Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скрыні для «Градаў», насілкі для параненых, кветкі для забітых. Што робяць у беларускіх калёніях для расейскай вайны

Скрыня для боекамплекту «Градаў» каля разьбітай расейскай калёны ва Ўкраіне, архіўнае фота
Скрыня для боекамплекту «Градаў» каля разьбітай расейскай калёны ва Ўкраіне, архіўнае фота

За больш як чатыры гады расейскай маштабнай вайны супраць Украіны сьпіс вырабаў, якія на замову з Расеі вырабляюць у беларускіх калёніях, значна павялічыўся.

Да ранейшых адносна мірных тавараў — такіх як мэбля, спэцадзеньне, шпулі для кабэлю — дадаліся тавары наўпрост вайсковага прызначэньня або тыя, патрэба ў якіх рэзка павялічылася праз вайну.

Былыя палітвязьні з трох калёніяў — магілёўскай, шклоўскай і івацэвіцкай — расказалі Свабодзе, што там робяць для расейскай вайсковай прамысловасьці, колькі зарабляюць, зь якім настроем выконваюць «адказныя» задачы і зь якімі наступствамі для здароўя даводзіцца сутыкацца.

«Замова зьявілася пасьля наступу Ўзброеных сілаў Украіны ў Курскай вобласьці»

Папраўчая калёнія № 15 знаходзіцца пад Магілёвам, у вёсцы Вейна. Былы палітвязень Мікалай (імя зьмененае дзеля бясьпекі сям’і) адбыў у калёніі 4 гады.

«Заехаў акурат у пачатку вайны. Яшчэ на Эўропу працавалі — дровы для камінкоў зьвязвалі ў пакункі. Цяпер дроваў амаль ня робяць, бо няма куды везьці — санкцыі. Гэтак з Эўропы пераарыентаваліся на Расею», — параўноўвае Мікалай вёсны 2022 і 2026 гадоў.

Паводле былога палітвязьня, раней распаўсюджанымі відамі працаў таксама былі ачыстка дратоў ад ізаляцыі, пілаваньне дошак, зьбіваньне паддонаў або выраб шпуляў для кабэлю. Штосьці з гэтага яшчэ засталося, але прыйшлі і новыя замовы.

«Было, што і сартаваньнем плястыкавых бутэлек займаліся. Але зь зімы 2023 году пачаліся замовы, зьвязаныя з войскам. Спачатку сталі шыць вайсковую форму. Праўда, ня ведаю, для нашых ці для расейцаў. Гэта і цяпер працягваецца, бо цэх працуе. Потым сталі зьбіваць скрыні для снарадаў. Дакладна ведаю пра скрыні для „Градаў“ — такія расейскія мінамёты 122-га калібру. І замовы прыходзяць дагэтуль. Яшчэ, калі пачалася Курская апэрацыя ВСУ, недзе ў 2024 годзе, атрымалі з Расеі замову на раскладанкі. Казалі, што на Куршчыне шмат эвакуаваных, тых, хто застаўся без жытла, вось для іх у нас пачалі зьбіраць гэтыя пераносныя ложкі», — расказаў Мікалай.

Перад вызваленьнем сёлета ў сакавіку Мікалай выконваў іншае заданьне — зьбіраў для Расеі штучныя пахавальныя кветкі. Ружы, гвазьдзікі, туліпаны розных колераў. Чаму ён лічыць, што і гэтая замова была зьвязаная з вайной ва Ўкраіне?

«Заказы паступалі з Расеі, тэрміновыя. Мая норма была 500 кветак за дзень, яшчэ і прысьпешвалі. Кіроўца фуры казаў, што павязе ў Расею, там цяпер вялікі попыт на пахавальныя рэчы. Усе меркавалі, што кветкі для помнікаў забітым на вайне расейскім вайскоўцам. Але, вядома ж, дакумэнтаў ніхто не паказваў», — зазначыў Мікалай.

Сьцягі Расеі і штучныя кветкі на магілах расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне. Тамбоўская вобласьць, травень 2024 году
Сьцягі Расеі і штучныя кветкі на магілах расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне. Тамбоўская вобласьць, травень 2024 году

Паводле Мікалая, асаблівага рэжыму сакрэтнасьці вакол расейскіх замоваў, зьвязаных з вайной, у калёніі ён не назіраў.

«Нашым кантралёрам усё адно, абы норму выконвалі. Пагатоў што ты там схаваеш? У калёніі ўсе пра ўсё даведаюцца, як ні хавай. Вось недзе перад вызваленьнем пабачыў на „промцы“ (прамысловай зоне. — РС) партыю сабраных эвакуацыйных насілак для параненых. Таксама нашы хлопцы робяць. На свае вочы бачыў, што ў дакумэнтах яны пазначаныя як „матрацы, устойлівыя да вільгаці“, а ў рэальнасьці — тыповыя вайсковыя насілкі, з мэталічнымі ручкамі, паміж імі нацягнуты брызэнт, як мае быць», — кажа Мікалай.

З словаў былога палітвязьня ПК-15, выкананьне замоваў для Расеі не павялічыла заробкаў асуджаных. Чатыры гады Мікалай штомесяц атрымліваў за сваю працу ад 43 капеек да 7 рублёў. «Вядома ж, расейцам такое выгадна — гэта ж клясычная напалову рабская праца», — мяркуе Мікалай.

«Тры з чатырох станкоў працавалі без кажухоў»

Пра тое, што і ў шклоўскай калёніі № 17 вырабляюць скрыні для расейскіх снарадаў, расказаў былы палітвязень, палітык Павал Севярынец.

У ПК-17 Павал Севярынец адбыў больш за год. У ліпені 2023-га яго перавялі ў горадзенскую турму № 1, адкуль вызвалілі летась у сьнежні. Павал кажа, што нават пры той ізаляцыі ад іншых вязьняў, якую яму зладзілі ў калёніі, ён шмат чуў пра замовы ад расейскай «абаронкі». Ішлося пра нібыта скрыні для расейскіх «Градаў», згадаў Севярынец.

«Вязень пэўна казаў, што яны вырабляюць такія ж скрыні, якія ён бачыў у тэлевізіі як скрыні для „Градаў“. Зь ягоных словаў, ці гэта праўда, праверыць было немагчыма, але і падставаў не давяраць таксама не было», — расказаў Павал Севярынец.

Паводле Паўла Севярынца, у цэху, дзе ён працаваў, вырабляючы дошкі для далейшага выкарыстаньня на рознай вытворчасьці, у тым ліку для вырабу вайсковых скрыняў, вельмі дрэнна была арганізавана тэхніка бясьпекі.

«У самім цэху ў некалькіх месцах былі выхады на паверхню аголенага дроту. У дождж, калі цэх залівала, там можна было бачыць іскры, таму проста баяліся хадзіць побач, бо магло ўдарыць токам. Плюс станкі не былі абароненыя належным чынам. Прынамсі тры з чатырох працавалі без абарончых кажухоў. То бок калі рвалася мэталічная стужка-піла, яна проста вылятала як страла і магла забіць, калі б чалавек трапіў на гэтую лінію. Было, што станкі з станінаў валіліся, людзей траўмавала. Як правіла, у такім выпадку вінаватым робяць самога асуджанага. Дзякуй Богу, у мяне да траўмаў не дайшло», — расказаў Павал Севярынец.

Павал Севярынец, травень 2026 году
Павал Севярынец, травень 2026 году

За працу Паўлу Севярынцу штомесяц налічвалі заробак, зь якога вылічвалі большую частку на ўтрыманьне і вопратку, таму заставаліся, як кажа палітык, «капейкі».

«Брыгадзір мог і 100 рублёў атрымліваць, але гэты тарыф толькі для „актывістаў“. Мне ж нават на цяжкай працы, калі цягаў бярвеньне, не плацілі больш за 5 рублёў, а потым увогуле рубель за месяц налічвалі», — згадаў Севярынец.

На думку былога палітвязьня, расейцы ахвотна выкарыстоўваюць вытворчыя магчымасьці беларускіх калёніяў для сваіх патрэбаў, зьвязаных з вайной, але Севярынец сумняецца, што гэта выраб непасрэдна зброі.

«У калёніях вельмі выгадныя ўмовы, фактычна дармавая працоўная сіла. Але адначасова ёсьць і мінусы, бо сакрэтнасьці ніякай, затое могуць нашкодзіць. І кантроль за якасьцю там, шчыра кажучы, проста ніякі. Таму каб нешта сур’ёзнае выраблялі для „абаронкі“ ў калёніях — то наўрад ці, а простае, як вопратка ці скрыні для снарадаў, — гэта дапускаю», — кажа Павал Севярынец.

«На „абаронцы“ палітычныя рабілі выгляд, што працуюць»

Яшчэ адна ўстанова, дзе вырабляюць скрыні для мінаў і снарадаў, — папраўчая калёнія № 22 ля колішняга фальварку Воўчыя Норы пад Івацэвічамі. Былы палітвязень Аляксандар (імя зьмененае на ягоную просьбу) адбыў у гэтай калёніі два гады, вызваліўся летась. Аляксандру самому не давялося шмат працаваць на ўчастку, дзе выраблялі скрыні для расейскіх снарадаў, але пэўны досьвед ён атрымаў. Да таго ж, паводле яго, бачыў, як ставяцца палітвязьні да працы на расейскую «абаронку».

«Норма на ўчастку была — 20 скрыняў на дзень. Нават самі супрацоўнікі, калі давалі заданьне, называлі іх „міннымі скрынямі“. Такія, як труна, даўгія, іх скалочвалі з нашых дошак, а потым там жа фарбавалі ў цёмны колер. Я пераважна працаваў на іншым участку, на НКП, гэта нізкакваліфікаваная праца: нешта аднесьці, прынесьці, прыбраць. Але мы ўсе бачылі, як грузяць гэтыя скрыні — па іх прыяжджалі фуры з Расеі і туды назад адпраўляліся», — расказаў Аляксандар.

Скрыні, якія пакінулі расейскія вайскоўцы пасьля адступленьня ў Харкаўскай вобласьці, травень 2025 году
Скрыні, якія пакінулі расейскія вайскоўцы пасьля адступленьня ў Харкаўскай вобласьці, травень 2025 году

Паводле Аляксандра, асаблівага сакрэту з вырабу «мінных скрыняў» у калёніі не рабілі. Скрыні пазначалі нумарамі зь некалькіх лічбаў, бяз подпісаў. «Але кіроўцы тых фураў шчыра казалі, што гэта скрыні для «Градаў», і паўжартам дадавалі, што ўкраінцы «могуць і па вас жахнуць за гэта».

Аднойчы на кароткі тэрмін Аляксандра перавялі працаваць на ўчастак вырабу «мінных скрыняў». Тады ён і заўважыў, як большасьць палітвязьняў ставіліся да гэтай працы.

«Перавялі неяк у гэты ангар, але не пасьпеў скалаціць ніводнай скрыні. Бо хлопцы там натуральна зладзілі нешта накшталт „італьянскага страйку“ — калі працуюць марудна, цягнуць гуму, робяць выгляд. Палітычныя, калі хтосьці з супрацоўнікаў туды заходзіў, проста малацілі малаткамі па сталах, але нічога не зьбівалі. Я тое самае рабіў. Браў цьвікі, але ўбіваў іх ня ў скрыні, а проста ў стол», — згадаў Аляксандар.

Як успамінае Аляксандар, слова «сабатаж» не гучала, але ў думках было дакладна. Часам паміж вязьнямі праз гэта мог узьнікнуць невялікі канфлікт.

«Быў адзін хлапец з асаблівасьцямі, які паспрабаваў вылучыцца. Уявіце: працуе зьмена з 40 чалавек, якія за дзень ледзь вырабляюць 20 скрыняў. А тут зьяўляецца гэты хлопец і адзін за некалькі гадзінаў скалочвае 8 скрыняў. Тады яму даводзіцца тлумачыць, што гэтак нельга. „Навошта ты стараесься? Мы тут робім выгляд, што працуем, а ты вырашыў усіх падставіць?“ І плюс палітычныя хлопцы наўпрост казалі на гэтыя скрыні: „каб на іх там „прыляцела“!“. Бо ўсе выдатна разумелі, што гэта пойдзе на вайну», — згадаў былы палітвязень ПК-22 Аляксандар.

Паводле Аляксандра, на ўчастку, дзе рабілі «мінныя скрыні», вязьні зараблялі за месяц у сярэднім па «3-7, максымум 10 рублёў». Штодня гэтай працай былі занятыя да 100 чалавек.

Аляксандр наракае на шкоднасьць лягернай вытворчасьці для здароўя. Самымі шкоднымі ён назваў месцы, дзе фарбавалі скрыні, а таксама ўчастак, дзе з дратоў здабывалі каляровы мэтал, які, па чутках, таксама прадаваўся ў Расею. Акрамя таго, што абрэзкамі дратоў лёгка было параніць рукі і твар, ачышчаючы іх нажамі, дык яшчэ даводзілася дыхаць забруджаным паветрам або чорным дымам ад вогнішча, на якім абпальвалі ізаляцыю.

«Мінуў год ад вызваленьня, а ўсё яшчэ хаджу да лекараў, лячу скуру», — кажа Аляксандар, які цяпер жыве за мяжой.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG