Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джона Коўла ўзнагародзілі прэміяй імя Паліткоўскай за вызваленьне беларускіх палітвязьняў

Джон Коўл. Архіўнае фота
Джон Коўл. Архіўнае фота

Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коўл нядаўна паведаміў пра магчымасьць вызваленьня новай групы беларускіх палітвязьняў найбліжэйшым часам.

Адным зь ляўрэатаў прэміі «Камэртон» імя Ганны Паліткоўскай стаў спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл.

Як паведаміла расейская «Новая газета», ляўрэатамі прэміі «Камертон» імя Паліткоўскай сталі выданьні The Bell, «Вёрстка» і сьпявак Барыс Грабеншчыкоў.

«Спэцыяльны прыз атрымаў амэрыканец Джон Коўл, які выцягнуў амаль 500 палітвязьняў зь беларускіх турмаў», — паведаміла «Новая газета».

Рашэньне агучылі 27 жніўня ў Маскве. Прэмія заснаваная ў памяць аб забітай у 2006 годзе журналістцы «Новой газеты» Ганны Паліткоўскай, яе ўручалі 14-ы раз.

Узнагарода даецца за выдатныя дасягненьні ў абароне правоў чалавека і мужнасьць у адстойваньні свабоды слова. Яе даюць за сумленнасьць, грамадзянскую адказнасьць, годнасьць і чалавечую спагаду. Ляўрэатамі прэміі ў розныя гады былі журналісты, праваабаронцы і дзеячы культуры.

«Сёлета асаблівы прыз — камэртон з надпісам „За выратаваньне жыцьцяў“ уручаны замежнаму грамадзяніну Джону Коўлу, спэцыяльнаму пасланніку прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Яму ўдалося вызваліць амаль 500 палітычных зьняволеных Беларусі. Менавіта ён быў тым чалавекам, які, гледзячы на гэтых людзей, вымавіў галоўныя словы: „Вы вольныя“», — паведамляе «Новая газета».

Джон Коўл ад імя прэзыдэнта ЗША праводзіць перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, у выніку якіх на волю выпускаюць палітычных вязьняў. Частцы зь іх улады Беларусі не аддаюць пашпарты і вывозяць за мяжу.

Што папярэднічала

Джон Коўл заявіў яшчэ 28 красавіка, што разьлічвае дамагчыся наступнага вызваленьня вязьняў у Беларусі. Паводле яго, у выпадку такога разьвіцьця падзеяў магчымае далейшае зьмякчэньне санкцыяў, накладзеных на Менск. У беларускай сталіцы правялі буйны пратэстанцкі фэстываль, на якім госьцем быў пратэстанцкі прапаведнік Франклін Грэм, сябар Коўла.

Аднак, насуперак спадзяваньням, новага масавага вызваленьня палітвязьняў у траўні Беларусі не адбылося.

У чэрвені 2026 году Коўл таксама рабіў запіс аб вызваленьні палітвязьняў у сетцы Х. Ён адрэагаваў на публікацыю лідэркі дэмакратычных сілаў Сьвятланы Ціханоўскай у сувязі з гадавінай выхаду на волю яе мужа — блогера Сяргея Ціханоўскага.

«Іх будзе больш!» — напісаў Коўл.

Нядаўна Джон Коўл зноў паведаміў у сетцы X, што новая група беларускіх палітвязьняў можа быць вызваленая неўзабаве.

На 28 жніўня беларуская праваабарончая супольнасьць прызнае палітвязьнямі 889 чалавек.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG