Пасланцы прэзыдэнта ЗША Стыў Ўіткаф і Джарэд Кушнер у Кіеве зрабілі першыя заявы пра перамовы і далейшым шляху да міру, паведаміла «РБК-Украіна».
Пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім амэрыканскія прадстаўнікі расказалі аб сваіх уражаньнях ад візыту і перамоваў.
Стыў Уіткаф адзначыў, што амэрыканскі бок плянуе заставацца ва Ўкраіне столькі, колькі спатрэбіцца.
«У нас адбылася вельмі значная, зьмястоўная і важная размова. Мы вельмі натхнёныя. Мы плянуем заставацца тут столькі, колькі спатрэбіцца», — заявіў ён.
У сваю чаргу Джарэд Кушнер заявіў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп «рашуча настроены» дамагчыся канца расейска-ўкраінскай вайны і засяродзіцца на інвэставаньні ў бізнэс-магчымасьці для Ўкраіны і ЗША, паведамляе «Укрінформ».
«Прэзыдэнт Трамп заўсёды кажа, што чым цяжэй, тым лепш. Калі гэта таго варта, трэба аддаць усё, што ў цябе ёсьць. І таму ён вельмі рашуча настроены дамагчыся канца гэтай вайне і сьмярцям, убачыць сем’і разам і, спадзяюся, зрабіць тое, што ён любіць рабіць лепш за ўсё, гэта значыць засяродзіцца на інвэставаньні ў бізнэс-магчымасьці, каб зблізіць краіны, і, спадзяюся, гэта прынясе дабрабыт і магчымасьці народу Украіны і народу Эўропы», — сказаў ён.
Пазьней прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі таксама назваў перамовы з амэрыканскімі прадстаўнікамі зьмястоўнымі і заклікаў аднавіць трохбаковыя перамовы з удзелам ЗША, Украіны і Расеі.
Напярэдадні візыту ў Кіеў, 5 верасьня Ўіткаф і Кушнер правялі сустрэчы ў Маскве, у тым ліку з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
Юрый Ушакоў, памочнік прэзыдэнта Расеі, які ўдзельнічаў у сустрэчы, назваў перамовы «зьмястоўнымі, вельмі шчырымі і канструктыўнымі». Ён дадаў, што пасланцы выклалі пазыцыю ЗША і паабяцалі данесьці меркаваньне Ўладзіміра Пуціна да ўкраінскага кіраўніцтва падчас перамоваў у Кіеве.
«Яны ня толькі выказалі сваю традыцыйную зацікаўленасьць у хуткім спыненьні баявых дзеяньняў, але і прапанавалі шэраг ідэй адносна магчымых шляхоў разьвязаньня сытуацыі», — сказаў ён.
Ушакоў заявіў, што Расея дасягне сваіх мэтаў і што «першапрычыны» канфлікту павінны быць ліквідаваны — гэты тэрмін Крэмль звычайна выкарыстоўвае для сваіх патрабаваньняў спыніць надзеі Ўкраіны на далучэньне да NATO, абмежаваць колькасьць вайскоўцаў ва Ўзброеных сілах Украіны, а таксама для шэрагу іншых патрабаваньняў, якія Кіеў адхіляе.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней заяўляў, што ягоныя пасланцы прадставяць мірнае пагадненьне расейскаму боку, а потым перададуць прапанову Ўкраіне на наступны дзень.
Трамп сказаў, што ў Вашынгтону ёсьць «ідэя міру», і што ягоныя пасланцы «прынясуць з сабой прапанову аб спыненьні вайны».
«Мы адправілі іх туды, каб паглядзець, ці зможам мы нечага дасягнуць, і, магчыма, у нас ёсьць добры шанец гэта зрабіць», — сказаў Трамп журналістам 4 верасьня.
Візыт пасланцоў ЗША ў Кіеў стаў іх першай паездкай ва Ўкраіну з таго часу, як яны ўзначалілі намаганьні адміністрацыі ЗША па спыненьні вайны. Візыт раней плянаваўся на жнівень, але быў адкладзены праз узмацненьне расейскіх удараў па Ўкраіне.
Дональд Трамп абвясьціў спыненьне вайны Расеі супраць Украіны прыярытэтам, калі ўступіў на пасаду прэзыдэнта ЗША ў студзені 2025 года, але пагадненьне пакуль не дасягнута, і перамовы зайшлі ў тупік на фоне амэрыкана-ізраільскай вайны супраць Ірану.
У пачатку жніўня дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў у інтэрвію Fox News, што Вашынгтон мае намер актывізаваць намаганьні па мірным урэгуляваньні ва Ўкраіне.