Жывую трансьляцыю з фэсту, казаньня Фрэнкліна Грэма і агульнай малітвы не вялі нават на адмысловых інфармацыйных рэсурсах фэсту.
Як паведаміў Telegram-канал «Фэстывалю надзеі», у генэральнай рэпэтыцыі 15 траўня ўзялі ўдзел больш за 7,5 тысяч чалавек. «Чыжоўка-арэна» можа разьмясьціць на трыбунах амаль 9 тысяч чалавек.
У фэсьце бралі ўдзел хор «Голас надзеі», аб’яднаны сымфанічны аркестар, салісты, групы і выканаўцы.
У Telegram-канале назвалі казаньне Фрэнкліна Грэма момантам ісьціны і кульмінацыяй, дзеля якой усе сабраліся. «Прама тут і зараз гучаць словы аб самым важным — аб міры і той надзеі, якую немагчыма забраць. [...] Кожнае слова — у самае сэрца. Мы бачым тысячы вачэй, напоўненых сьвятлом. Бог зьвяртаецца да Беларусі сёньня», — адзначылі ў паведамленьні.
За некалькі гадзін да пачатку мерапрыемства Фрэнклін Грэм на сваёй старонцы на плятформе Х заклікаў усіх вернікаў з розных краін дыстанцыйна далучыцца да малітвы ў Беларусі, каб «у кожным куточку Беларусі пачулі добрую вестку пра тое, што Бог любіць іх і што яны могуць мець асабістую сувязь зь ім праз ягонага сына Ісуса Хрыста».
Фрэнклін Грэм таксама прызнаўся, што пры ўезьдзе ў Беларусь яго ўразілі «прыгажосьць сельскай мясцовасьці і ўзгорыстых, багатых ворных земляў».
«Менск такі чысты і прыгожы горад. Усе былі такія ветлівыя, і для мяне было вялікай прывілеяй сустрэцца сёньня з многімі лідэрамі цэркваў», — адзначыў ён.
Ён паведаміў, што будзе на фэсьце цягам двух дзён.
Пазьней Telegram-канал «Хрысціянская візія» паведаміў, што Фрэнклін Грэм заклікаў вернікаў памаліцца за Аляксандра Лукашэнку, Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа.
«Мы мусім маліцца за кіраўніцтва. Я сказаў вашаму прэзыдэнту ўчора, я сказаў прэзыдэнту Лукашэнку, што сёньня ўвечары мы ўсе ўстанем... І я папрашу вас усіх устаць... І я хачу, каб вы ўсе ўсталі і вымавілі малітву за свайго прэзыдэнта, за ўсіх, хто кіруе, калі вы прыехалі сюды з Расеі — маліцеся за прэзыдэнта Пуціна, тых, хто стаіць ва ўладзе; а я памалюся за свайго прэзыдэнта — прэзыдэнта Трампа. Біблія кажа нам маліцца за тых, хто знаходзіцца ва ўладзе. Таму, што мы зараз зробім — памолімся гучна, а празь некалькі хвілін я завяршу гэта сваёй малітвай», — працытавалі словы Фрэнкліна Грэма.
Што папярэднічала
Падзею такога маштабу беларускім пратэстантам дазволілі ўпершыню за дзесяцігодзьдзі. Фэстываль можа сабраць да дзесяці тысяч чалавек.
Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра перадумовы атрыманьня дазволу на правядзеньне грандыёзнага пратэстанцкага фэсту ў Менску, спэцспасланьнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл паведаміў: «Я толькі спытаў у Лукашэнкі, ці можа Фрэнклін [Грэм] прыехаць і прапаведаваць. Ён сказаў „так“».
15 траўня Фрэнклін Грэм сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату мітрапалітам Веньямінам (Тупекам).
Чаму гэта важна
Паводле афіцыйнай інфармацыі, якую агучыў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з Фрэнклінам Грэмі, у Беларусі 850 пратэстанцкіх грамадаў, 20 місіяў і 5 навучальных установаў. На пачатку 2024 году ў Беларусі былі зарэгістраваныя 1038 пратэстанцкіх грамадаў. То бок абавязковую перарэгістрацыю рэлігійных супольнасьцяў, якая скончылася ў 2025 годзе, не перажылі амаль дзьве сотні пратэстанцкіх суполак.
Пасьля задушэньня агульнанацыянальных пратэстаў 2020 году ўлады Беларусі ўзялі рэлігійныя супольнасьці пад жорсткі кантроль.
Згодна з інфармацыяй міжканфэсійнай групы «Хрысьціянская візія», з 2020 году больш за 90 беларускіх сьвятароў розных хрысьціянскіх канфэсіяў пацярпелі ад рэпрэсіяў.
Форум