Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коўл пра вызваленьні беларускіх палітвязьняў: «Іх будзе больш!»

Джон Коўл
Джон Коўл

Чарговы запіс аб вызваленьні палітвязьняў зрабіў у сацсетцы Х спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл.

Ён адрэагаваў на публікацыю лідэркі дэмсілаў Сьвятланы Ціханоўскай у сувязі з гадавінай выхаду на волю яе мужа — блогера Сяргея Ціханоўскага.

«Іх будзе больш!» — напісаў Коўл.

15 чэрвеня спэцпасланьнік заявіў, што неўзабаве можа чарговым разам прыбыць у Менск, піша Позірк.

Карыстальніца Lisa, у профілі якой пазначана, што яна жонка палітвязьня, спытала ў Коўла: «Калі мы можам чакаць вас у Менску?» На гэта ён ляканічна адказаў: «Хутка».

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Напярэдадні агенцтва Reuters апублікавала эксклюзіўны камэнтар Сьвятланы Ціханоўскай аб тым, што адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа паведаміла дзеячам беларускай апазыцыі ў выгнаньні пра затрымку ў сваіх намаганьнях дамагчыся ад Аляксандра Лукашэнкі вызваленьня новых палітвязьняў.

Як паведамляла Reuters са спасылкай на Ціханоўскую, амэрыканскі бок праінфармаваў яе, што «наступныя вызваленьні адкладзеныя на пэўны час», аднак яна ня можа раскрыць прычыны гэтага.

«Ведаючы прычыну, я не хвалююся. Вядома, мы хочам, каб як мага больш людзей выйшлі на волю як мага хутчэй, і любая затрымка пагаршае стан многіх зь іх. Але гэта не канец працэсу», — працытавала Reuters Ціханоўскую.



Ранейшыя спадзяваньні

Джон Коўл заявіў 28 красавіка, што разьлічвае дамагчыся наступнага вызваленьня вязьняў у Беларусі на працягу траўня. Паводле яго, у выпадку такога разьвіцьця падзеяў магчымае далейшае зьмякчэньне санкцыяў у дачыненьні Менску. У беларускай сталіцы правялі буйны пратэстанцкі фэстываль, на якім госьцем быў пратэстанцкі прапаведнік Франклін Грэм, сябар Коўла.

Аднак, насуперак спадзяваньням, новага масавага вызваленьня палітвязьняў у Беларусі не адбылося.

На 21 чэрвеня беларуская праваабарончая супольнасьць прызнае палітвязьнямі 843 чалавекі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG