Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паміж небам і зямлёй». Як жывуць былыя палітвязьні праз год пасьля першай вялікай хвалі вызваленьня

Былыя палітвязьні Натальля Дуліна, Ігар Карней, Сяргей Шэлег. Каляж
Былыя палітвязьні Натальля Дуліна, Ігар Карней, Сяргей Шэлег. Каляж

21 чэрвеня 2025 году ў выніку перамоваў паміж ЗША і рэжымам у Беларусі былі вызваленыя 14 палітвязьняў. Але вяртаньнем дадому для іх гэты дзень ня стаў — палітвязьняў вывезьлі зь месцаў зьняволеньня і неўзабаве даставілі ў Літву.

Мы паразмаўлялі з трыма былымі палітвязьнямі, якія выйшлі на волю роўна год таму: экс-журналістам Ігарам Карнеем, былой выкладчыцай Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальляй Дулінай і біёлягам Сяргеем Шэлегам.

Ігар Карней: Азоры, праца на будоўлі і кніга пра турму

Тое, што адбылося 21 чэрвеня 2025 году, былы журналіст Радыё Свабода Ігар Карней ня лічыць паўнавартасным вызваленьнем.

Ігар Карней засвойвае працу будаўніка на Азорах
Ігар Карней засвойвае працу будаўніка на Азорах

«Нават седзячы ў турме, у калёніі, я быў усё-ткі дома. Так, фармальна за агароджай, але ж гэта была Беларусь, Бацькаўшчына, Радзіма. Цяпер я вымушана ў эміграцыі», — кажа ён і падкрэсьслівае, што ўспрымае эміграцыю выключна як часовую з’яву.

«У гэтым сэнсе я аптыміст. Гэта для мяне вельмі вялікі стымул — дажыць да лепшых часоў і вярнуцца дадому», — адзначае Ігар.

У Беларусі засталася маці Ігара Карнея. Пасьля вызваленьня яна так і ня мела магчымасьці сустрэць сына.

«Для маці маё зьняволеньне фактычна ня скончылася, таму што яна мяне ня бачыць. Яна мяне ня здолела абняць, сустрэць, пакарміць — што для маці, мабыць, самае важнае», — кажа Карней.

Цяпер былы журналіст жыве ў Партугаліі, на Азорскіх выспах. Там Ігар Карней часткова ўзьяднаўся зь сям’ёй: побач зь ім жонка і малодшая з чатырох дачок.

Але і гэтае ўзьяднаньне, кажа Ігар, няпростае. Калі яго затрымалі, малодшай дачцэ было 11 гадоў.

«І гэтыя два гады, фактычна выкрасьленыя з жыцьця, аказаліся вельмі доўгім тэрмінам, таму што ў гэтым узросьце фармуецца асоба. У 11 гэта яшчэ дзіця, а ў 14 — ужо падлетак са сваімі капрызамі, характарам і норавам. Таму даводзіцца па-новаму знаёміцца з уласным дзіцём», — адзначае Карней.

Ігар Карней адразу пасьля вызваленьня. Вільня, 21 чэрвеня 2025 года
Ігар Карней адразу пасьля вызваленьня. Вільня, 21 чэрвеня 2025 года

Прававы статус у Партугаліі ў яго дагэтуль няпэўны. Былы палітвязень падаўся на міжнародную абарону, але праз шэраг мясцовых асаблівасьцяў ягоная справа рухаецца надзвычай павольна.

«Я ў падвешаным стане, паміж небам і зямлёй», — падкрэсьлівае Ігар.

За гэты год ён пасьпеў зьмяніць прафэсію, цяпер Ігар Карней працуе на будоўлі. Сваю новую справу ён называе «мірным будаўніцтвам»: працай, у якой трэба нешта ўзводзіць, а не разбураць.

У той жа час Ігар Карней прызнаецца: «Я ўсё жыцьцё працаваў у апэратыўнай журналістыцы, і таму па звычцы кожную раніцу разам з бутэрбродамі ўжываю і апошнія навіны».

Паводле Карнея, у турме менавіта інфармацыйная ізаляцыя была для яго адным з самых цяжкіх выпрабаваньняў — асабліва ў штрафным ізалятары, дзе ён правёў больш за паўгода.

«Ты разумееш, што ідзе вайна, што ў Беларусі неспакойна, што рэпрэсіі працягваюцца. Але інфармацыі няма», — падкрэсьлівае Ігар.

Свой турэмны досьвед Ігар Карней апісаў у кнізе. Рукапіс ужо гатовы і чакае выданьня.

«Гэта будзе яшчэ адзін дакумэнт на будучым працэсе супраць беларускага рэжыму. І чым больш такіх сьведчаньняў, тым лепш», — кажа Карней.

Натальля Дуліна: «Я не баюся слова „эміграцыя“ і не лічу яе трагедыяй»

Былая выкладчыца МДЛУ Натальля Дуліна таксама была сярод тых, каго 21 чэрвеня 2025 году вызвалілі і вывезьлі ў Літву.

Натальля Дуліна выступае на ІІІ Кангрэсе палітзняволеных Беларусі. Вільня, 21 траўня 2026 году
Натальля Дуліна выступае на ІІІ Кангрэсе палітзняволеных Беларусі. Вільня, 21 траўня 2026 году

Суразмоўца кажа, што першы год пасьля вызваленьня быў для яе «даволі лёгкім і спакойным». Пасьля выдварэньня зь Беларусі Дуліна пачала ўладкоўвацца ў Вільні: зьняла кватэру, пачала вывучаць горад, пайшла на курсы літоўскай мовы.

Пасьля атрыманьня віду на жыхарства яна адкрыла індывідуальную дзейнасьць і вярнулася ў прафэсію — пачала выкладаць італьянскую мову.

«У цэлым нейкіх асаблівых цяжкасьцяў у мяне не было, і адмоўных эмоцый я не адчувала. Мяне не „накрыла“, як многіх маіх суайчыньнікаў, якія вымушана апынуліся тут», — кажа Дуліна.

Паводле яе, дапамог канкрэтны плян дзеяньняў. Натальля кажа, што не хацела «таптацца на месцы» і паступова вырашала практычныя жыцьцёвыя задачы.

«Калі ўспамінаю тое, што адбылося год таму, я адчуваю тыя ж адмоўныя эмоцыі, што і тады, 21 чэрвеня 2025 году, калі мяне вывезьлі з мяхом на галаве ў невядомым для мяне кірунку і выкінулі на мяжы. Вядома, адчуваньні зараз ужо не такія вострыя, але засталося ранейшае стаўленьне да таго, як са мной абышліся — абурэньне і злосьць», — кажа Натальля.

Былая палітзьняволеная падкрэсьлівае, што ў Вільні ўжо адчувае сябе «як дома».

«Гэты горад вельмі спакойны, ненавязьлівы. Мне тут камфортна», — кажа яна.

Натальля Дуліна ў дзень вызваленьня. Вільня, 21 чэрвеня 2025 году
Натальля Дуліна ў дзень вызваленьня. Вільня, 21 чэрвеня 2025 году

У той жа час Натальля прызнаецца, што для паўнавартаснага адчуваньня спакою ёй не хапае стабільнасьці.

«Самае важнае — мець стабільную працу», — адзначае Натальля.

Акрамя працы і вучобы, Дуліна спрабуе сябе ў валянтэрстве — дапамагае ў прытулку для катоў. Гэта яна называе сваёй аддушынай.

«Увогуле я ўспрымаю ўсё, што са мной адбываецца, як новы жыцьцёвы досьвед», — кажа яна.

Сяргей Шэлег: «Я цяпер у такім шчасьлівым стане, калі магу быць кім заўгодна»

Біёляга Сяргея Шэлега ў 2022 годзе асудзілі да 8,5 гадоў зьняволеньня за ахвяраваньні беларускім арганізацыям, прызнаным пазьней «экстрэмісцкімі». Цяпер ён знаходзіцца ў Чыкага, у гасьцях у сына.

Сяргей Шэлег ў ЗША
Сяргей Шэлег ў ЗША

У адрозьненьне ад многіх былых палітвязьняў, якім пасьля вызваленьня даводзіцца наноў аднаўляць адносіны зь сям’ёй, Шэлег кажа, што ў яго такой праблемы не было — падчас зьняволеньня ён меў магчымасьць трымаць зь імі сувязь празь лісты і званкі.

Цяперашні жыцьцёвы пэрыяд экс-палітвязень апісвае так:

«Я цяпер зноў у такім шчасьлівым стане, калі магу быць кім заўгодна. Я ў стане філязофскай нявызначанасьці, якая можа выліцца ў што заўгодна».

Пра турму Сяргей Шэлег успамінае, але ня часта. Перажывае за тых, хто дагэтуль застаецца за кратамі. Паводле Сяргея, турэмны досьвед не зьмяніў ягоных базавых каштоўнасьцяў і сьветапогляду. Але зьмяніў стаўленьне да побыту.

«Канапа, фатэль, тэлевізар — гэта такое бытавое ўвасабленьне шчасьця. Гэтыя рэчы ня тое каб непатрэбныя. Але стаўленьне да іх ужо іншае», — кажа ён.

Да зьняволеньня Сяргей Шэлег называў сябе апалітычным чалавекам, цяпер жа ён прызнаецца, што адсочвае навіны сусьветнай палітыкі. Але навуковыя адкрыцьці, асабліва ў мэдыцыне і біятэхналёгіях, кажа ён, цікавяць яго больш.

Сяргей падкрэсьлівае, што за два гады, якія ён правёў у зьняволеньні, у навуцы шмат што зьмянілася. Асабліва Сяргея зьдзівіў бум прэпаратаў для зьніжэньня вагі, якія першапачаткова выкарыстоўваліся для лячэньня цукроўкі.

У турме ён сустракаў чалавека, які спрабаваў кантрабандай увезьці ў Беларусь адзін з такіх прэпаратаў, і тады ня мог зразумець, навошта гэта рабіць. Пасьля вызваленьня даведаўся, што гэтыя лекі сталі часткай новага сусьветнага трэнду.

Сяргей Шэлег у дзень вызваленьня. Вільня, 21 чэрвеня 2025 году
Сяргей Шэлег у дзень вызваленьня. Вільня, 21 чэрвеня 2025 году

Падчас знаходжаньня ў ЗША Шэлег амаль штодня наведвае трэнажорную залю і праводзіць там па тры-чатыры гадзіны. Яго ўразіла амэрыканская культура заняткаў спортам, асабліва сярод людзей старэйшага ўзросту.

«У трэнажорнай залі я не адчуваю сябе старым чалавекам. Там я бачу дзядуляў і бабуляў, гадоў на дваццаць старэйшых за мяне. На мяне гэта робіць самае пазытыўнае ўражаньне», — кажа ён.

Шэлег зьвяртае ўвагу і на паўсядзённую добразычлівасьць амэрыканцаў. Ён згадвае, як аднойчы малады чалавек, які займаў трэнажор, пасьля падышоў да яго праз усю залю, каб паведаміць: «Сэр, я ўжо скончыў».

«Я проста растаў ад задавальненьня. Вось гэтае жаданьне быць добразычлівым адно да аднаго — мне гэтая частка амэрыканскай культуры вельмі падабаецца», — кажа Шэлег.

На пытаньне пра тое, ці шкадаваў ён пра грашовыя пераводы, празь якія трапіў у турму, Сяргей Шэлег адказвае каротка:

«Я не схільны шкадаваць пра тое, што рабіў у мінулым. Мне гэта нават не прыходзіла ў галаву».



Ганна ЕРМАКОВІЧ

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG