Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ў Эўропе расчараваў Трампа і пры чым тут Лукашэнка? Адказвае амэрыканістка Аляксандра Філіпенка

Аляксандра Філіпенка, Дональд Трамп, Аляксандар Лукашэнка, Віктар Орбан, Юры Дракахруст, каляж
Аляксандра Філіпенка, Дональд Трамп, Аляксандар Лукашэнка, Віктар Орбан, Юры Дракахруст, каляж

Што азначаюць вынікі выбараў у Вугоршчыне для Эўропы і для ЗША? Хто перамог у вайне ў Іране? Ці будзе Вашынгтон ціснуць на Вільню, каб адкрыць транзыт беларускіх угнаеньняў праз Клайпеду?

На гэтыя пытаньні ў праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» на канале Свабода Premium адказвае амэрыканістка Аляксандра Філіпенка.

00:00 Галоўныя тэмы выпуску
01:25 Як амэрыканская падтрымка зьнізіла рэйтынг Орбана
02:53 Ці адыходзяць ЗША ад Эўропы
07:12 Хто перамагае ў вайне ў Іране
12:40 Плян Трампа: што далей
16:33 Беларусь і санкцыі ЗША: ці ёсьць «падзел роляў» з ЭЗ
20:19 Калійныя ўгнаеньні зь Беларусі: ці даціснуць ЗША Вільню
26:28 Лёс амэрыканскага ядзернага парасона

—Апазыцыя на вугорскіх выбарах атрымала аглушальную перамогу. Напярэдадні выбараў амэрыканская адміністрацыя аказвала беспрэцэдэнтную падтрымку прэм’еру Віктару Орбану. Гэта і шматлікія заявы Дональда Трампа, і візыт віцэ-прэзыдэнта Джэй Дзі Вэнса. Журналісты пасьля выбараў зьвярнуліся да Трампа, папрасілі пракамэнтаваць выбары ў Вугоршчыне. Ён проста адвярнуўся. На ваш погляд, як у Вашынгтоне ацэньваюць заднім лікам плён сваёй палітыкі ў дачыненьні да вугорскіх выбараў?

— Гучней за ўсё кажуць апытаньні грамадзкай думкі. Усе апытаньні паказалі, што візыт Вэнса зьнізіў падтрымку Орбана. Мяркуючы па ўсім, такі ж эфэкт мелі і абяцаньні Трампа «зрабіць Вугоршчыну ізноў вялікай». Трамп падышоў да выбараў у Вугоршчыны выключна з амэрыканскага пункту гледжаньня. Надзвычайна высокая яўка на выбарах гаворыць аб тым, што зьнешняе ўзьдзеяньне не спадабалася выбаршчыкам. Так што Вашынгтон пераацаніў свае магчымасьці.

— А можа быць, як ні парадаксальна, Трампа такі вынік выбараў па вялікім рахунку задавальняе?

—Магчыма. Магчыма, Трамп атрасае з ног прах Эўропы і канчаткова сыходзіць з эўрапейскага кантынэнту. Тут можна ўзгадаць ягоныя заявы аб тым, што трэба вывесьці амэрыканскія войскі з тых краін, якія не падтрымалі амэрыканскую ваенную апэрацыю ў Іране. Згодна з паведамленьнямі Wall Street Journal вывесьці амэрыканскія войскі мяркуецца з Гішпаніі і Нямеччыны, пры гэтым мяркуецца іх перадысьлякацыя ў Румынію, Літву, Польшчу і Грэцыю.

Магчыма, што параза Орбана прымусіць амэрыканскую адміністрацыю сапраўды менш займацца Эўропай. Трамп ужо абвясьціў, што Заходняе паўшарʼе — гэта амэрыканскае паўшарʼе, а Эўропа — гэта вечна ваюючая Эўропа, як Эўропу называлі ў ЗША ў XVIII — XIX стагодзьдзях. Не выключана, што выбары ў Вугоршчыне проста ўмацавалі гэтую пазыцыю Белага дому.

— Эўропа, так бы мовіць, не апраўдала даверу Трампа?

—Можна і так сказаць — не апраўдала чаканьняў. Орбан бачыўся як палітык, які даўно ва ўладзе, які мае падтрымку. І ён успрымаўся як іншы ідэалягічны полюс Эўропы — ідэалягічная супрацьвага Брусэлю. І інструмэнт узьдзеяньня на рашэньні ЭЗ. Орбан мог выйсьці падчас галасаваньня піць гарбату, і галасаваньне праходзіла без яго ўдзелу. А мог і ня піць гарбату і заблякаваць тое ці іншае рашэньне. Пакуль не да канца зразумела, наколькі апазыцыя, якая зараз стала ўладай, будзе гатовая дзейнічаць абсалютна ў разрэз з палітыкай Віктара Орбана.

—Як вы можаце ахарактарызаваць цяперашнюю фазу вайны ў Іране? Былі пагрозы Трампа — я зьнішчу пэрсыдзкую цывілізацыю. Потым пачаліся перамовы, прайшлі прамыя перамовы ў Ісламабадзе. Цяпер Трамп заявіў, што заблякуе Армускую пратоку. Дык быццам і іранцы яе блякуюць. З трэцяга боку — баявыя дзеяньні быццам пакуль не аднавіліся. Пытаньне прафана — дык хто выйграў? І ўвогуле, як сытуацыя будзе разьвівацца далей?

—Вельмі цяжка сказаць, хто выйграў. У кароткатэрміновай пэрспэктыве, здаецца, што Масква атрымала прыбытак, дадатковы прыбытак у сувязі з ростам цэнаў на нафту, але ў сувязі з пасьпяховымі атакамі ЎСУ на розныя нафтаперапрацоўчыя заводы ў Расеі, Расея не змагла ў поўнай меры скарыстацца гэтымі высокімі цэнамі. Цяпер цэны зьнізіліся пасьля абвяшчэньня аб заканчэньні «Эпічнай лютасьці». Трамп дамогся палітычнага і ваеннага аслабленьня Ірана, але не да той ступені, каб адбылася зьмена рэжыму, і не да той ступені, каб Іран адмовіўся ад тых лёзунгаў, якія мы чулі з 1979 года, а менавіта: сьмерць Амэрыцы (вялікаму дʼяблу) і сьмерць Ізраілю (малому дʼяблу).

Але перамовы, якія доўжыліся 21 гадзіну ў Ісламабадзе, кажуць пра тое, што ёсьць невялікі адыход ад палітыкі Алі Хамэнэі. Алі Хамэнэі — былы рахбар Ірану— выразна казаў пра тое, што не можа быць ніякіх прамых перамоваў з «вялікім дʼяблам». Ну і з «малым дʼяблам», зразумела, таксама, на думку кіраўнікоў Ірана Ізраіль проста не мае права на існаваньне.

А зараз у Ісламабад прыехала вялізная дэлегацыя з Тэгерана. Акрамя самой перамоўнай групы яшчэ каля 70 чалавек прыехалі, у тым ліку прадстаўнікі фінансавых інстытутаў.

Гэта значыць, навідавоку гатоўнасьць да перамоваў, сурʼёзныя адносіны да гэтых перамоваў. Калі ў пэрыяд адміністрацыі Абамы былі перамовы па ядзернай угодзе, калі Белы дом быў максымальна добразычлівы да Тэгерана, нават тады прамых перамоваў не было, толькі праз пасрэднікаў. Цяпер сытуацыя крыху іншая.

Цяпер няма дамоўленасьці, але перамовы не абвешчаныя праваленымі. Цяпер Трамп кажа аб тым, што ён, вядома ж, пераможца. І Іран аслаблены, Іран адышоў ад сваіх прынцыпаў часоў Алі Хамэнэі.

З іншага боку, Іран выдужаў, рэжым выдужаў. Таму ён таксама лічыць сябе пераможцам. Важна адзначыць, што вайсковыя магчымасьці Ірана хоць і прыкметна пацярпелі, але не зьніклі. І мы ўбачылі, што яны маюць ракеты далёкасьцю 4000 кілямэтраў.

—А які плян у Трампа цяпер? Задушыць Іран блякадай, усё ж перайсьці да сцэнара зьнішчэньня цывілізацыі ці проста сказаць — мы іх правучылі? І пайсьці.

—Магчыма, што так і будзе. Будзе сказана, што мы іх правучылі, і абвешчана аб перамозе. Гэта быў бы самы натуральны ход для Трампа, вельмі ў яго стылі. Высокія цэны на нафту і адпаведна высокія цэны на бэнзін у ЗША прымушаюць Трампа наогул спыніць гэтую апэрацыю. Амэрыканцы незадаволеныя гэтай ваеннай апэрацыяй, 70% у апытаньнях казалі, што не разумеюць, што ЗША робяць у Іране. Гэта амэрыканцам не падабаецца. Плюс высокія цэны на бэнзін.

Мне здаецца, зараз разьлік на менавіта эканамічнае ўдушэньне Ірана. І ня толькі яго, але і Кітая. Кітай вельмі залежыць ад транзыту праз Армускую пратоку. Паўгода таму кітаісты зьвярталі ўвагу на тое, што Пэкін чамусьці закупляе вельмі шмат нафты і запаўняе ёй літаральна ўсе сховішчы. Магчыма Сі Дзіньпін нешта прадбачыў. Або ведаў.

Пакуль Кітай менш пакутуе, чым Эўропа ці іншыя краіны Пэрсыдзкай затокі. І Кітай — гэта тая краіна, якая можа націснуць на Тэгеран для спыненьня блякады Армускай пратокі. І мне ўяўляецца, што зараз стаўка Трампа менавіта на гэта — каб у выніку з трыюмфам прыехаць на сустрэчу з Сі, якая пакуль яшчэ заплянавана на травень. Трамп хоча выглядаць на гэтай сустрэчы як сапраўдны пераможца, і паказаць, што Кітай залежны ад шляхоў, ад якіх ЗША залежаць значна менш. Так што, здаецца, зараз галоўная мэта — эканамічная. Ну і зусім не зьнішчэньне цывілізацыі. За гэтую фармулёўку Трампа крытыкавалі з усіх бакоў — і ня толькі дэмакраты, але і пераважная большасьць рэспубліканцаў.

«Палітыка зь Юрыем Дракахрустам»

Разам з гасьцямі палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст спрабуе зразумець сэнсы таго, што адбываецца ў беларускай і сусьветнай палітыцы, прааналізаваць тэндэнцыі, якія хаваюцца за інфармацыйным шумам, заглянуць у невядомую будучыню.

Глядзіце новыя выпускі на YouTube-канале Свабода Premium штотыдзень.


  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода.

    Кандыдат фізыка-матэматычных навук. Аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009), «Сем худых гадоў» (2014), «Неверагодны 2020-ы» (2021).

    На Свабодзе — ад 1991 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG