62-гадовы прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан, які выступаў супраць намаганьняў Эўразьвязу дапамагчы Ўкраіне супрацьстаяць расейскай агрэсіі, страціў уладу пасьля 16 гадоў кіраваньня, паведамляе Reuters . У нядзелю на парлямэнцкіх выбарах у Вугоршчыне выбарнікі рэкорднай колькасьцю галасоў падтрымалі праэўрапейскі курс ягонага правацэнтрысцкага суперніка 45-гадовага Пэтэра Мадзяра.
Пасьля падліку больш як 97 адсоткаў бюлетэняў правацэнтрысцкая і праэўрапейская партыя Мадзяра «Тыса» заваёўвае 138 месцаў і канстытуцыйную большасьць у 199-мясцовым парлямэнце Вугоршчыны. Кіроўная партыя Орбана «Фідэс» атрымлівае 55 месцаў. Яўка на выбарах дасягнула рэкордных 77,8 працэнта на 18:30 12 красавіка.
62-гадовы Орбан меў падтрымку прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і шэрагу вядучых эўрапейскіх кансэрватараў. Аднак першыя вынікі парлямэнцкіх выбараў паказалі, што яго нацыяналістычная партыя «Фідэс» саступае праэўрапейскай партыі «Тыса» на чале з Мадзярам ва ўмовах эканамічнай стагнацыі ў краіне.
«Вынікі выбараў, хоць і не канчатковыя, ясныя і зразумелыя; для нас яны балючыя, але адназначныя», — заявіў 62-гадовы Орбан журналістам у нядзелю.
«Нам не даверылі адказнасць і магчымасць кіраваць. Я павіншаваў партыю-пераможцу», — сказаў ён.
«Але як бы ні склалася, мы і надалей будзем служыць нашай краіне і вугорскаму народу з апазыцыі».
Ад антыкамуніста да «нелібэральнай дэмакратыі»
У часы халоднай вайны Орбан быў палымяным антыкамуністычным моладзевым лідэрам. Як кіраўнік дзяржавы Эўразьвязу з найдаўжэйшым стажам, для сваіх прыхільнікаў ён застаецца патрыятычнай постацьцю. Крытыкі ж унутры краіны і за яе межамі абвінавачваюць яго ў тым, што ён павёў Вугоршчыну аўтарытарным шляхам.
Орбан нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы на захад ад Будапэшту. Атрымаў юрыдычную адукацыю, пэўны час вывучаў палітычную філязофію ў Оксфардзе і нават гуляў у паўпрафэсійны футбол, перш чым у 1998 годзе ў 35 гадоў упершыню стаць прэм’ер-міністрам Вугоршчыны.
За Орбанам краіна далучылася да NATO, але ў 2002 годзе ён страціў уладу. Пасьля васьмі гадоў у апазыцыі Орбан атрымаў пераканаўчую перамогу ў 2010 годзе, што дазволіла яму перапісаць канстытуцыю і прыняць ключавыя законы, накіраваныя на стварэньне «нелібэральнай дэмакратыі».
Канцэнтрацыя выканаўчай улады, абмежаваньні дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў і свабоды мэдыя, а таксама аслабленьне незалежнасьці судоў прывялі да канфліктаў з Эўразьвязам вакол дэмакратычных стандартаў. У выніку Брусэль прыпыніў вылучэньне Вугоршчыне мільярдаў эўра фінансаваньня.
«Побач з Трампам»
Падчас міграцыйнага крызісу 2015 году Орбан пазыцыянаваў сябе як абаронца нацыянальнай ідэнтычнасьці і хрысьціянскай спадчыны Вугоршчыны, адмаўляючыся прымаць квоты Эўразьвязу на прыём уцекачоў, пераважна мусульманаў з Блізкага Ўсходу і іншых рэгіёнаў. Яго ўрад паступова абмяжоўваў правы ЛГБТК+.
Жорсткая пазыцыя ў пытаньні міграцыі і палітыка павышэньня нараджальнасьці прынесьлі яму падтрымку ад іншых кансэрватыўных лідэраў, у тым ліку Трампа.
Орбан, які перамог на выбарах у 2014, 2018 і 2022 гадах, гэтым разам меў падтрымку прэм’ер-міністаркі Італіі Джорджы Мэлёні, Марын Лё Пэн з францускага «Нацыянальнага аб’яднаньня» і Аліс Вайдэль з «Альтэрнатывы для Нямеччыны».
Трамп таксама падтрымліваў Орбана, адзначаючы, што адносіны паміж ЗША і Вугоршчынай «дасягнулі новага ўзроўню» дзякуючы іх кіраўніцтву пасьля гадоў напружанасьці пры дэмакратычных адміністрацыях у Вашынгтоне.
Орбан падтрымліваў цесныя сувязі з Расеяй як ключавым пастаўніком энэргіі і з Кітаем, чые кампаніі будуюць буйныя заводы электрамабіляў і акумулятараў у Вугоршчыне.
«Бясьпечны выбар»
Орбан спрабаваў паказваць цяперашнюю кампанію як выбар паміж «вайной і мірам», заяўляючы, што партыя «Тыса» хоча ўцягнуць Вугоршчыну ў вайну ва Ўкраіне, але ягоныя апанэнты гэта рашуча адмаўляюць.
«„Фідэс“ — бясьпечны выбар дзеля міру», — казаў Орбан падчас перадвыбарчай кампаніі ў лютым. Ён ня раз канфліктаваў з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і выклікаў абурэньне партнэраў у Эўразьвязе, блякуючы пакет дапамогі Кіеву на 90 мільярдаў эўра.
Аднак апытаньні паказалі, што выбарнікаў больш турбуюць унутраныя праблемы, такія як ахова здароўя і эканоміка, якая ў стагнацыі ўжо тры гады.
Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Вугоршчына перажыла найгоршы ў Эўразьвязе ўсплёск інфляцыі: цэны на прадукты наблізіліся да сярэдніх па ЭЗ, у той час як заробкі застаюцца на трэцім месцы зьнізу сярод 27 краін.
Нягледзячы на шчодрую палітыку падтрыманьня сямейных каштоўнасьцяў, уключна з таннымі крэдытамі і падатковымі ільготамі, Орбан, як выглядае, страціў падтрымку маладога пакаленьня.
Перад выбарамі апытаньні паказвалі, што асабліва прагнуць зьменаў маладыя выбарнікі. Орбан чаргаваў спробы прывабіць іх і крытыку іхнае пазыцыі як «фальшывага бунту».
«Я ведаю, што маладыя людзі любяць пярэчыць бацькам, і гэта можа ствараць палітычныя праблемы», — казаў Орбан, бацька пяцёх дзяцей і дзед.
Нягледзячы на актыўную перадвыбарчую кампанію, шматлікія выступы і актыўнасьць у сацыяльных сетках, у канцы мінулага году ён прызнаў, што доўгі час ва ўладзе даецца ў знакі.
«Калі я быў салдатам, нам казалі: салдат ня можа мерзнуць, ён толькі адчувае холад», — сказаў ён. «Я такі ж. Я не стаміўся. Проста мае сілы ўжо на зыходзе».
Хто такі Пэтэр Мадзяр
Пэтэру Мадзяру было ўсяго дзевяць гадоў, калі ў Вугоршчыне абрынуўся камунізм. Ён узгадвае, што ўпрыгожыў сьцяну дома партрэтам Віктара Орбана. Гэты малады юрыст стаў героем дэмакратычнага руху, калі ў 1989 годзе публічна запатрабаваў вываду з Вугоршчыны савецкіх войскаў.
«Падчас зьмены рэжыму ўзьнік магутны ўздым энэргіі, які захапіў мяне яшчэ дзіцём», — сказаў Мадзяр летась у падкасьце Fokuszcsoport.
Пэтэр Мадзяр апынуўся ў цэнтры ўвагі два гады таму пасьля таго, як ягоная былая жонка, экс-міністарка юстыцыі Вугоршчыны Юдыт Варга, пакінула ўсе палітычныя пасады падчас скандалу з памілаваньнем у справе сэксуальнага гвалту, што выклікала шырокае абурэньне.
Мадзяр хутка дыстанцыяваўся ад кіроўнай партыі, абвінаваціў яе ў карупцыі і распаўсюдзе прапаганды, заявіўшы, што расчараваўся ў «Фідэс».
У чэрвені 2024 году, праз чатыры месяцы пасьля зьяўленьня на палітычнай арэне, новая партыя Мадзяра «Тыса» атрымала 30% галасоў і другое пасьля «Фідэс» месца на выбарах у Эўрапарлямэнт.
На гэтых парлямэнцкіх выбарах Мадзяр часткова выкарыстаў стратэгію Орбана, праводзячы шырокую кампанію «зьнізу», у тым ліку ў сельскіх рэгіёнах, якія традыцыйна падтрымліваюць «Фідэс».
На ягоных мітынгах заўсёды было шмат нацыянальных сьцягоў — апэляцыя да патрыятызму выбарнікаў у стылі Орбана.
Пасьлядоўныя і выразныя пасланьні Мадзяра, а таксама ўмелае выкарыстаньне сацыяльных сетак спрыялі яго хуткаму ўзьлёту, адзначыў старшы дасьледнік Open Society Archives Габар Тока.
«Многіх супакойвае гісторыя чалавека, які незваротна ўступіў у канфлікт з сыстэмай і ўжо ня мае шляху назад», — сказаў Тока, маючы на ўвазе разрыў Мадзяра з Орбанам.
Мадзяр нарадзіўся ў 1981 годзе ў сям’і юрыстаў і таксама атрымаў юрыдычную адукацыю. У 2006 годзе ён ажаніўся зь Юдыт Варгай, і калі кар’ера прывяла яе ў Брусэль, Мадзяр далучыўся да вугорскай дыпляматычнай службы і працаваў над заканадаўствам ЭЗ. Пасьля вяртаньня дамоў ён працаваў у дзяржаўным банку, а затым узначаліў агенцтва студэнцкіх крэдытаў.
Мадзяр і Варга, якія разьвяліся ў 2023 годзе, маюць трох сыноў.
Пэтэр Мадзяр называе сябе рэлігійным чалавекам і кажа, што любіць гатаваць і гуляць у футбол зь сябрамі і сынамі.
У адказ на пытаньне, як яго зьмяніла палітыка, Мадзяр, рэагуючы на паведамленьні СМІ пра ягоны гарачы характар, сказаў у сьнежні: «Цяпер я лічу да дзесяці».
«Мы вярнулі сабе радзіму»
Увечары 12 красавіка дзясяткі тысяч радасных прыхільнікаў партыі «Тыса» віталі вынікі выбараў каля выбарчага штабу партыі на беразе Дунаю ў Будапэшце, піша AFP.
«Мы зрабілі гэта… Разам мы зрынулі рэжым Орбана, — сказаў Пэтэр Мадзяр прыхільнікам. — Мы вызвалілі Вугоршчыну; мы вярнулі сабе радзіму».
Ён заявіў, што адновіць у краіне балянс галінаў улады і сыстэму кантролю за імі. Паводле яго, Вугоршчына мае стаць надзейным хаўрусьнікам Эўразьвязу і NATO. Свой першы замежны візыт палітык зьбіраецца ажыцьцявіць у Польшчу.
Віншаваньні Мадзяру паляцелі з усёй Эўропы.
- «Вугоршчына абрала Эўропу», — напісала ў сетцы X кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.
- Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц заклікаў вугорцаў «аб’яднаць намаганьні дзеля моцнай, бясьпечнай і, перш за ўсё, абʼяднанай Эўропы».
- Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон таксама заявіў: «Разам мы зробім Эўропу больш сувэрэннай».
- «Зноў разам! Слаўная перамога, дарагія сябры!» — напісаў у сетцы X прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск, дадаўшы па-вугорску: «Расейцы, ідзіце дадому!»
- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі павіншаваў Пэтэра Мадзяра і паабяцаў супрацоўнічаць зь ім дзеля ўмацаваньня Эўропы і падтрыманьня міру і бясьпекі. «Важна, калі перамагае канструктыўны падыход», — напісаў Зяленскі ў Telegram.
Абодва лягеры заяўляюць пра замежнае ўмяшаньне ў выбарчую кампанію ў Вугоршчыне.
Форум