Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве на вучэньнях адпрацавалі выкарыстаньне зброі падчас разгону пратэстаў. ФОТА

«Пратэстоўцы» на вучэньнях МУС несьлі жоўтыя, блакітныя і белыя сьцягі
«Пратэстоўцы» на вучэньнях МУС несьлі жоўтыя, блакітныя і белыя сьцягі

«Калі хтосьці паспрабуе нанесьці калечаньні грамадзянам рэспублікі, супрацоўнікам аддзелаў унутраных спраў, усім, хто ўдзельнічае ў спыненьні масавых беспарадкаў, трэба ўжываць усе сродкі, у тым ліку агнястрэльную зброю. Мы да гэтага павінны быць гатовыя», — заявіў падчас вучэньняў міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў.

«Як сказаў прэзыдэнт, паўтарэньня падзеяў 2020 году ў краіне ня будзе. І мы ідзём гэтым шляхам. Таму і праводзім такія трэніроўкі, правяраем гатоўнасьць тэхнікі, сілаў і сродкаў, асабовага складу да дзеяньняў у асаблівых умовах», — патлумачыў ён.

Падчас вучэньняў міліцыянты мадэлявалі затрыманьні ў дварах, спыненьне аўтобуса «з экстрэмісцка настроенымі грамадзянамі», разблякаваньне дарогі, вызваленьне закладнікаў.

Падобныя вучэньні раней прайшлі ў Менску, на Берасьцейшчыне і Віцебшчыне, паведаміла прэсавая служба МУС у Тэлеграме.

Унутраныя войскі былі актыўна залучаныя ў здушэньне масавых пратэстаў у 2020 годзе, іх таксама прыцягвалі да разгону вулічных акцыяў у ранейшыя гады.

У сакавіку Аляксандар Лукашэнка ў чарговы раз узгадаў 2020 год і папярэдзіў, што цяпер улады пільныя.

«Калі хтосьці паспрабуе паўтарыць 2020 год, а там мы ўсе з вамі сербанулі ў 2020 годзе, — рэакцыя будзе вельмі жорсткай. Скажу больш: нягледзячы ні на якія законы. Я буду на гэта жорстка рэагаваць», — заявіў тады Лукашэнка.

Іван Кубракоў (у цэнтры) падчас вучэньняў
Іван Кубракоў (у цэнтры) падчас вучэньняў


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG