Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Параза Орбана ў Вугоршчыне яшчэ больш ізалюе Лукашэнку ў Эўропе, — Карбалевіч

Паплечнікі Пэтэра Мадзяра сьвяткуюць перамогу апазыцыйнай партыі «Тыса» ў парлямэнцкіх выбарах у Вугоршчыне. Будапэшт, 13 красавіка 2026
Паплечнікі Пэтэра Мадзяра сьвяткуюць перамогу апазыцыйнай партыі «Тыса» ў парлямэнцкіх выбарах у Вугоршчыне. Будапэшт, 13 красавіка 2026

Сьцісла

  • Калі галасы лічаць, то апазыцыя можа перамагчы нават пры не зусім дэмакратычнай выбарчай сыстэме.
  • Перамога апазыцыі ў Вугоршчыне ўмацоўвае пазыцыі Эўропы ў падтрымцы Ўкраіны і супрацьстаяньні расейскай агрэсіі.
  • Вынікі выбарчай кампаніі ў Вугоршчыне стануць дадатковым чыньнікам ізаляцыі Беларусі, выпаданьня краіны з рэгіянальных працэсаў.

Пераканаўчая перамога апазыцыі ў Вугоршчыне азначае паразу прарасейскай плыні ў Эўропе. Разьлік афіцыйнага Менску на хуткі прыход да ўлады ў краінах Эўразьвязу правых партый, з дапамогай якіх памянялася б палітыка адносна Беларусі, не спраўджваецца.

Вугорскія электаральныя ўрокі

Кіроўная партыя «Фідэс» на чале зь Віктарам Орбанам, якая 16 гадоў нязьменна знаходзілася пры ўладзе ў Вугоршчыне, прайграла парлямэнцкія выбары. Апазыцыйная партыя «Тыса» заваявала канстытуцыйную большасьць у парлямэнце. Гэта падзея эўрапейскага маштабу, якая ўплывае на шмат якія міжнародныя расклады, будзе мець наступствы і для Беларусі.

Вугорскі досьвед паказвае, што доўгае знаходжаньне ва ўладзе адной партыі і аднаго лідэра, як правіла, не дае нічога добрага нават для дэмакратычных краін.

Манаполія адной партыі і яе аўтарытарнага кіраўніка вядзе да таго, што яны выбудоўваюць палітычную сыстэму пад сябе і свае інтарэсы. У Вугоршчыне Орбан зладзіў канцэнтрацыю выканаўчай улады, стварыў выбарчую сыстэму на сваю карысьць, абмежаваў дзейнасьць няўрадавых арганізацый, свабоду мэдыя, незалежнасьць судоў.

Але, калі ў краіне галасы лічаць, то апазыцыя, мабілізаваўшы свой электарат, можа перамагчы нават пры не зусім дэмакратычнай выбарчай сыстэме. Рэкордная яўка выбаршчыкаў — звыш 79 адсоткаў — пацьвярджае выснову, што народ прыходзіць на выбары, калі зьяўляецца рэальная альтэрнатыва. Такой альтэрнатывай у Вугоршчыне стала партыя «Тыса». Яе лідэр Пэтэр Мадзяр — чалавек з сыстэмы, доўгі час быў паплечнікам Орбана.

Тут можна правесьці паралелі з прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году ў Беларусі. Віктар Бабарыка, які ўвасабляў альтэрнатыву, быў чалавекам сыстэмы, а не прадстаўніком традыцыйнай апазыцыі. У значнай ступені гэты чыньнік стаў трыгерам масавай мабілізацыі электарату, якая далей прывяла да маштабных пратэстаў. Але гэта выснова ня толькі пра мінулае, але, магчыма, і пра недалёкае будучае палітычных працэсаў у Беларусі.

Правы марш затармазіўся

Апошнім часам шмат ідзецца пра рост уплыву правакансэрватыўных палітычных сілаў у краінах Захаду. Найбольш яскравым прыкладам гэтага трэнду стала перамога Дональда Трампа на амэрыканскіх выбарах.

Катастрафічная параза партыі Орбана ў пэўным сэнсе ламае чаканьні Менску

Калі ўважліва сачыць за выказваньнямі Аляксандра Лукашэнкі і беларускіх прапагандыстаў, то яны робяць стаўку на блізкую перамогу правых партый у Эўропе. Маўляў, тады палітыка Эўразьвязу адносна Беларусі памяняецца, эўрапейскія краіны, сьледам за ЗША, пачнуць адмяняць санкцыі. Таму варта проста пачакаць.

Дык вось катастрафічная параза партыі Орбана ў пэўным сэнсе ламае гэтую тэндэнцыю. Хоць ягонага суперніка Мадзяра і нельга разглядаць як прадстаўніка левалібэральнай плыні, усё ж ён умераны кансэрватар, якіх можна ўбачыць у шмат якіх краінах ЭЗ пры ўладзе. І гэта ставіць пад сумнеў стратэгію Масквы і Менску, якія шмат паставілі на перамогу правых у Эўропе.

Міністры замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта і Беларусі Сяргей Алейнік у Менску. 29 траўня 2024
Міністры замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта і Беларусі Сяргей Алейнік у Менску. 29 траўня 2024

Уплыў ЗША і вяртаньне ў Эўропу

Параза Орбана таксама сьведчыць, што існуюць абмежаваньні ўплыву цяперашняй адміністрацыі ЗША на палітычныя працэсы ў Эўропе. Вядома, што каманда Трампа моцна «ўклалася» ў падтрымку кіроўнай партыі Вугоршчыны, але апошняй гэта не дапамагло.

Гэта да таго, што дзяржаўныя мэдыі Беларусі ды і сам Лукашэнка па-іншаму ацэньваюць сытуацыю. Маўляў, калі ЗША моцна націснуць на краіны Эўразьвязу, то яны будуць выконваць настойлівыя парады і падказкі з Вашынгтону. Вось, напрыклад, калі Злучаныя Штаты націснуць на Літву, то яна адчыніць свой порт для беларускага калію. Выпадак з Вугоршчынай паказаў, што такая лінейная лёгіка не працуе.

Новы лідэр Вугоршчыны Пэтэр Мадзяр аб’явіў, што ягоная краіна не толькі «вяртаецца ў Эўропу», але плянуе аднавіць і ўмацаваць (і, па магчымасьці, пашырыць) супрацоўніцтва ў рамках «Вышаградзкай чацьвёркі». Таму першай паездкай новага прэм’ера мусіць стаць візыт у Польшчу.

Гэта значыць, што вынікам вугорскіх выбараў стане павялічэньне міжнароднай вагі, суб’ектнасьці Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Гэта важна на тле таго, што апошнім часам назіраецца тэндэнцыя, калі вялікія дзяржавы імкнуцца навязаць сваю волю меншым краінам, выкарыстоўваючы гвалт.

Таму, тое, што суседзі Беларусі змогуць гаварыць адным голасам, рэанімуюць рэгіянальныя інстытуцыі («Вышаградзкая чацьвёрка», «Люблінскі трыкутнік»), стане дадатковым чыньнікам беларускай ізаляцыі, выпаданьне краіны з рэгіянальных працэсаў.

Беларусь-Вугоршчына: ці варта чакаць перамен?

Перамога апазыцыі ў Вугоршчыне ўмацоўвае пазыцыі Эўропы ў падтрымцы Ўкраіны і супрацьстаяньні расейскай агрэсіі. Бо Орбан блякаваў выдзяленьне фінансавай дапамогі ЭЗ Кіеву, выступаў супраць уступленьня Ўкраіны ў Эўразьвяз. Фактычна зь ягонай дапамогаю Расея імкнулася раскалоць Эўропу.

Урад Орбана падтрымліваў цесныя адносіны ня толькі з Расеяй, але і з Беларусьсю. Будапэшт тарпэдаваў агульную палітычную лінію ЭЗ на ізаляцыю рэжыму Лукашэнкі. Толькі Вугоршчына і Славакія маюць сваіх амбасадараў у Менску. Вугорскі міністар замежных спраў Пэтэр Сіярта кожны год наведваў беларускую сталіцу (часам па некалькі разоў). Сам Віктар Орбан зьдзейсьніў візыт у Беларусь у 2020 годзе. Але аб’ём гандлю паміж краінамі невялікі, складае апошнім часам прыкладна 100-150 млн даляраў у год.

Лукашэнка называў Орбана «добрым сябрам» і «таварышам». Тым часам, фраза новага лідэра Вугоршчыны Мадзяра «Таварышы, канец!», адрасаваная прарасейскаму ўраду Орбана, стала адным з слоганаў выбарчай кампаніі апазыцыі. І гэта сымбалічна.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG