На гэтыя пытаньні ў праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» адказвае палітоляг Кацярына Шульман.
0:00 Хто хоча сыходу Лукашэнкі
3:40 Ці захоча Пуцін захапіць Беларусь пасьля таго, як скончыцца вайна Расеі з Украінай?
7:30 Чаму беларускую армію не паслалі на вайну?
10:16 Калі Расея аслабее, ці зможа яна ўтрымаць Беларусь у сваёй арбіце?
13:39 Якая імавернасьць распаду Расеі?
19:04 Цяперашнія рэпрэсіі ў Беларусі – рэакцыя, якая зацягнулася, ці новая якасьць палітычнай сыстэмы?
23:50 Навальны загінуў, а Бабарыка – на волі. Лукашэнка дабрэйшы за Пуціна?
26:35 Ці ёсьць «адліга» перадумовай грамадзкага пад'ёму?
— Аляксей Навальны загінуў, вельмі імаверна, што яго забілі. Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі вызваленыя, хоць і выправаджаныя з краіны. Лукашэнка дабрэйшы за Пуціна?
— Ён больш вынаходлівы. Ён больш вынаходлівы, таму што гэта ўвогуле два розныя палітычныя тыпы. Ваш кіраўнік — выжывальнік, а наш — прызначэнец. Лукашэнка — адзін зь вельмі нямногіх прыкладаў на постсавецкай прасторы, калі контрэліта стала элітай. Ён не былы першы сакратар ЦК, які сам сябе абраў прэзыдэнтам, як пераважная большасьць лідэраў постсавецкіх краінаў. Ён апазыцыянэр, які выйграў выбары.
І выжыў і выжывае ўжо больш за 30 гадоў. Прычым выжывае ў даволі няпростых умовах, седзячы ў краіне без рэсурсаў, небагатай, невялікай і заціснутай паміж двума вялізнымі і магутнымі палітычнымі суб’ектамі — Эўразьвязам і Расейскай Фэдэрацыяй. Я не хачу яго рэклямаваць як выбітнага палітычнага дзеяча нашага часу, таму што ён шмат у чым складае няшчасьце ўласнага народа. Але нешта характэрнае ў ім ёсьць.
А наш — прызначэнец, ён чыноўнік, якога прызначылі, сказалі: «Ты зараз прэзыдэнтам у нас будзеш». Ён урос у той фатэль, у які яго пасадзілі, і паступова пачаў прысвойваць сабе службовыя алоўкі, гадзіньнікі і чарніліцу, якія яму выдалі ў канцылярыі. Вось ягоны спосаб палітычнага існаваньня.
А ваш нашмат хітрэйшы, больш спрытны і вынаходлівы. Паглядзіце нават, як наладжваюцца адносіны Беларусі з амэрыканскім спэцпрадстаўніком і Расеі з амэрыканскімі спэцпрадстаўнікамі. Хаця мне падаецца, што Беларусі дастаўся і больш талковы спэцпрадстаўнік, чым Расеі.
Эмісары, якія езьдзяць у Расею — Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнэр — гэта нейкае гора суцэльнае, прычым і для вялікага народу Амэрыкі, і для няшчаснага народу Расейскай Фэдэрацыі. А Джон Коўл — значна больш талковы. І паглядзіце, якая рэзультатыўнасьць. Людзей на калій і самалёты мяняюць, гандаль ідзе з вялікім посьпехам, з найвялікшай нормай прыбытку.
Гэта любата, пры ўсёй амаральнасьці гэтага відовішча. Палітычна гэта вельмі хітра.
«Палітыка зь Юрыем Дракахрустам»
Разам з гасьцямі палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст спрабуе зразумець сэнсы таго, што адбываецца ў беларускай і сусьветнай палітыцы, прааналізаваць тэндэнцыі, якія хаваюцца за інфармацыйным шумам, заглянуць у невядомую будучыню.
Глядзіце новыя выпускі на YouTube-канале Свабода Premium штотыдзень.
Форум