Кіраўнік Агенцтва трансатлянтычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі заявіў, што заявы Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова аб дачыненьнях з ЗША сьведчаць аб трывалым перамоўным працэсе паміж Менскам і Вашынгтонам.
«Найперш трэба адзначыць, што Лукашэнка даволі рэдка сустракаецца з амбасадарамі, толькі пры прызначэньнях. З Рыбаковым такія сустрэчы праходзяць рэгулярна. Яны праводзяцца публічна, і гэта таксама такі сыгнал для міжнароднай супольнасьці і для беларускай грамадзкасьці, што прыярытэт гэтай справе, якую вядзе Рыбакоў, вельмі высокі», — сказаў Валер Кавалеўскі ў камэнтары Свабодзе.
Паводле яго, досыць добразычлівы і канструктыўны тон Лукашэнкі паказвае, што перамоўны працэс паміж Менскам і Вашынгтонам працягваецца і сапраўды вядзецца да нейкіх новых вызваленьняў.
«Будзем на гэта спадзявацца, канешне. Тыдзень таму я таксама быў у Вашынгтоне і праводзіў сустрэчы менавіта па гэтай праблематыцы. У мяне таксама склалася такое адчуваньне, што прагрэс ёсьць, але ніхто зараз ня можа ўзяць на сябе такія абавязаньні заявіць пра нейкі графік таго, як будуць выглядаць наступныя крокі і калі будзе наступнае вызваленьне», — дадаў Валер Кавалеўскі.
Што папярэднічала
28 ліпеня Аляксандар Лукашэнка прыняў з справаздачай сталага прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова і вылучыў двухбаковыя беларуска-амэрыканскія дачыненьні як асноўную тэму сустрэчы. Аляксандар Лукашэнка вылучыў двухбаковыя беларуска-амэрыканскія дачыненьні як асноўную тэму цяперашняй справаздачы Валянціна Рыбакова.
«На тваю галаву выпаў і гонар, і вялікая-вялікая работа ў наладжваньні дачыненьняў паміж ЗША і Беларусьсю. У цесным кантакце працуеш з Джонам Коўлам. Перадай яму найлепшыя зычэньні і ягонай цудоўнай жонцы», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Паводле Лукашэнкі, цяперашняя абстаноўка ў двухбаковых дачыненьнях з ЗША і асабліва іх дынаміка — някепскія.
Лукашэнка зноў падкрэсьліў, што ягоная пазыцыя наконт дачыненьняў з Расеяй, Кітаем і Іранам застаецца ранейшай і ня ёсьць прадметам перамоваў з ЗША.
«Я патлумачыў аб нашых дачыненьнях, найперш з нашай Расеяй, з КНР, дый з Іранам. Мы шмат закраналі тэмаў. Мы ніколі не выкручваліся і ў дыпляматычныя тэрміны не хавалі сваю пазыцыю. Ад гэтага сёньня і выйграем. Яны цудоўна разумеюць, у тым ліку спадар Коўл, што мы можам, а што не», — сказаў Лукашэнка.
Пасьля сустрэчы з Лукашэнкам Валянцін Рыбакоў паведаміў журналістам, што літаральна некалькі дзён таму адміністрацыя ЗША перадала Беларусі свае прапановы, а кантакты з ЗША «маюць вельмі ўстойлівы і рэгулярны характар».
«З гэтай інфармацыяй прэзыдэнт азнаёміўся, даў адпаведныя даручэньні тым структурам, якія павінны займацца рэалізацыяй гэтых прапановаў», — сказаў Валянцін Рыбакоў. Але ніякіх дэталяў не падаў.
Сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН сказаў, што ўжо празь некалькі дзён вернецца ў Нью-Ёрк і сустрэнецца з Джонам Коўлам. «Пасланьне прэзыдэнта будзе яму перададзена. Будзем чакаць вынікаў», — сказаў Рыбакоў.
Валянцін Рыбакоў ня выключыў новага візыту Джона Коўла ў Менск, але ня стаў ўдакладняць магчымых датаў.
«Мы абмяркоўваем пытаньні, якія можам разьвязаць у нашых двухбаковых дачыненьнях, наступныя крокі, якія абодва бакі могуць і павінны зрабіць пасьля яго папярэдняга візыту. Магчыма, гаворка будзе пра нейкія наступныя візыты. Я зараз ня буду агучваць канкрэтныя рэчы або даты», — адзначыў ён.
Чаму гэта важна
Джон Коўл апошнім часам наведвае Менск для перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам, пасьля якіх улады Беларусі вызваляюць палітычных вязьняў.
28 красавіка, калі пры пасярэдніцтве ЗША адбыўся абмен вязьнямі на беларуска-польскай мяжы, Джон Коўл заявіў, што разьлічвае дамагчыся наступнага вызваленьня вязьняў у Беларусі цягам траўня. Паводле яго, у выпадку такога разьвіцьця падзеяў магчымае далейшае зьмякчэньне санкцыяў для Менску.
Аднак, насуперак спадзевам, новага масавага вызваленьня палітвязьняў у Беларусі не было.
Паводле праваабаронцаў, за ўвесь час амэрыканскіх кантактаў з уладамі Беларусі апошнія вызвалілі 440 палітвязьняў, паводле зьвестак Радыё Свабода — сама меней 447 грамадзян Беларусі і 31 грамадзяніна Украіны. Для многіх беларускіх палітвязьняў вызваленьне стала не вяртаньнем дадому, а пачаткам жыцьця ў вымушанай эміграцыі і сутыкненьнем з новымі выклікамі. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», тых, каго прымусова выправадзілі зь Беларусі, ужо 205 чалавек.
На 28 ліпеня беларуская праваабарончая супольнасьць прызнае палітвязьнямі 863 чалавекі.
Форум