«Спыненьне масавых беспарадкаў», у тым ліку «з блякаваньнем дарог і барыкадамі», а таксама «пошук і затрыманьне каардынатараў пратэстаў» адпрацоўваліся на комплексных камандна-штабных вучэньнях у Віцебску, паведаміла прэс-служба МУС.
За вучэньнямі 23 і 24 красавіка назіралі кіраўнік МУС Іван Кубракоў і ягоны намесьнік Мікалай Карпянкоў — два высокія міліцэйскія чыноўнікі, якія сталі вядомымі на ўсю Беларусь бязьлітасным разгонам пратэстаў у 2020 годзе.
Адзін з этапаў вучэньняў прайшоў на тэрыторыі гандлёвага цэнтру «Эвіком». Аб’ект быў зачынены, жыхароў папярэдзілі, што «могуць быць чутныя гукі выбухаў і стрэлаў».
На відэароліку, апублікаваным МУС, сярод іншага паказана, як сілавікі трэнуюцца затрымліваць журналістаў.
Папярэднія такія вучэньні праходзілі ў сакавіку.
У Беларусі на гэты момант за кратамі пасьля палітычных прысудаў і абвінавачваньняў улады ўтрымліваюць 23 супрацоўнікі СМІ. Агулам у турмах краіны застаюцца 837 палітычных зьняволеных.
Штотыдня ў Беларусі рэжым Лукашэнкі затрымлівае, арыштоўвае, судзіць, выносіць выракі, катуе і падаўжае зьняволеньне сотням асобаў.
Форум