«Мы вядзем зь імі перамовы. Годна. Вынесьлі за дужкі Расею і Кітай. Гэта не абмяркоўваецца. [...] Абмяркоўваем нашы двухбаковыя дачыненьні, пачынаючы ад аднаўленьня нармальнай работы амбасады да вызваленьня так званых палітвязьняў. Хоць у нас такіх артыкулаў няма. І эканамічныя пытаньні, і санкцыі — усё ў комплексе. Там пытаньняў дзесяць. Вядзем зь імі перамовы па ўсіх пытаньнях. Пытаньняў шмат», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Гэтую заяву Лукашэнка зрабіў падчас наведваньня Дрыбінскага раёну Магілёўскай вобласьці.
Лукашэнка ў чарговы раз узгадаў 2020 год і папярэдзіў, што цяпер улады пільныя.
«Калі хтосьці паспрабуе паўтарыць 2020 год, а там мы ўсе з вамі сербанулі ў 2020 годзе, — рэакцыя будзе вельмі жорсткай. Скажу больш: нягледзячы ні на якія законы. Я буду на гэта жорстка рэагаваць».
Таксама Лукашэнка расказаў, як нібыта пажартаваў у размове з амэрыканцамі:
«Так, яны хочуць вызваліць. Я ім жартам сказаў: „Хлопцы, я вас разумею, вы хочаце вызваліць тых, каго вы калісьці нанялі, каб нас зрынуць“».
Паводле палітыка, тэму распальваюць «у тым ліку з падачы нашых зьбеглых палітвязьняў. Калі ласка: 100, 200… Я ня ведаю, колькі іх там чалавек. У іх увесь час лічба гэтая павялічваецца».
Лукашэнка, насуперак задакумэнтаваным Міжнародным крымінальным судом фактаў прымусовай дэпартацыі былых палітвязьняў зь Беларусі, заявіў 13 сакавіка: «хочуць застацца — на здароўе, але толькі ў межах прававога поля». Але папярэдзіў пра тое, што зноў адправіць іх за краты ў выпадку парушэньня закону. «Тыя, хто нам не патрэбныя, — або будуць сядзець, або вы ў Амэрыку іх забераце»
Нагадаем, дзясяткі выпушчаных раней палітвязьняў у інтэрвію пасьля прыезду за мяжу адзначалі, што іх вывезьлі з краіны прымусова, не пакідаючы ніякіх шанцаў застацца ў Беларусі. Гэта наўпрост зьняпраўджвае словы Лукашэнкі пра тое, што вызваленыя з турмы палітзьняволеныя могуць самастойна выбіраць, застацца на радзіме ці выяжджаць за мяжу.
Былая палітзьняволеная журналістка Ларыса Шчыракова па факце сваёй прымусовай экспатрыяцыі падала скаргу супраць уладаў у ААН. Скаргу прынялі да разгляду.
Лукашэнка таксама выказаўся і пра сытуацыю ў Іране.
«Мы займаем акуратную ўзважаную пазыцыю. Чалавечую. З Іранам у нас былі добрыя дачыненьні. Разбамбілі краіну. Старажытная краіна. [...] Мы ня ўвязваемся ў гэтую вайну. Я не хачу навязваць сваёй краіне нейкія праблемы. Там амэрыканцы з габрэямі ўжо столькі сабе праблемаў стварылі», — сказаў ён.
«Іран — гэта вялікая краіна, горныя масівы. Яны шмат прарылі тунэляў і схавалі. Ніводная зброя не дастане. Гэта павінны былі ізраільцы пралічыць і выкласьці Трампу: „Вось такая сытуацыя. Што будзем рабіць?“. Прыехалі, стрэльбу ў рукі, наперад... Што выйшла? А нічога. Я ведаю, што яны хацелі. Гэта 4-5 пунктаў, пачынаючы ад зьвяржэньня ўлады і заканчваючы бамбёжкамі ядзерных аб’ектаў, адмовы ад ядзернай зброі. Нічога ня выйшла», — мяркуе Лукашэнка.
Лукашэнка таксама адрэагаваў на прапанову Ўкраіны лічыць комплекс «Арэшнік» законнай цэльлю і сказаў, што суседзям варта рабіць, каб не пацярпець ад яго ўдару:
«Каб не бахнуў „Арэшнік“, вы да нас ня лезьце. Ні з Украіны, ні з Польшчы, ні з Літвы, ні з Латвіі. Давайце па-чалавечы вырашаць пытаньні», — сказаў ён.
«Няхай лічаць законнай цэльлю. Яны ж абураліся, плакалі, цяпер прыціхлі — тое, што я лічу законнай цэльлю для Ўзброеных сіл Беларусі. Не пагражаю. Каб яны зноў гэта ня выхапілі і не пачалі. Вы што, мяркуеце, калі яны законнай цэльлю будуць лічыць аб’екты на тэрыторыі Беларусі, я буду спаць і назіраць. 70 кілямэтраў магу, 200 кілямэтраў магу. У нас ёсьць, чым дастаць. Таму я б ім параіў ня бразгаць языком і ня вякаць», — сказаў Лукашэнка.
- Беларусь падтрымала Расею ў яе поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны зь лютага 2022 году, надала тылавыя паслугі, дарогі, сваю тэрыторыю, вайсковыя базы і аэрадромы для нападу.
- Аляксандар Лукашэнка адкрыта падтрымлівае дзеяньні Расеі.
- Беларусь таксама абвінавачваюць у дапамозе Расеі пры вывазе ўкраінскіх дзяцей.
Форум