Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коўл анансаваў новы візыт у Беларусь і расказаў, як дамагаўся вызваленьня Пачобута

Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл (зьлева) і міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі на прэсавай канфэрэнцыі ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы ў Варшаве, 28 красавіка 2026 году
Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл (зьлева) і міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі на прэсавай канфэрэнцыі ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы ў Варшаве, 28 красавіка 2026 году

Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл на прэсавай канфэрэнцыі ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы ў Варшаве паведаміў, што зноў наведае Беларусь праз 2-3 тыдні.

Коўл падкрэсьліў, што сёньняшні абмен адбыўся дзякуючы сяброўскім адносінам паміж прэзыдэнтамі ЗША І Польшчы Дональдам Трампам і Каралем Наўроцкім.

«Гэта пачалося ў верасьні [2025 году], калі прэзыдэнт Польшчы і прэзыдэнт ЗША сустрэліся ў Авальным кабінэце ў Вашынгтоне. І прэзыдэнт Польшчы даў ясна зразумець, што ён цэніць Анджэя Пачобута і хацеў бы, каб Беларусь яго вызваліла.

Мая каманда больш за год працавала над тым каб вызваліць палітзьняволеных у Беларусі. Пакуль што мы здолелі вызваліць каля 500 чалавек, але кожны раз, калі я вёў перамовы з Лукашэнкам, я падымаў пытаньне пра тых людзей, якіх вызвалілі сёньня. Яны вельмі супраціўляліся гэтаму вызваленьню, але з часам нашыя адносіны з Лукашэнкам палепшыліся і атрымалася гэтага дамагчыся».

Раней Джон Коўл казаў, што дамагаецца вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі.

Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі сказаў на прэсавай канфэрэнцыі:

«Праз 1.860 дзён зьняволеньня ва ўмовах строгага рэжыму наш гераічны суайчыньнік, вязень справы свабоды Анджэй Пачобут знаходзіцца ў Польшчы цэлы і здаровы. Гэта цудоўны дзень. Гэта прыклад цеснага польска-амэрыканскага саюзу. Гэты дзень ня быў бы магчымы без прэзыдэнта Дональда Трампа, яго рашэньня і яго спэцыяльнага прадстаўніка спадара Коўла, а таксама цэлай каманды Дзярждэпартамэнту.

Хачу сардэчна падзякаваць усім, хто прыняў удзел у гэтай апэрацыі, перш за ўсё супрацоўнікам нашых спэцслужбаў, а таксама кіраўніцтву Міністэрства юстыцыі, пракуратуры, супрацоўнікам МЗС, якія ў супрацоўніцтве з польскімі і амэрыканскімі інстытуцыямі і інстытуцыямі некаторых іншых дзяржаў, якія скаардынавалі свае дзеяньні, змаглі дайсьці да сёньняшняга абмену».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG