Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму балівійцы перамаглі, а беларусы — не? Навука з пратэстаў

Пратэст у Балівіі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, 10 лістапада 2019
Пратэст у Балівіі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, 10 лістапада 2019

Прафэсарка ўнівэрсытэту Паўднёвай Флорыды, дасьледніца аўтарытарызмаў Тацяна Кулакевіч ў праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» параўноўвае балівійскія пратэсты 2019 году і беларускія пратэсты 2020 году, аналізуючы прычыны посьпеху адных і няўдачы другіх.

Паводле Кулакевіч, як у Балівіі ў 2019-м, гэтак і ў Беларусі ў 2020 годзе апазыцыя ня мела выразнага пляну будучыні (эканамічнага ці палітычнага). Аб’ядноўвала толькі адмоўнае пасланьне — «Маралес аўтакрат» / «Мы супраць Лукашэнкі». Дасьледніца падкрэсьлівае, што брак пазытыўнай праграмы ня ёсьць вызначальным фактарам для перамогі пратэстаў.

Галоўная розьніца — ня ў якасьці лідэраў, а ў тым, што ў Балівіі пратэст прывёў да расколу ўнутры рэжыму. Спачатку паліцыя адмовілася выконваць загады, потым армія заявіла, што не падтрымлівае Маралеса. У Беларусі падобны працэс пачаўся ў першыя два тыдні пасьля выбараў, але хутка спыніўся.

Масавыя пратэсты пачынаюцца з эмоцыяў і сымбалічных лідэраў, але для ўстойлівасьці патрэбныя арганізацыйныя структуры («бюракратызацыя пратэсту»). Кулакевіч спасылаецца на досьвед польскай «Салідарнасьці», якая стварыла свае структуры і дзейнічала нават у падпольлі падчас ваеннага становішча. Яна прыводзіць словы аднаго зь лідэраў польскага пратэсту: «Мы павінны не разбураць партыйныя камітэты, а ствараць свае».

У Беларусі такія структуры былі створаныя (Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада), але яны дзейнічаюць за межамі краіны, што значна аслабляе іх эфэктыўнасьць. Для посьпеху структуры мусяць працаваць унутры Беларусі.

Пратэст перамагае тады, калі выклікае раскол у сілавых структурах і ва ўладзе. Калі ўлада застаецца моцнай і згуртаванай (нават пры вялікай колькасьці людзей на вуліцах), пратэст прайграе.

На пытаньне, чаму ў Беларусі сілавікі, асабліва старшыя афіцэры, засталіся вернымі рэжыму, а ў Балівіі — не, Кулакевіч адказала, што ў Балівіі былі напружаныя адносіны паміж войскам і паліцыяй. Сілавікі там былі незадаволеныя сваім становішчам. А ў разгар пратэстаў да гэтага дадалася і няўпэўненасьць у стабільнасьці ўлады.

У Беларусі 2020 году, паводле Кулакевіч, такая незадаволенасьць была нізкай, а няўпэўненасьць — кароткачасовай (толькі першыя два тыдні).

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG