«А я па наіўнасьці яшчэ разьлічваў, што да 2030 году маю прыстойны люфт. [...] Літаральна на тоненькага пасьпеў зрабіць новы ў пачатку лета 2020-га. Цікава, каб нехта першым не праявіў ініцыятыву спраўдзіць сапраўднасьць сіняй кніжыцы — так і маўчалі б? Пэўна, што так», — напісаў Ігар Карней у сваім допісе на старонцы ў Facebook.
Раней журналіст паведамляў, што Сьледчы камітэт Беларусі запрашаў яго зьявіцца ў менскае ўпраўленьне ведамства, каб атрымаць 1 беларускі рубель, а ў сакавіку выклікаў пазовам аддзел прымусовага пакараньня Фрунзенскага раёну Менску з нагоды налічанай яму запазычанасьці ў памеры 258,5 рубля.
Карнея затрымалі ў Менску 17 ліпеня 2023 году. 22 сакавіка 2024 году Менскі гарадзкі суд прызнаў Ігара Карнея вінаватым паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і пакараў 3 гадамі зьняволеньня і грашовым штрафам у памеры 20 тысяч рублёў. Рэпартэра пакаралі за супрацоўніцтва зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў, якую ўлады прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем. Вярхоўны суд пакінуў прысуд бяз зьмены.
13 сьнежня 2024 году Ігара Карнея пакаралі яшчэ 10 месяцамі зьняволеньня. Новы суд адбыўся ў Шклове. Карнея абвінавацілі паводле 411 артыкулу КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).
Праваабаронцы прызналі Ігара Карнея палітзьняволеным. У чэрвені 2024 Ігара Карнея для адбыцьця пакараньня перавялі ў папраўчую калёнію № 17 у Шклове.
21 чэрвеня 2025 году ў выніку сустрэчы пасланьніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі 14 палітвязьняў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, Ігара Карнея, выкладчыцу Натальлю Дуліну, актывіста анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскага-Ханада, уладальніцу беларускага і швэдзкага грамадзянства Галіну Красьнянскую, фігуранта справы «Саюзу беларускага нацыянальнага шчыта» Кірыла Балахонава, бізнэсоўца Сяргея Шэлега.
Форум