Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Польшча правялі абмен зьняволенымі. Сярод тых, каго Менск перадаў Варшаве, — Анджэй Пачобут

абноўлена
Анджэя Пачобута на мяжы сустрэў прм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск. 28 красавіка 2026 году
Анджэя Пачобута на мяжы сустрэў прм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск. 28 красавіка 2026 году

Абмен у фармаце «пяць на пяць» адбыўся на мяжы Беларусі і Польшчы.

«У выніку апэрацыі 10 грамадзян розных краіны вызваленыя і атрымалі магчымасьць аб’яднацца з сем’ямі. Сярод вызваленых, у тым ліку, грамадзяне Беларусі, якія выконвалі асабліва важныя заданьні ў інтарэсах забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі і абароназдольнасьць нашай краіны», — паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Адзначаецца, што з улікам «асабістай просьбы» маці Анджэя Пачобута і актывісткі польскай меншасьці ў Беларусі Анжалікі Борыс, Аляксандар Лукашэнка ўключыў Анджэя Пачобута ў сьпіс для абмену.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» пацьвердзілі вызваленьне Анджэя Пачобута. Пачобута сустрэў прэм'ер Польшчы Дональд Туск.

Згодна з інфармацыяй беларускага боку, абмен стаў «кульмінацыяй складанага і працяглага перамоўнага працэсу паміж КДБ Беларусі і Агенцтвам выведкі Польшчы», які адбываўся паводле даручэньня Лукашэнкі. Перамовы пачаліся ў 2025 годзе.


Абмен праходзіў у пункце пропуску «Перароў — Белавежа». Паводле дзяржаўнага агенцтва БелТА, у Беларусь перадалі пяць чалавек — грамадзян Беларусі, Расеі і іншых краін СНД, а ў Польшчу — асуджаных у Беларусі і Расеі за «шпіянаж».

Як паведаміў спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл на сваёй старонцы ў сацсетцы Х, сёньня вызвалілі трох грамадзян Польшчы і двух грамадзян Малдовы.

Паводле яго, гэта стала магчыма, дзякуючы прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу і камандзе Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, а таксама «пры цеснай каардынацыі зь некалькімі надзейнымі партнэрамі».

«Мы дзякуем Польшчы, Малдове і Румыніі за іх неацэнную падтрымку ў гэтых намаганьнях, а таксама за гатоўнасьць прэзыдэнта Лукашэнкі працягваць канструктыўнае ўзаемадзеяньне са Злучанымі Штатамі. Пры прэзыдэнце Трампу Амэрыка выступае за сваіх хаўрусьнікаў і дасягае дыпляматычных перамог, якіх ніхто іншы ня можа дасягнуць», — напісаў Джон Коўл.

Грамадзяне Малдовы, якіх вызвалілі разам з Пачобутам, — супрацоўнікі Службы інфармацыі і бясьпекі. Іх абмянялі на грамадзянку Расеі Ніну Папову і грамадзяніна Малдовы Аляксандра Балана. Апошняга вінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе ў інтарэсах КДБ Беларусі.

«Для нашай краіны гэта перамога, якую нельга вымераць простай матэматычнай формулай: мы вярнулі дадому двух грамадзян, якія працуюць на Рэспубліку Малдова, адмовіўшыся ўзамен ад двух зняволеных, якія працавалі супраць Рэспублікі Малдова», — заявіла прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду. Яна таксама падзякавала адміністрацыі Дональда Трампа за спрыяньне ў «вызваленьні людзей з палону».

Сярод іншых абмененых на карысьць Расеі — расейскі археоляг Аляксандар Буцягін, затрыманы ў Польшчы на запыт Украіны.

Сярод вызваленых у Беларусі грамадзянаў Польшчы — манах-кармэліт Гжэгаж Гавэл. Пра гэта паведаміла RadioZET_NEWS.

Гжэгаж Гавэл, архіўнае фота
Гжэгаж Гавэл, архіўнае фота

Рэжым Лукашэнкі вінаваціў яго ў шпіянажы. Затрымлівала грамадзяніна Польшчы контравыведка КДБ.

Гэтая ж крыніца паведаміла і пра вызваленьне польскага прадпрымальніка, якога ў Беларусі асудзілі за шпіянаж на 14 гадоў. Ягонае імя не раскрываецца.

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
  • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
  • У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG