Заява прагучала пасьля вызваленьня польска-беларускага журналіста і актывіста Анджэя Пачобута ў рамках абмену зьняволенымі на мяжы з Польшчай. Навіна была сустрэтая з вялікай радасьцю ў Варшаве, дзе вызваленьне Пачобута доўгі час лічылася адным з прыярытэтаў польскіх уладаў, азначае агенцтва Reuters.
Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл на прэсавай канфэрэнцыі ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы ў Варшаве паведаміў, што зноў наведае Беларусь праз 2-3 тыдні.
Коўл падкрэсьліў, што сёньняшні абмен адбыўся дзякуючы сяброўскім адносінам паміж прэзыдэнтамі ЗША І Польшчы Дональдам Трампам і Каралем Наўроцкім.
«Гэта пачалося ў верасьні [2025 году], калі прэзыдэнт Польшчы і прэзыдэнт ЗША сустрэліся ў Авальным кабінэце ў Вашынгтоне. І прэзыдэнт Польшчы даў ясна зразумець, што ён цэніць Анджэя Пачобута і хацеў бы, каб Беларусь яго вызваліла. Мая каманда больш за год працавала над тым каб вызваліць палітзьняволеных у Беларусі. Пакуль што мы здолелі вызваліць каля 500 чалавек, але кожны раз, калі я вёў перамовы з Лукашэнкам, я падымаў пытаньне пра тых людзей, якіх вызвалілі сёньня. Яны вельмі супраціўляліся гэтаму вызваленьню, але з часам нашыя адносіны з Лукашэнкам палепшыліся і атрымалася гэтага дамагчыся».
Раней Джон Коўл казаў, што дамагаецца вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі.
Форум