Фігурант прызнаў сваю віну і хадайнічаў аб разглядзе справы ў спрошчаным парадку, піша Позірк. Ён знаходзіцца пад хатнім арыштам, у паседжаньнях суда, якія праходзілі ў закрытым рэжыме, удзельнічаў па відэасувязі.
Па дадзеных СМІ, Балан быў затрыманы 8 верасьня 2025 года ў румынскай Тымішаары. Ён быў абвінавачаны ў перадачы сакрэтнай дзяржаўнай інфармацыі, зьвязанай з Румыніяй, афіцэрам КДБ Беларусі.
Па дадзеных сьледзтва, Балан абвінавачваўся ў тым, што ў 2024-2025 гадах сустракаўся ў Будапэшце з супрацоўнікамі выведкі беларускага КДБ. Сьцьвярджалася, што мэтай гэтых сустрэч было атрыманьне інструкцый і ажыцьцяўленьне выплат за аказаныя паслугі.
47-гадовы Балан быў вельмі актыўны ў сацыяльных сетках пасьля звальненьня з SIS, крытыкуючы дзейнасьць малдаўскіх спэцслужбаў, напрыклад, за нясвоечасовае ўмяшаньне і непрыняцьце мер супраць расейскага ўплыву на выбарах у Рэспубліцы Малдова.
У былога супрацоўніка выведкі ёсьць канал у Telegram пад назвай «Аляксандру Балан — экспэрт у галіне палітыкі бясьпекі» з 368 падпісчыкамі, які ён актываваў пасьля звальненьня, камэнтуючы бягучыя навіны, а таксама старонка ў Facebook з 953 падпісчыкамі, створаная ў сакавіку 2024 году.
За апошнія два гады ён правёў як мінімум чатыры прэс-канфэрэнцыі і быў запрошаны на некалькі тэлевізійных шоў у якасьці экспэрта. На адной з прэс-канфэрэнцый ён заявіў, што ў 2019–2022 гадах SIS ня будзе перашкаджаць уезду ў Малдову высокапастаўленых «эмісараў замежнай выведкі», якія будуць удзельнічаць ва ўмацаваньні ваенізаваных структур у сэпаратысцкім Прыднястроўі і кансультавацца з палітычным штабам.
Пасьля яго арышту 8 верасьня 2025 году ў аэрапорце Тымішаары Ўправа па расьсьледаваньні арганізаванай злачыннасьці і тэрарызму (DIICOT) заявіла, што падазрае Балана ў асабістых кантактах з замежнай дзяржавай — Рэспублікай Беларусь — і продажы ёй сакрэтнай інфармацыі.
Форум