Даклад прысьвечаны практыцы транснацыянальных рэпрэсіяў, якую рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае супраць сваіх палітычных апанэнтаў за межамі краіны.
Аўтары аналізуюць злоўжываньне мэханізмамі Інтэрполу і двухбаковых пагадненьняў аб экстрадыцыі і міжнароднай прававой дапамозе, а таксама іншыя спосабы міжнароднага перасьледу беларусаў.
У дакладзе на 30 старонках прыведзеныя вытрымкі з крымінальных спраў, заведзеных на беларусаў, а таксама дадзеныя зьвесткі пра 11 супрацоўнікаў беларускага Нацыянальнага цэнтральнага бюро (НЦБ) Інтэрполу, з дапамогай якога праз сыстэму Інтэрполу рэжым перасьледуе беларусаў. Таксама ў дакладзе зьмешчаныя рэкамэндацыі тым, каму патрэбная дапамога.
Маштаб рэпрэсій у Беларусі
Аўтары дакладу налічылі ў Беларусі больш за 33 000 затрыманьняў паводле палітычных матываў у 2020 годзе.
У 2021-2024 гадах, паводле дасьледчыкаў, штогод было ад 6 300 да 6 550 затрыманьняў. У 2025 годзе было не менш за 1 254 асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах, а з пачатку студзеня да чэрвеня 2026 года яшчэ не менш за 500 чалавек падвергліся крымінальнаму перасьледу.
У цэлым, паводле аўтараў дакладу, з 2020 году больш за 65 000 беларусаў падвергліся палітычна матываваным затрыманьням і далейшаму перасьледу. За гэты ж пэрыяд вынесьлі не менш за 8590 прысудаў па палітычна матываваных справах.
Таксама ў дакладзе адзначаецца, што для палітычнага ціску і падаўленьня іншадумства рэжым Лукашэнкі сыстэматычна выкарыстоўвае заканадаўства аб «экстрэмізьме» і «тэрарызьме».
Па стане на чэрвень 2026 году ў Беларусі:
- 6 745 чалавек уключаныя ў сьпіс так званых «экстрэмістаў»,
- 1 628 чалавек — у сьпісе «тэрарыстаў»,
- 373 арганізацыі і ініцыятывы прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
З 2020 году ў Беларусі ліквідавалі не менш за 2 044 няўрадавыя арганізацыі, што аўтары дакладу вызначаюць як «фактычны дэмантаж незалежнага грамадзянскага сэктару».
Вымушаная эміграцыя беларусаў
Важнай прыкметай палітычных рэпрэсій у Беларусі зьяўляецца масавая вымушаная эміграцыя, сьцвярджаюць аўтары дакладу.
Дасьледчыкі апэруюць ацэнкамі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, паводле якога з 2020 году да 300 000 чалавек былі вымушаныя пакінуць Беларусь. У ААН мяркуюць, што гэта стала вынікам «скаардынаванай кампаніі гвалту і рэпрэсій, наўмысна скіраваных супраць тых, хто выступае супраць урада або выказвае крытычнае ці незалежнае меркаваньне», з чым згодныя аўтары дакладу.
Але рэпрэсіі не заканчваюцца на мяжы, падкрэсьліваюць дасьледчыкі і адзначаюць рост фактаў перасьледу беларускай дзяржавай сваіх крытыкаў і за мяжой. Паводле іх высноў, гэтая сыстэма трымаецца на некалькіх узаемазьвязаных практыках: завочных судах, прымусовых дэпартацыях, ануляваньні пашпартоў высланых, а таксама на злоўжываньні мэханізмамі Інтэрполу.
Завочныя суды
Практыка завочных судоў вядомая ў Беларусі з 2022 году, на канец 2025 году было вядома ўжо пра ня менш за 200 такіх працэсаў, пазначана ў дакладзе. У дакумэнце прыведзенае меркаваньне экспэртаў ААН, якія таксама былі ўстрывожаныя маштабам гэтай практыкі. Паводле агульнай ацэнкі беларускае заканадаўства аб завочных судовых працэсах ігнаруе асноўныя гарантыі справядлівага судовага разбору, замацаваныя ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваным Беларусьсю.
Менавіта завочныя прысуды рэжым спрабуе выкарыстоўваць для міжнароднага вышуку апанэнтаў, якія зьехалі з краіны, баючыся рэпрэсій, мяркуюць аўтары дакладу.
Дасьледчыкі цытуюць незалежнага юрыста і абаронцу беларускіх уцекачоў Алеся Міхалевіча:
«Афіцыйны Менск лічыць, што задзейнічаньне каналаў Інтэрполу на падставе такога судовага рашэньня нейкім чынам дапаможа ім», — мяркуе Алесь Міхалевіч.
Эўрапейскі парлямэнт назваў завочны перасьлед беларусаў за мірную дзейнасьць за мяжой прамым парушэньнем сувэрэнітэту краін Эўразьвязу і заклікаў дзяржавы ігнараваць запыты па каналах Інтэрполу, якія фактычны накіраваныя на выдачу апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі.
Пазбаўленьне і ануляваньне дзейных пашпартоў
Грубым парушэньнем правоў беларусаў назвалі аўтары дакладу факты пазбаўленьня пашпартоў былых палітвязьняў, якіх прымусова дэпартавалі з краіны. Паводле праваабаронцаў «Вясны» гэтыя захады з 2025 году тычыліся ўжо дзясяткаў беларусаў: некаторых дэпартавалі без асабістых дакумэнтаў, некаторым анулявалі пашпарты ўжо пасьля дэпартацыі, заднім чыслом прызнаўшы іх «непрыдатнымі для выкарыстаньня».
Незалежныя экспэрты ААН, на якіх спасылаюцца аўтары дакладу, рашуча асудзілі гэта. Паводле экспэртаў, гэта было зроблена без прававых падставаў і парушае базавыя правы чалавека: свабоду перамяшчэньня, права на ўезд ва ўласную краіну, забарону дыскрымінацыі. Экспэрты адзначаюць, што падобныя меры могуць пакінуць людзей зусім без грамадзянства, а тое, што адбываецца, называюць «працягам рэпрэсій у іншай форме і ўжо за межамі краіны».
Запыты на экстрадыцыю
Рэжым Лукашэнкі дамагаецца затрыманьняў і экстрадыцыі сваіх апанэнтаў, якія пражываюць за мяжой, ня толькі пра Інтэрпол, адзначаюць аўтары дакладу. Дзеля гэтага рэжым карыстаецца Канвэнцыяй аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах дзяржаў СНД, а таксама двухбаковымі дамовамі аб прававой дапамозе і выдачы, якія Беларусь заключыла з замежнымі дзяржавамі.
У дакладзе прыведзеныя прыклады спраў, якія дэманструюць такую практыку.
Гэтак, у 2024 годзе беларускую актывістку Дыяну Маісеенка на запыт з Беларусі затрымалі ў Армэніі. Актывістка была вызваленая пасьля тлумачэньняў, атрыманых ад офісу Сьвятланы Ціханоўскай.
Другі прыклад — справа актывіста Дзьмітрыя Плескачова, выдачы якога з Польшчы таксама дамагаліся беларускія ўлады на падставе двухбаковага пагадненьня. Справа пасьпяхова для актывіста вырашылася ў 2024 годзе таксама пасьля прававой дапамогі з боку беларускіх дэмакратычных сіл.
Абмежаваньне доступу да мэханізму Інтэрполу
У 2023 годзе злоўжываньні з боку беларускага рэжыму ўжо былі прадметам разгляду ў межах Інтэрполу: Беларусь тады знаходзілася пад так званымі «карэкцыйнымі захадамі» арганізацыі, што ўказвала на наяўнасьць сур’ёзных праблем з выкарыстаньнем беларускім нацыянальным бюро Інтэрполу інфармацыйнай сыстэмы гэтай міжнароднай арганізацыі ў сваіх палітычных мэтах.
Ці варта захоўваць альбо нават павялічваць гэтыя абмежаваньні?
Аўтары дакладу мяркуюць, што Інтэрполу варта ня толькі захаваць, але і ўзмацніць абмежаваньні ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку больш жорсткую папярэднюю праверку і карэкціроўку запытаў, якія паступаюць праз беларускае нацыянальнае бюро да таго часу, пакуль рэжым працягвае выкарыстоўваць крымінальны перасьлед як інструмэнт транснацыянальных рэпрэсій.
- Інтэрпол — гэта міжурадавая арганізацыя ведамстваў крымінальнага перасьледу са штаб-кватэрай у Ліёне (Францыя), якая налічвае 196 чальцоў, у тым ліку Беларусь.
- Паводле Інтэрполу, яго місія заключаецца ў тым, каб «дапамагаць паліцыі працаваць разам, каб зрабіць сьвет больш бясьпечным».
- Аўтары дакладу і беларускія праваабаронцы мяркуюць, што рэжым Лукашэнкі маніпулюе інфармацыйнай сыстэмай Інтэрполу для распаўсюду рэпрэсій на сваіх апанэнтаў, якія знаходзяцца за мяжой. Зьвесткі, якія праз Інтэрпол распаўсюджваюць пра людзей, якія знаходзяцца ў вышуку, у сьвеце называюць «чырвонымі сыгналамі».
- Паводле рэкамэндацый аўтараў дакладу абараніцца ад такіх дзеяньняў можна з дапамогай звароту ў юрыдычную каманду офісу Сьвятланы Ціханоўскай на адрас legal@tsikhanouskaya.org.
Форум