Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША актывізуюць спробы спыніць вайну ва Ўкраіне, але экспэрты ня бачаць прарыву

Джарэд Кушнер, Стыў Уінкаф і Ўладзімір Зяленскі ў Кіеве. 6 верасьня 2026 году
Джарэд Кушнер, Стыў Уінкаф і Ўладзімір Зяленскі ў Кіеве. 6 верасьня 2026 году

Адміністрацыя Дональда Трампа аднавіла дыпляматычныя намаганьні дзеля спыненьня вайны Расеі супраць Украіны. Аднак пасьля візытаў амэрыканскіх пасланьнікаў у Маскву і Кіеў былыя амбасадары ЗША ва Ўкраіне ня бачаць прыкметаў таго, што пазыцыя Масквы зьмянілася настолькі, каб зрабіць мірнае пагадненьне магчымым.

Пра гэта піша вашынгтонскі карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Алекс Раўфоглу.

На выходных спэцыяльна ўпаўнаважаныя прэзыдэнта ЗША Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер накіраваліся ў Маскву і Кіеў у рамках спробы закласьці аснову для чарговага раўнду перамоваў. Але пасьля іх сустрэч з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім галоўнае пытаньне застаецца без адказу: ці зьмяніла Масква сваю пазыцыю дастаткова, каб зрабіць урэгуляваньне магчымым?

Трое былых амбасадараў ЗША ва Ўкраіне ў інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода 6 верасьня заявілі, што адказ пакуль што, здаецца, адмоўны. У гэтыя выходныя Ўіткаф і Кушнер упершыню разам паехалі ў Кіеў для перамоваў з Зяленскім пасьля сустрэчы з Пуціным у Маскве.

Уіткаф ахарактарызаваў перамовы ў абедзьвюх сталіцах як канструктыўныя і сказаў, што Вашынгтон пачуў ад Масквы «новыя ідэі».

Кушнер сказаў, што Злучаныя Штаты працуюць над больш шырокім «мірным пакетам». Зяленскі, са свайго боку, назваў свае перамовы з амэрыканцамі «вельмі істотнымі» і заявіў, што Ўкраіна гатовая рухацца да трохбаковых перамоваў з удзелам Кіеву, Вашынгтону і Масквы.

Дарадцы па нацыянальнай бясьпецы зь Вялікабрытаніі, Францыі і Нямеччыны таксама далучыліся да часткі кіеўскіх перамоваў.

Ўільям Тэйлар
Ўільям Тэйлар

Але былыя амбасадары ЗША ў Кіеве папярэдзілі аб тым, што ня варта блытаць рух з прагрэсам.

Уільям Тэйлар-малодшы, які двойчы быў паслом ЗША ва Ўкраіне, назваў візыт у Кіеў «добрай навіной», але сьцьвярджае, што праблема — на іншым баку.

«Сапраўдная праблема дыпляматыі — ня Кіеў. Сапраўдная праблема дыпляматыі — не Вашынгтон. Сапраўдная праблема дыпляматыі — Масква», — сказаў Тэйлар.

Ён заявіў, што ня чуў ад Крамля нічога, што сьведчыла б пра тое, што Пуцін адышоў ад сваіх патрабаваньняў — прызнаць захопленыя ім украінскія тэрыторыі часткай Расеі.

Джон Хэрбст, які быў амбасадарам пры прэзыдэнце Джорджы Бушы-малодшым, даў падобную ацэнку. Ён сказаў, што цяперашнія намаганьні, магчыма, зьяўляюцца самай істотнай дыпляматычнай ініцыятывай ЗША за апошнія месяцы проста таму, што са студзеня было мала параўнальнай актыўнасьці. Але, дадаў ён, «пытаньне ў тым, ці ёсьць тут штосьці сур’ёзнае? І адказ такі: мы ня ведаем».

Джэфры Пает
Джэфры Пает

Джэфры Пайет, які быў паслом ЗША ва Ўкраіне з 2013 па 2016 год, таксама вітаў аднаўленьне амэрыканскага ўдзелу, папярэджваючы, што фундамэнтальнай перашкодай застаецца гатоўнасьць Расеі да дээскаляцыі.

Што за «новыя ідэі»?

Найбольш цікавым сьцьвярджэньнем, якое зьявілася ў выходныя, зьяўляецца заява Ўіткафа, што амэрыканцы пачулі ў Маскве «новыя ідэі». Ні ён, ні Кушнер публічна не растлумачылі, што гэта за ідэі. Для Ўільяма Тэйлара тэстам будзе канкрэтная ваенная дээскаляцыя.

«Згода Расеі спыніць агонь і застацца на цяперашніх лініях разьмежаваньня, спыненьне ўдараў далёкага радыюсу дзеяньня, спыненьні нападаў на энэргетычную інфраструктуру і ўзаемаразуменьне адносна суднаходзтва будуць азначаць сапраўдны адыход ад цяперашняй пазыцыі Масквы», — сказаў ён.

Без такіх крокаў слова «новы» рызыкуе апісаць прапановы, якія проста перафармулююць існуючыя расейскія патрабаваньні.

Джон Хэрбст
Джон Хэрбст

Хэрбст таксама зьвярнуў увагу на гісторыю няспраўджаных чаканьняў. Амэрыканскія чыноўнікі раней выказвалі меркаваньне, што Масква была гатовая пайсьці на кампраміс, але сутнасьць гэтых меркаваных кампрамісаў заставалася незразумелай. Гэтая гісторыя робіць асабліва важнымі дэталі сустрэч на гэтых выходных.

Высокапастаўлены чыноўнік адміністрацыі ЗША на ўмовах ананімнасьці паведаміў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што Вашынгтон застаецца гатовым і аптымістычна настроеным адносна магчымасьці чарговага раунда перамоваў з удзелам Масквы і Кіеву. Чыноўнік заявіў, што адміністрацыя ацэніць вынікі сустрэч Ўіткафа і Кушнера, перш чым вызначыць канкрэтныя наступныя крокі, у той час як бліжэйшыя тыдні будуць «важнымі для распрацоўкі больш падрабязнай дарожнай мапы».

Тэрыторыя і бясьпека застаюцца ключавымі праблемамі

Спасылка Кушнера на больш шырокі «мірны пакет» уздымае пытаньне аб тым, што на самой справе будзе ўтрымліваць такі пакет. Адказы былых паслоў сыходзяцца вакол двух фундамэнтальных пытаньняў: тэрыторыя і будучая бясьпека Ўкраіны.

Расея і Ўкраіна не сыходзяцца ў пытаньнях тэрыторыі. Масква запатрабавала ад Украіны саступак, якія Кіеў адхіліў, у той час як Украіна працягвае лічыць акупаваныя Расеяй землі сувэрэннай украінскай тэрыторыяй.

Тэйлар акрэсьліў адзін з магчымых спосабаў адзьдзяленьня непасрэднай рэальнасьці на месцы ад невырашальнай юрыдычнай спрэчкі. Паводле яго меркаваньня, Украіна і яе заходнія партнэры маглі б прызнаць той факт, што Расея кантралюе прыкладна 19 працэнтаў украінскай тэрыторыі, не прызнаючы гэты кантроль юрыдычна законным або пастаянным. У такіх рамках тэрытарыяльная спрэчка будзе фактычна замарожаная, а не ўрэгуляваная. Расея захавае фактычны кантроль, адмовіўшыся ад патрабаваньняў міжнароднага прызнаньня пастаяннага расейскага сувэрэнітэту над акупаванымі тэрыторыямі. Але Тэйлар падкрэсьліў, што няма ніякіх прыкмет таго, што Пуцін гатовы гэта прыняць.

Уладзімір Зяленскі заявіў, што тэрытарыяльнае пытаньне застаецца нявырашаным і ў канчатковым выніку патрабуе рашэньняў на самым высокім палітычным узроўні.

Хэрбст прытрымліваецца больш шырокага погляду, што мэты Пуціна выходзяць за рамкі тэрыторыі. Паводле яго ацэнкі, Крэмль імкнецца да істотнага кантролю над тэрыторыяй і палітычным кірункам Украіны — мэты, якія былі б несумяшчальныя з трывалым урэгуляваньнем, заснаваным на сувэрэнітэце і незалежнасьці Ўкраіны.

Дарэд Кушнер і Ўладзімір Зяленскі каля сабору Сьвятой Сафіі ў Кіеве, 6 вресьня 2026
Дарэд Кушнер і Ўладзімір Зяленскі каля сабору Сьвятой Сафіі ў Кіеве, 6 вресьня 2026

Спыненьне агню — гэта ня мір

Адрозьненьне паміж спыненьнем баявых дзеяньняў і ўрэгуляваньнем вайны становіцца ўсё больш важным. Тэйлар сказаў, што першым крокам да трывалага ўрэгуляваньня павінна быць усёабдымнае спыненьне агню, якое ахоплівае зямлю, паветра і мора.

Хэрбст таксама выступаў за спыненьне агню ў адпаведнасьці з існымі прынцыпамі ў спалучэньні з гарантыямі бясьпекі і намаганьнямі па аднаўленьні, накіраванымі на тое, каб зрабіць Украіну здольнай эканамічна і вайскова абараняцца.

Пытаньне бясьпекі ў рэшце рэшт можа аказацца яшчэ больш важным, чым тэрыторыя. Кіеў неаднаразова зьвяртаўся па гарантыі, дастаткова моцныя, каб стрымаць Расею ад паўторнага нападу пасьля дасягненьня любой дамоўленасьці. Тэйлар заявіў, што надзейная дамоўленасьць магла б уключаць разгортваньне эўрапейскіх войскаў ва Ўкраіне ў рамках кааліцыі краін, якія жадаюць гэтага, пры падтрымцы Злучаных Штатаў праз паветраныя сілы, выведку і іншыя магчымасьці. Ён таксама адзначыў канчатковую інтэграцыю Ўкраіны ў Эўрапейскі Зьвяз, у рэшце ў NATO як доўгатэрміновыя элемэнты яе бясьпекі.

Гэта запатрабавала б істотных абавязацельстваў Захаду ў той момант, калі Вашынгтон праявіў нежаданьне браць на сябе бестэрміновыя вайсковыя абавязацельствы. Такім чынам, для Ўкраіны спыненьне агню без надзейнага стрымліваньня можа проста стварыць паўзу перад новай вайной. Тым часам для Расеі такія заходнія гарантыі могуць быць менавіта тым, чаго Масква імкнецца пазьбегнуць.

Эўропа набліжаецца да стала перамоваў

Удзел брытанскага, францускага і нямецкага дарадцаў па нацыянальнай бясьпецы ў перамовах у Кіеве стаў адной з найбольш значных падзей выходных. Уіткаф заявіў, што іх прысутнасьць прадэманстравала, што «супрацоўніцтва мае вырашальнае значэньне» для дасягненьня ўрэгуляваньня.

Тэйлар пайшоў далей, сьцьвярджаючы, што ўдзел Эўропы неабходны, таму што эўрапейскія краіны, верагодна, будуць асноўнымі гарантамі любой дамоўленасьці аб бясьпецы для Ўкраіны. Эўропа таксама зьяўляецца асноўнай крыніцай фінансавай і ваеннай дапамогі Кіеву. Пакуль што эўрапейцаў, здаецца, прыцягнулі да кансультацый, а не далі ім афіцыйную ролю ў перамовах. Ці зьменіцца гэта, у значнай ступені залежыць ад таго, што Вашынгтон у рэшце рэшт пакладзе на стол перамоваў і што Масква гатовая прыняць.

Разрыў паміж дыпляматычным узаемадзеяньнем і паводзінамі на полі бою паказальны. Калі Масква і Кіеў ня змогуць стрымаць ваенныя дзеяньні нават падчас перамоваў, дасягнуць пагадненьня аб усёабдымным спыненьні агню будзе значна цяжэй. Хэрбст сказаў, што першым сьведчаньнем эфэктыўнасьці перамоў у бліжэйшыя дні будзе тое, ці пачнуць зьяўляцца падрабязнасьці таго, што абмяркоўвалася ў Маскве і Кіеве, і як на іх адрэагуюць Вашынгтон, Кіеў і Масква.

Як сказаў Пайет, былы пасол ЗША, які служыў у Кіеве ў першыя гады вайны з Расеяй, аднаўленьне дыпляматычнага ўзаемадзеяньня ЗША вітаецца, але фундамэнтальнай праблемай застаецца гатоўнасьць Пуціна да дээскаляцыі і яго разуменьне таго, чаго ўкраінцы хочуць для будучыні сваёй краіны.

  • 16x9 Image

    Алекс Раўфоглу

    Карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа/ Радыё Свабода ў Вашынгтоне.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG