вамі сербанулі ў 2020 годзе, — рэакцыя будзе вельмі жорсткай. Скажу больш: нягледзячы ні на якія законы. Я буду на гэта жорстка рэагаваць», — заявіў тады Лукашэнка.